Крытыка, русіфікацыя і мова апісання. На фестывалі Pradmova ў Варшаве распавялі пра стан беларускага тэатра
Reform.news · 15 ноября 2026, 13:46
https://reform.news/krytyka-rusifikacyja-i-mova-apisannja-na-festyvali-pradmova-varshave-raspavjali-pra-stan-belaruskaga-tjeatra/Падчас размовы «Выкрасліць нельга захаваць: беларускі тэатр у пошуках свайго месца» тэатразнаўцы Ірына Лаппо (аўтарка кнігі «Kupałowcy. Teatr narodowy na wygnaniu») і Настасся Панкратава (аўтарка зборніка сваіх тэкстаў «(Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015–2025. Выбраныя старонкі») разважалі пра тое, як беларускі тэатр змяніўся за апошняе дзесяцігоддзе і чым жыве сёння?
Тэатразнаўцы расказалі, што эмігранцкі беларускі тэатр цалкам склаўся як з’ява, мае свайго гледача, аднак тут ёсць свае абмежаванні, бо часам трэба падстройвацца пад густы прымаючага боку. Гаварылі і пра тое, што з-за палітыкі беларускай дзяржавы наш тэатр не ўдзельнічае ў праграме тэатраў для бежанцаў, якіая існуе ў Еўропе для украінскіх ці сірыйскіх калектываў, але плённа супрацоўнічае з украінскім тэатрам, напрыклад, падчас сумесных фестываляў. І тут адкрываюцца новыя магчымасці для развіцця. Паразважалі таксама пра мову апісання тэатра, пачынаючы з 2015 года (тэксты менавіта з гэтага часу сабраныя ў кнізе Настассі Панкратавай).
Аднак самае цікавае было ў адказах на пытанні.
Ці можна крытыкаваць спектаклі эмігранцкага тэатра?
Спікеркам задалі пытанне, як крытыкаваць эмігранцкі тэатр?. Бо тэатр нечым нагадвае спорт: калі няма рэпетыцый, то губляецца форма, а ў эміграцыі ў тэатраў няма сталай пляцоўкі, а акторы працуюць на нейкіх старонніх, часам фізічных працах.
«Ці не падаецца вам, што эмігранцкі тэатр часта выязджае на настальгіі, і як крытыкаваць тэатр-місію з пункту гледжання акторства, рэжысуры, дзе гэтыя межы?», – спытала былая акторка Купалаўскага Крысціна Дробыш.
Ірына Лаппо адказала, што тэатразнаўца здольны напісаць такую аналітыку, якая можа абысціся без крытыкі, у якой з аналізу спектакля вынікае стаўленне да яго.
Настасся Панкратава звярнула ўвагу, што ў незалежных медыя амаль няма рэцэнзій на спектаклі, яны ўсе ператварыліся ў рэпартажы. Гэта сурʼёзнае пытанне, «як крытыкаваць людзей, калі ты ведаеш, што яны працуюць пакаёўкамі, таксістамі, што яны збіраюцца на спектакль за дзесяць дзён да прэмʼеры. І зараз вялікая праблема для тэатральных крытыкаў – сутыкнуцца з пакрыўджаным акторам». Аднак цяпер у Літве, дзе жыве Настасся Панкратава, як грыбы зʼяўляюцца тэатральныя калектывы, і можа, прыйшоў час, калі калектыў называе сябе тэатрам і мае сталы рэпертуар, вяртацца да яго паўнавартаснай крытыкі.
Як вызначыць узровень спектакля?
У адсутнасці беларускай крытыкі можна вызначыць узровень эмігранцкага спектакля іншым чынам. Якасць беларускіх тэатральных калектываў можна вымяраць па тым, ці зʼявіліся мясцовыя рэцэнзіі мясцовых тэатральных крытыкаў. Гэта, напрыклад, відавочна ў Літве: калі спектакль ідзе ў сваім эмігранцкім пухіры, калі яго ўзровень аматарскі, то крытыкі ў мясцовай прэсе не зʼяўляюцца. Але калі спектакль шчыры і прафесійны, то замежныя крытыкі яго заўважаюць. Пры гэтым, што важна, спектакль не траціць сваёй беларускасці.
Русіфікацыя
Адно з пытанняў было пра русіфікацыю ў Беларусі. Наколькі яна незваротная і да чаго вядзе.
Настасся Панкратава згадала гісторыю Купалаўскага тэатра, у які ў свой час прыехала шмат актораў, што вучыліся ў Расіі. Пытанне ў тым, ці хацелі яны занурыцца ў беларускую культуру. Некаторыя з іх на высокім узроўні вывучылі нашу мову, «сапраўды аддалі сэрца нашай краіне і сталі беларусамі». Пытанне ў тым, хто да нас прыязджае цяпер. Аднак Настасся расказвае яшчэ пра адну небяспеку. У тэатры эстрады два гады таму выйшаў спектакль «Момент истины», і тады, два гады таму, пра яго было напісана, што гэты спектакль пра вайну і контрразведчыкаў. Аднак у 2026 годзе анатацыя змянілася, і цяпер патэнцыйныя гледачы даведваюцца, што гэты спектакль пра цудоўнага героя – супрацоўніка СМЕРШ. Але для беларусаў гэта заўсёды адмоўны герой, добрыя пазітыўныя адносіны да супрацоўніка СМЕРШ – расійская тэма. «І калі не будуць выходзіць нашыя кнігі, яшчэ крыху і зʼявіцца адчуванне, што менавіта такі ракурс для беларуса галоўны, – кажа Настасся. – Што з гэтым рабіць? Назіраць, дакументаваць і нагадваць гісторыю, як усё насамрэч адбывалася».
«І ствараць альтэрнатыўную гісторыю, эмігранцкую, а нашчадкі разбяруцца», – падсумавала Ірына Лаппо.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
