Фестываль «Мамонт.by» прайшоў 5 верасня на месцы стаянкі першабытных людзей у Юравічах Калінкавіцкага раёна. Там калісьці знайшлі рэшткі аднаго з самых старажытных паселішчаў Беларусі, якому больш за 26 тысяч гадоў.
Фестываль «Мамонт. BY» праводзіцца ў другі раз па адной і той жа схеме: дэфіле ў першабытных касцюмах, паляванне на маманта, прысвячэнне ў краманьёнцы, здабыча агню і стравы па «дагістарычным» рэцэптах. А таксама — рытуальныя танцы каля вогнішча, экскурсія «Шлях да вытокаў» , фотазоны, катанне на конях, дзіцячыя пляцоўкі і рамесныя шэрагі.

Леташні фэст стаў срэбраным прызёрам у намінацыі «Найлепшая ідэя турыстычнай падзеі» прэміі Russian Event Awards. Аднак гомельскае выданне «Штодзень» назвала той фэст спрэчным з пункту гледжання эстэтыкі і здаровага сэнсу.


У аснове праекта – тэатральная пастаноўка, якую паказвалі мясцовыя культработнікі ў прысутнасці чыноўнікаў.
Беларускія эксперты і навукоўцы скептычна паставіліся да гэтай сумнеўнай самадзейнасці.
«Цікава, што падобныя музеі на месцы стаянак ёсць па ўсім свеце, і можна было б у іх павучыцца якасна арганізоўваць мерапрыемствы для гасцей, пасля якіх у музей хацелася б яшчэ раз прыехаць. Напрыклад, можна было б паказаць рэальныя заняткі тых старажытных людзей: майстраванне каменнай зброі, апрацоўка косці каменнай праколкай і г.д. Ну так, не надта масава і пасмяяцца няма з чаго, але назаўжды ў памяці застанецца адчуванне цвёрдасці крэменю. Але гэта ж трэба арганізаваць, гэта ж трэба самому ўмець і ведаць як годна гледачам падаць. Навошта? Значна прасцей пабегаць вакол вогнішча і пагукаць», — пісаў гісторык Раман Абуховіч пасля першага фестывалю.
А вось як пракаментаваў навіну пра прэмію калінкавіцкім спецыялістам адзін гомельскі гісторык: «Мне страшна за захаванне помніка ад іхных ініцыятываў».
Характар фестывалю гэтага года не змяніўся. Замест навуковага падыходу па-ранейшаму «паляванне на маманта», рытуальныя танцы вакол вогнішча і спартыўна-забаўляльная праграма «Актыўныя першабытныя».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
