Таня Арцімовіч на Pradmova пра 2020 год: «Заставацца з надзеяй — гэта вельмі палітычны канцэпт»
Reform.news · 15 ноября 2026, 18:40
https://reform.news/tanja-arcimovich-na-pradmova-pra-2020-god-zastavacca-z-nadzejaj-gjeta-velmi-palitychny-kancjept/На фестывалі інтэлектуальнай кнігі Pradmova, які зараз ідзе ў Варшаве, адной з галоўных сэнсавых ліній стала размова пра надзею — не як пра наіўны аптымізм, а як пра свядомае дзеянне. Прэзентацыя кнігі даследчыцы і куратаркі Тані Арцімовіч «Маніфест гародніцы» нечакана і дакладна «зарыфмавалася» з дыскусіяй вакол беларускага перакладу філосафа Бён-Чхоль Хана «Дух надзеі. Супраць грамадства страху».
«Маніфест гародніцы», апублікаваны жаночым выдавецтвам «Пфляўмбаўм» — гэта літаратурна-культуралагічнае эсэ пра жанчыну, жыццё якой пасля 2020 года апынулася на разломе і якая вымушана перазбіраць сябе нанова. Замест таго каб бяздзейна чакаць лепшай будучыні, гераіня вырашае гадаваць уласны сад «на ўскрайку свету і гісторыі». Звяртаючыся да сваіх каранёў, аўтарка шукае адказ на пытанне, як можа выглядаць радыкальна іншае грамадства — без сацыяльнага дамінавання, няроўнасці і эксплуатацыі іншых жывых істот і рэсурсаў. У гэтым «садзе на ўскрайку» мабілізаванае «я» пярэчыць расплывістаму «мы» і бярэ на сябе асабістую адказнасць за свет, які даглядае.
На сустрэчы ішла гаворка пра метафару саду, як пра адносіны «я» і сваім атачэннем у гарызантальнай сістэме, прывілей гаварыць, веру як «палітычную і радыкальную катэгорыю», патэнцыял уяўлення.
Пасля прэзентацыі Reform.news спытаў у Тані Арцімовіч пра тое, што можа лічыцца перамогай на доўгай гістарычнай дыстанцыі.
— Таццяна, на прэзентацыі вы агучылі тэзіс пра «перамогу моцных» — пра тое, што пасля 2020 года мы чакаем убачыць менавіта яе. Але вы разбіваеце гэты канцэпт і прапануеце іншы. Якой тады можа быць перамога?
— Па-першае, казала не пра «мы» — з гэтага трэба заўсёды пачынаць. Што «я» чакаю, якой «я» бачу гэтую перамогу. Альбо можа, нават зусім варта адмовіцца ад гэтых паняткаў — «перамога» і «параза». Так, вельмі шмат хто сёння кажа пра паразу 2020-га. Але калі мы на індывідуальным узроўні запытаемся: а што «я», як «я» выйшаў альбо выйшла з гэтай сітуацыі? Ці захавалася «я» як асоба з каштоўнасцямі, з верай, з надзеяй — якая, на маю думку, з’яўляецца вельмі палітычным канцэптам, бо заставацца з надзеяй у нашыя часы вельмі складана, і не толькі ў беларускім гістарычным кантэксце.
Для мяне важна ўявіць гэтую перамогу не на кароткіх дыстанцыях, а ў пэўным гістарычным разрэзе. І з гэтага пункту гледжання, бачачы, як нас падштурхнуў і трыгернуў 2020-ы, як ён проста прымусіў рухацца, задаваць пытанні і шукаць адказы — вельмі шмат важных, пазітыўных рэчаў здарылася для беларусаў менавіта ў кантэксце гістарычнасці. На ўзроўні біяграфіі — гэта трагедыі, гэта драмы, так. Але тым не менш мне падаецца, што вельмі важна ўяўляць сабе гісторыю ў такім эвалюцыйным вымярэнні. Тады ты разумееш, што ва ўсёй гісторыі заўсёды ёсць свой кошт. І вельмі важна заставацца вось гэтым «я», верыць і спадзявацца.
Гэты погляд на надзею як на палітычны і асабісты выбар наўпрост перагукнуўся з іншай фестывальнай падзеяй — размовай «Прафесія: надзея. Як трымаць гарызонт і ствараць сэнсы» з удзелам Анастасіі Касцюговай і Аляксандры Логвінавай. Адпраўным пунктам дыскусіі стаў беларускі пераклад кнігі вядомага сучаснага карэйскага філосафа Бён-Чхоль Хана «Дух надзеі. Супраць грамадства страху», выдадзеным «Логвінаў». У сваёй працы Хан супрацьпастаўляе надзею паралізуючаму страху і разглядае яе як актыўную сілу, здольную змяняць рэальнасць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
