Стогадовы панскі дом у Агарэвічах Ганцавіцкага раёна прадаюць за адну базавую. Да нядаўняга часу ў ім размяшчалася сталовая працаўнікоў сельскагаспадарчага прадпрыемства «Бярозавец». Аднак цяпер панскі дом выставілі на продаж, — паведамляе Onliner. Летась за яго прасілі $64 500 у эквіваленце, цяпер — 37 беларускіх рублёў, адну базавую велічыню. Жадаючых пакуль не знайшлося.
Сядзіба з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, новаму ўладальніку трэба падпісаць ахоўнае абавязацельства.
Панскі дом узвялі ў 1911 годзе. Спачатку сядзіба належала роду Свяржынскіх, перабудоўвалі яе пры Апацкіх.
У 1939 годзе дом разрабавалі, гаспадыню маёнтка саслалі ў Сібір.
Панскі дом доўга стаяў закінуты, адрамантавалі яго толькі ў пачатку 1990-х.
Сядзібу можна выкарыстоўваць пад прадпрымальніцкую дзейнасць ці пад жыллё. Будынак аднапавярховы, плошчай 324 квадратныя метры. Ёсць ацяпленне, вада, электрычнасць, каналізацыя, тэлефон. Маюцца прыбудова, брыгадны дом, танцпляцоўка з мостам, участак на два гектары.
Аўкцыён пройдзе 31 сакавіка.