Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» аб’явіў даты новай эдыцыі — сёлета вядомы незалежны беларускі кінафэст адбудзецца з 13 па 26 лістапада. Як і ў мінулы раз, форум скандынаўскага, балтыйскага і беларускага кіно пройдзе ў гібрыдным фармаце: анлайн фільмы «Паўночнага ззяння» можна будзе глядзець на сайце фестывалю; афлайн — у кінатэатрах некалькіх краін свету.
«Ззянне» працуе над стварэннем бяспечнай і даступнай прасторы ў online і offline ў Таліне, Вільні і Стакгольме і зноў рыхтуе для сваіх гледачоў яскравую кінапраграму», — адзначае каманда фэсту на чале з прадзюсаркай, кінематаграфісткай і адной з заснавальніц Беларускай незалежнай кінаакадэміі Воляй Чайкоўскай.
Толькі некалькі дзён таму фестываль назваў імя новага праграмнага дырэктара Беларускага конкурсу — адной з двух галоўных праграм агляду: кінааналітык і экс-праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў стаў часткай каманды «Паўночнага ззяння».
«Мы будзем фармаваць і дэманстраваць нацыянальную праграму фільмаў, якія будуць умацоўваць дух праўды, творчай свабоды і неўтаймоўнай волі сцвярджаць боль і шчасце быць беларусам», — так апісаў канцэптуальнае бачанне Беларускага конкурсу сябра Еўрапейскай кінаакадэміі і прэзідэнт беларускай секцыі Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў (FIPRESCI).
Гэтаксама Міжнародная праграма «Ззяння» па-ранейшаму будзе ўключаць у сябе незвычайныя і запамінальныя стужкі ігравога і дакументальнага кіно Скандынавіі і Балтыі. Нагадаем, што ў падборцы фільмаў форуму знаходзілася месца для кіно розных жанраў і настрояў, эксперыментальных карцін, аўтарскіх, вострасацыяльных, – чакаем такога ж узроўню ад дзявятай эдыцыі фэсту.
Заўважым, што фестываль, які ў мінулым годзе падтрымаў Украіну адмысловай праграмай фільмаў «Ukraine mon amour», мае патрэбу ў дапамозе.
«На працягу некалькіх гадоў кінафэст «Паўночнае ззянне» існуе «насуперак» [цэнзуры і ціску], — канстатуюць яго арганізатары. (У пазамінулым годзе «адмысловую» перадачу прысвяціў фестывалю Рыгор Азаронак — заўв. Reform.by). — Каб у лістападзе вы зноў змаглі адкрыць для сябе новыя фільмы, паслухаць займальныя дыскусіі пра кіно і жыццё — падтрымайце дзейнасць фэсту данатам», — звяртаецца да гледачоў і глядачак каманда форуму.
Нагадаем, што летась анлайн глядзелі стужкі «Паўночнага ззяння» больш за 2 тысячы чалавек.
Сачыць за навінамі незалежнага беларускага форуму можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: