Света Бень і Яўген Кучмейна (.К) прадстаўляюць «Дух дышит» — першы сінгл з будучага альбома «Карова белая»

Культура
Вокладка сінглу.

Выйшаў «Дух дышит» — першы сінгл з сумеснага альбома Светы Бень і Яўгена Кучмейны (.К) «Карова белая», рэліз якога запланаваны на жнівень 2026 года.

«Карова белая» — новы сумесны праект двух вядомых прадстаўнікоў незалежнай беларускай сцэны. Света Бень — спявачка, паэтка, аўтарка песень, рэжысёрка і стваральніца легендарнага гурта «Серебряная Свадьба». Яўген Кучмейна (.К) — музыка, кампазітар і саўнд-прадзюсар, вядомы сваім унікальным музычным почыркам на скрыжаванні электронікі, акустычнай музыкі і гукавога мінімалізму.

Гісторыя альбома пачалася нечакана. Пасля сумеснага канцэртнага тура музыкі вырашылі пераасэнсаваць некалькі песень Святланы Бень. Адной з першых стала кампазіцыя «Дух дышит». Менавіта новае музычнае прачытанне, прапанаванае Кучмейнам, стала адпраўным пунктам для стварэння будучага альбома.

Света Бень і Яўген Кучмейна (.К) прадстаўляюць «Дух дышит» — першы сінгл з будучага альбома «Карова белая»

«Для мяне вялікая радасць — сустрэць чалавека, з якім узнікае такі творчы рэзананс. Менавіта з “Дух дышит” пачаўся шлях да нашага сумеснага альбома», — кажа Света Бень.

Песня была натхнёная фільмам Робера Брэсона «Дух дышит где хочет, или Приговорённый к смерти бежал», заснаваным на рэальнай гісторыі ўдзельніка французскага Супраціву, які здзейсніў уцёкі з гестапаўскай турмы падчас Другой сусветнай вайны.

Аднак назва кампазіцыі адсылае і да вядомай евангельскай фразы «Дух дышит где хочет» — вобраза непрадказальнага дзеяння Духа, чыя прысутнасць не падпарадкоўваецца чалавечай волі ці разліку.

«Дух дышит» — гэта песня-малітва пра надзею, якая з’яўляецца менавіта тады, калі здаецца, што надзеі ўжо не засталося.

Усе 14 кампазіцый альбома «Карова белая» Яўген Кучмейна аранжыраваў, музычна спрадзюсаваў, запісаў і звёў. Запіс праходзіў на студыі «Неман-9» ў Малых Азеранах на Падляшшы.

Пасля выхаду альбома музыкі адправяцца ў канцэртны тур.

Першыя пацверджаныя даты:

• 28 жніўня — Берлін, Haus der Statistik
• 11 верасня — Варшава, Klub Mechanik
• 13 верасня — Кракаў, Alchemia
• 17 верасня — Познань, Pan Gar
• 19 верасня — Шчэцін, Storrady
• 20 верасня — Гданьск, Czudner Spot

Продаж квіткоў адкрыецца ў найбліжэйшы час.

Слухаць сінгл — тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.