14 лютага а 21.30 на Берлінскім міжнародным фестывалі на пляцоўцы Delphi Filmpalast адбудзецца прэм’ера поўнаметражнай стужкі Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава». Мікрабюджэтная карціна, створаная пры падтрымцы Беларускай сеткі фільммэйкераў (Belarusian Fimmakers’ Network), літоўскіх і нямецкіх партнёраў, будзе паказана ў межах конкурсу «Форум».
Гэта, бадай, першы ігравы фільм беларускага кінематаграфіста, які будзе паказаны на Берлінскім міжнародным кінафоруме. Але ў праграме Берлінале раней дэманстраваліся дакументальныя стужкі беларускіх рэжысёраў і рэжысёрак: «Звычайны прэзідэнт» Юрыя Хашчавацкага, «Аранжавыя камізэлькі» студыі «Таццяна», «Кураж» Аляксея Палуяна і «Непажаданае сваяцтва» Паўла Мажара.
Нагадаем, што кіно 32-гадовага рэжысёра Юрыя Сямашкі распавядае пра пошук натхнення музыкантам на тле складанай палітычнай абстаноўкі — чакання Трэцяй сусветнай вайны.

У карціне галоўны герой — 25-гадовы Фёдар — шукае свой шчаслівы джэмпер з рамонкамі, патрэбны яму для творчага натхнення. Фёдар хоча знайсці гэты талісман, каб напісаць найлепшыя песні і стварыць гурт. Напружная палітычная абстаноўка і чуткі пра Трэцюю сусветную вайну, якія віруюць вакол, зусім яго не цікавяць. Пакуль абставіны не змяняюцца.
Юрый Сямашка, якога часта называюць беларускім Дэвідам Лінчам, прызнаўся на сустрэчы з гледачамі ў Варшаве, што ідэя для сцэнара прыйшла да яго за два дні да дэдлайна сцэнарнага конкурсу Інкубатара мікрабюджэтнага кіно, фіналістам якога ён у выніку і стаў.
«Да гэтага я два тыдні распрацоўваў іншую ідэю, замкнуў сябе ў пакоі, прыктычна нікуды не выходзіў і нічым іншым не займаўся, — падзяліўся ён на творчай сустрэчы. — І вось за два дні да дэдлайну я зразумеў, што гэта ідэя нікуды не вартая. У той час (як і зараз) у свеце адбывалася вельмі шмат дрэннага, і я задаў сабе пытанне: чаму я так апантаны ідэяй штосьці ствараць, тое ж кіно, у той час, калі свет стаіць «на мяжы»? Так і нарадзілася ідэя пра музыканта, які апантаны пошукамі натхнення, нягледзячы на чуткі пра Трэцюю сусветную вайну».

Юрый Сямашка адзначыў, што актор і музыкант Вячаслаў Кміт, які грае ў фільме Федзю, быў першым і па сутнасці адзіным кандыдатам на галоўную ролю.
«Я быў знаёмы з Вячаславам, хоць і не вельмі блізка. І калі б ён не пагадзіўся, я б працягнуў пошукі. Але ўсё склалася», — расказвае пра ўдалы акторскі match беларускі кінематаграфіст.
Таксама ў стужцы здымаліся: Віялета Рагачова, Павел Гарадніцкі, Анастасія Рысік, Аляксей Любчанка, Павел Міхаленя, Майк Мазур, Міхаіл Зуй.
Здымкі карціны адбываліся ў Варшаве. І як дадае Юрый Сямашка, «большая частка дзеяння здымалася ў інтэр’ерах, таму горад тут не так і важны».
У стужцы гучаць дзве мовы: руская і беларуская. То-бок можна казаць пра тое, што ўсё ж для стваральнікаў было істотным пагрузіць гледача ў беларускую прастору.
Наконт мікрабюджэта «Лебядзінай песні Фёдара Озерава» і сёння ідзе шмат размоваў. Нагадаем, што згодна з умовамі конкурсу Інкубатара мікрабюджэтнага кіно, які ладзіла Беларуская сетка фільммэйкераў, пераможцы на рэалізацыю свайго кіно атрымоўвалі першапачатковую дапамогу ў 4 тысячы еўра. А далей — падтрымка тых ці іншых замежных кампаній, якія ўкладваліся ў праект, прыходзіла ў залежнасці ад зацікаўленасці фільмам.
«У нас былі нейкія мінімальныя грошы, у нас была каманда, гэта паскорыла працэс, але ты заўсёды ўкладваеш — рэсурсы, сілу, імпэт. А іх таксама можна перавесці ў нейкі эквівалент грошай. Гэта значыць, што без бюджэту не бывае нічога», — падсумаваў свой досвед стварэння кіно з невялікімі сродкамі Юрый Сямяшка.

Аўтар такіх стужак як «Кроў і караоке», «Смеццевая галава», «Як я быў Генерал» лічыць, што майстэрства кінематаграфіста і заключаецца ў тым, каб нягледзячы на перашкоды і выклікі, знайсці баланс паміж свабодай і патрабаваннямі.
«У мяне былі невялікія па мерках поўнаметражнага кіно грошы, але самае галоўнае ў працэсе не згубіць усё, што ты назбіраў пры падрыхтоўцы, — падзяліўся ён асаблівасцямі творчай мікрабюджэтнай «кухні» падчас (Анты)з’езду беларускіх незалежных кінематаграфістаў. — І калі ты прыходзіш на ўмоўную пляцоўку, то існуеш у хаосе. Трэба шмат прадумаць рэчаў, не звязаных з творчасцю, і ўзнікала адчуванне, што ў цябе зусім не застаецца часу і сіл на тое, каб вырашаць нейкія творчыя задачы, якія не былі вырашаны да гэтага, на этапе сцэнара.
Часам падавалася, што ў гэтым хаосе не можа атрымацца нічога добрага, што мы займаемся экранізацыяй тэксту. Але калі я ўжо рэтраспектыўна гляджу на выніковы матэрыял, то разумею, што ў цэлым [усё ўдалося], — разважае Юрый.

Абмежаваны бюджэт проста шмат загружае цябе як рэжысёра, як аўтара іншымі задачамі, — кажа ён. — І тут важна знайсці баланс паміж тэхнічным складнікам і творчым. Так выбудаваць свой фільм, каб ён быў досыць простым у тэхнічным плане, каб ты не губляў увесь свой час на наладку гуку, камеры, святла, а больш часу надаваў працы з акцёрамі, дыялогам.
Аўтар усё гэта павінен улічваць, але праблема ў тым, што ў самым пачатку ты не ведаеш, з якімі тэхнічнымі складанасцямі сутыкнешся, робячы поўны метр. У кожнага фільммэйкера праблемы не знікаюць: з вялікімі бюджэтамі з’яўляюцца новыя праблемы, з маленькімі бюджэтамі ёсць нейкая свабода, але абмежаванасці па шматлікіх пунктах.
Мне здаецца, што сапраўднае майстэрства нараджаецца ва ўменні пераадольваць усе гэтыя перашкоды, не згубіць, данесці да фінішу [першапачатковы творчы пасыл]. Калі ўдаецца хаця б на 70-80% перадаць тое, што закладваеш першапачаткова, то гэта поспех, на маю думку», — падзяліўся сваім меркаваннем рэжысёр.
На Берлінале, які пройдзе з 13 па 23 лютага, фільм Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», можна будзе паглядзець на розных пляцоўках. Акрамя прэм’ернага паказу ў Delphi Filmpalast 14 лютага, кіно пра музыканта ў швэдары з рамонкамі будзе паказана 15 лютага для прэсы ў Cubix 7, 16 лютага ў Colosseum 1, а таксама 22 лютага на пляцоўцы Arsenal 1 для гледачоў.
Сачыць за квіткамі на сеансы можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram