Скульптура гарадавога як грамаадвод міліцэйскага сваволля

Главное
Photo: @univerdesign, unsplash.com

Што гэта было? Беларуская міліцыя не спыняе дзівіць грамадскасць фантасмагарычнасцю свайго існавання. Ужо ў самім роліку адзін з міліцыянтаў, якія затрымлівалі хлопца, хлусіць. Проста на камеру бадзёрым голасам старэйшы прапаршчык Генадзь Кашалюк гаворыць пра «правапарушэнне», якое ён заўважыў.

А ў чым правапарушэнне? Падлетак хлопнуў па шчацэ кавалак металу? З такім поспехам Кашалюк можа зрабіць подзвіг на станцыі метро Леніна/Незалежнасці. Там студэнты перад іспытамі націраюць нос барэльефу Леніна. А тут і слядоў не засталося і скульптура не персаніфікаваная.

Што гэта было? Гэта было пасягальніцтва на прыватны агарод міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. З вакон працоўнага кабінета міністра добра бачная скульптура. Так, скульптура расейскага царскага гарадавога, якіх ідэйныя праайцы Шуневіча з чырвонымі павязкамі на рукавах рэзалі і вешалі на кожным слупе. Такі вось парадокс: то ты ў міліцэйскай форме часоў НКВД, то ты ў сябе ў «агародзіку» садзіш скульптуру царскага гарадавога. І не шукайце логіку: Шуневіч так бачыць!

Чытаў абмеркаванне гэтай гісторыі на розных пляцоўках і звярнуў увагу, што не ўсе ведаюць, што за скульптурнай выявай, над якой шэфствуе Шуневіч, рэгулярна сочыць патруль. Бо амаль ад часу як скульптуру ўсталявалі, ёй увесь час строяць «рожкі».

Што сімвалізуе скульптура гарадавога? Нічога. Значыць гэта не помнік камусьці ці чамусьці, а значыць не магчыма зняважыць помнікі і памяць, якую ён сімвалізуе. Тады за што можна пакараць? За фізічнае пашкоджанне маёмасці. Скульптура год як стаіць, а ніхто фізічна яе не шкодзіў.

Дык што гэта было з хлопцам, якога прымусілі прызнацца на камеру ў тым, што ён не мае рацыі і «больш так не будзе»? Гэта быў падхалімаж. Ніжнія чыны павіхлялі хвосцікамі ў бок начальства. Не, ну праўда, а раптам акурат у момант, калі хлопец даваў поўху скульптуры, САМ вызірнуў у акно?

Прагнуліся, затрымалі, зляпалі ролік, задаволеныя, відаць, сваёй крэатыўнасцю. А насамрэч сітуацыя дэманструе, хто для каго працуе ў сістэме МУС. Гэткая сабе рубрыка «як яно работае».

Чаму так шмат медый і блогераў адрэагавалі на, здавалася б, бяскрыўдную падзею?

Важна кожны раз маральна тыкаць МУС у неадпаведнасць дзеянняў вакол скульптуры;

Важна кожны раз нагадваць грамадству што ўсе гэтыя танцы з затрыманнямі – яны для Шуневіча, чые вокны глядзяць на скульптуру-недарэку;

Важна кожны раз падкрэсліваць гістарычную недарэчнасць скульптуры і недарэчнасць сучасную;

Важна, бо інакш яны зноў пачнуць стрыгчы падлеткаў на вуліцах, пасля вырашаць якую музыку можна слухаць, а якую не;

Важна, бо інакш свавольства супрацоўнікаў МУС можа, як калісьці ў 1980-х, выліцца ў небяспечныя для грамадства формы. Таму хай усё свавольства канцэнтруецца вакол скульптуры, якая служыць дэ-факта громаадводам.

***

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашыя там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: