Тэатральны форум «М.@rt.кантакт» пройдзе ў Магілёве ў ранейшым фармаце. Аднак ёсць нюанс

Культура

З 20 па 27 сакавіка на некалькіх тэатральных пляцоўках Магілёва адбудзецца 16-ты Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.кантакт».

«Нягледзячы на палітычныя разлады, нам у чарговы раз удалося сабраць на адной пляцоўцы маладзёжнага форуму розныя тэатры, калектывы і спектаклі, – адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка на прэс-канферэнцыі. — Мы разумеем, што ў першую чаргу павінны фарміраваць сацыякультурную прастору, якая будзе наладжваць усіх на пазітыў. Сёлета для аргкамітэта самым галоўным было вярнуць фестывалю традыцыйныя формы — конкурсны складнік, маладзёжнае журы, абмеркаванне спектакляў, чыткі і майстар-класы. Магілёўская тэатральная пляцоўка — унікальная, яна дазваляе маладым рэжысёрам, акцёрам і драматургам мець кантакты, выказваць свае меркаванні і абменьвацца вопытам. Гэта пэўны паказчык таго, што мастацтва аб’ядноўвае».

«М.@rt.кантакт» адкрыецца паказам музычнай драмы «Карэніна» па матывах рамана Льва Талстога ад тэатральнага праекта «ТриТформаТ» сумесна з прэзідэнцкім аркестрам Беларусі. У той жа дзень пройдзе аўтарскі монаспектакль Паўла Усовіча «Я — лепшы!». Таксама ў беларускай програме Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі пакажа музычна-пластычную працу Яўгена Карняга «Пачупкі». Магілёўскі абласны тэатр — «Магілу льва». Гродзенскі абласны тэатр лялек-спектакль «Локіс» рэжысёра Сяргея Кавалёва, Мінскі тэатр-студыя кінаакцёра — камедыю «Мікітаў лапаць» па творы Міхася Чарота.

Усяго ў конкурсную праграму з 20 па 27 сакавіка ўвайшлі 19 спектакляў з 4 краін: Беларусі, Расіі, Балгарыі і Казахстана.

Тэатральны форум «М.@rt.кантакт» пройдзе ў Магілёве ў ранейшым фармаце. Аднак ёсць нюанс

У 2021 годзе форум прайшоў у значна ўсечанай форме — у выглядзе тэатральнага тыдня «М.@rt.кантакт» з гастролямі толькі беларускіх тэатраў. Афіцыйная прычына зменаў — ковід, аднак насамрэч прэстыжны тэатральны форум пазбавіўся свайго кіраўніка. У канцы 2020 года з нязменным арганізатарам мерапрыемства і дырэктарам  Магілёўскага драматычнага тэатра Андрэем Новікавым разарвалі кантракт фактычна за тое, што ён не звольніў сваіх падначаленых за ўдзел у пратэстах.

Калі ў 2019 годзе на «М.@rt.кантакт» прыехалі 23 тэатры і незалежныя тэатральныя калектывы з дзесяці краін, то цяпер колькасць удзельнікаў скарацілася да прадстаўнікоў чатырох краін. Форум больш не выглядае такім уплывовым і прэстыжным, якім быў у мінулыя гады, хоць арганізатары і запэўніваюць, што квіткі на лепшыя спектаклі ўжо раскупілі.

«М.@rt.контакт» распачаў сваю гісторыю ў 2006 годзе з ініцыятывы Андрэя Новікава і галоўнага рэжысёра Магілёўскага драмтэатра Уладзіміра Пятровіча і больш за паўтара дзесяцігоддзя заставаўся па сутнасці адзіным праектам па падтрымцы тэатральнай моладзі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: