«Слухаць уласнае дыханне»: Альгерд Бахарэвіч пра пісьменніцтва

Культура
Альгерд Бахарэвіч. Фота: Юлія Цімафеева / Facebook

Кажуць, найхутчэй рэагуе на катастрофу паэзія. Паэтычныя радкі могуць выйсці з-пад пяра ў рэжыме рэальнага часу. Аднак Альгерд Бахарэвіч піша свае празаічныя тэксты, пакуль рана яшчэ не зацягнулася. Магчыма таму, што аўтар у рамане «Сабакі Эўропы» шмат што прадбачыў і не патрабуе часавай амартызацыі. Хаця хто ведае, з чаго вырастаюць кветкі яго літаратуры?

Сёння Альгерду Бахарэвічу 50 гадоў. Ён адзін з самых паспяховых беларускіх літаратараў. Яго кнігі выдаюцца, перавыдаюцца і перакладаюцца, паводле іх ставяцца спектаклі. Нядаўна за раман «Сабакі Эўропы» ён атрымаў Лейпцыгскую кніжную прэмію за еўрапейскае паразуменне.

У падкасце «Літрадыё» Альгерд Бахарэвіч дае парады тым, хто піша. І ў гэтых парадах — падставовыя прынцыпы творчасці пісьменніка-перфекцыяніста, які сцвярджае, што пісаць вершы і прозу — значыць штодня выкрываць сваю чужасць.

Парады Альгерда Бахарэвіча тым, хто піша:

  • Не слухаць ніякіх парадаў. Курсы пісьма, майстар-класы і пісьменніцкія школы могуць узбагаціць нас толькі знаёмствамі з такімі самымі вар’ятамі, як мы. Што, можа, і някепска, бо дапамагае ацалець у гэтым свеце, дзе іншасць заўсёды лічыцца заганай. Але калі чалавек не мае таленту, ніхто не навучыць яго пісаць. Літаратуры немагчыма навучыцца, ніхто не можа даць або прадаць аўтару ягоны ўласны голас, навучыць яго дыхаць. Нашымі настаўнікамі могуць быць толькі памерлыя пісьменнікі мінулага.
  • Не спяшацца. Выданне тэксту ў выглядзе кнігі не зробіць яго лепшым. За паспешна выдадзеную кнігу аднойчы будзе вельмі сорамна.
  • Чытаць кнігі. Бо пісаць — значыць чытаць. Штодзённае чытанне кніг дапамагае зразумець, як шмат было сказана ў літаратуры да нас. Пішучы, мы ўспамінаем напісанае іншымі. Чым больш успомнім, тым лепш для кнігі, якую мы пішам.
  • Ставіць перад сабой толькі самыя высокія патрабаванні. Сярэдніх кніг не бывае. Беручыся пісаць, трэба адразу пісаць шэдэўр, нават ведаючы, што ён у цябе не атрымаецца.
  • Вучыцца слухаць уласнае дыханне. Вось яно: пакрысе заглушае ўсе гукі свету. Трэба дабіцца поўнай цішыні. Каб стварыць штосьці, трэба, каб шум свету змоўк. Мы чуем, як выдыхнутае намі паветра робіцца словамі. Магчыма, прыйшоў час іх запісаць.

    Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: