Цырымонія ўручэння адной з галоўных тэатральных прэмій свету — брытанскай Olivier Awards — ужо распачалася ў лонданскім Royal Albert Hall. Сёлета беларускай публіцы ёсць за каго заўзець на падзеі: сярод намінантаў у катэгорыі «Выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве» — Беларускі Свабодны тэатр з операй «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле твора Уладзіміра Караткевіча.
Канкурэнцыю Беларускаму Свабоднаму тэатру ў намінацыі складаюць: Антонія Папана — музычны кіраўнік Royal Opera House ды Марына Абрамовіч за яе канцэпцыю спектакля «7 смерцяў Марыі Калас».
Нагадаем, што прэм’ера спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха», які ўяўляе сабой сінтэз оперы, драматычнага тэатра, мультымедыя і жывой музыкі, адбылася 15 верасня 2023 года на сцэне лонданскага «Barbican». Музыку да яго напісала кампазітарка Вольга Падгайская, лібрэта стварылі Мікалай Халезін і Андрэй Хадановіч. Дырыжор – Віталь Алексяёнак, харэографка – Марыя Сазонава.
Галоўныя ролі ў пастаноўцы выконвалі беларускія артысты Андрэй Бандарэнка і Тамара Калінкіна.
Як адзначаецца на фейсбуку прэміі, трансляцыя цырымоніі будзе даступная для публіцы з усяго свету на YouTube Olivier Awards. Стрым можна глядзець проста цяпер.
Мікалай Халезін звяртае ўвагу на тое, што трансляцыю мерапрыемства можна будзе паглядзець апоўначы па беларускім часе.
Olivier Awards прызнана на міжнародным узроўні як найвышэйшая ўзнагарода ў брытанскім тэатры, эквівалентная прэміі BAFTA для кіно і тэлебачання і BRIT Awards для музыкі. Штогод яна прысуджаецца асобам, якія ўдзельнічаюць у пастаноўках Вест-Энда і іншых вядучых некамерцыйных тэатраў Лондана ў шэрагу катэгорый, якія ахопліваюць «найлепшую новую п’есу», «найлепшы новы мюзікл», «найлепшы актор», «найлепшая актрыса», «найлепшы рэжысёр», «выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве», «выбітныя дасягненні ў танцы» і іншыя напрамкі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: