Інтэрактыўны спектакль мастачкі і сцэнографкі Таццяны Дзіваковай і рэжысёра Юрыя Дзівакова «рЭвалюцыя Зайца» прыехаў у Беласток. Гэта адметная пастаноўка запрашае дзяцей і дарослых прасачыць шлях вынаходлівага і смелага героя, які быў вымушаны ў самых няпростых абставінах абараняць свой дом.
Спектакль пастаўлены па народнай казцы «Ліс і заяц». Але дзякуючы мастацкаму бачанню Таццяны Дзіваковай і рэжысёрскаму пераламленню Юрыя Дзівакова гісторыя набыла шмат паралеляў з сучаснасцю. Больш за тое, гісторыя пастаноўкі пачыналася з тэрапеўтычных заняткаў для беларусаў за мяжой; з абмеркавання пытання — як дапамагчы дзецям адаптавацца ў вымушанай эміграцыі?
Тэрапеўтычныя практыкі падштурхнулі аўтарку стварыць адмысловы тэатральны твор, які б дапамагаў дарослым і малечы «прагаварыць» клопаты і трывогі і асэнсаваць іх у творчай прасторы.
«У лялечным монаспектаклі глядач сустрэнецца з Зайцам, якому прыйшлося стаць героем, абараняючы свой дом, — так гучыць анатацыя да «рЭвалюцыі Зайца». — Глядач зможа ўбачыць шлях яго сталення, яго эмоцыі, няўдачы і пераадоленні. Цікава, якія шляхі ён абярэ для дасягнення сваёй мэты? Каго сустрэне на сваім шляху?», — так анансуюць сваю пастаноўку тэатральныя дзеячы.
Па выніках прагляду публіцы прапануецца стварыць і свайго героя на творчым майстар-класе, які адбудзецца адразу пасля спектакля.
«У цэлым, для мяне гэта пастаноўка пра “сукупнасць усяго”, што адбылося з намі (з беларусамі — Reform.by) за апошнія тры гады, — распавяла пра свой тэатральны твор у інтэрв’ю Reform.by Таццяна Дзівакова. — Там ёсць усе «нашы» пытанні: так баязлівец Заяц ці не? Альбо герой? І хто такі герой увогуле? Герой нараджаецца, ці ім становяцца? І ці ёсць у чалавека (Зайца) выбар быць героем, альбо яго няма?».
Над спектаклем таксама працавалі: Вольга Падгайская – кампазітар, Віталь Эпаў – аўдыямастарынг, Паўліна Камарова – фота і відэа.
7 траўня «рЭвалюцыя Зайца» пройдзе ў Беластоку ў галерэі «Арсенал» (вул. Адама Міцкевіча, 2) аб 11.00 і а 13.00.
Уваход — вольны, але зарэгістравацца на падзею можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: