Сёння 140 гадоў з дня нараджэння драматурга і пачынальніка жанру турэмнай літаратуры Францішка Аляхновіча

Культура
Францішак Аляхновіч (злева) і Уладзіслаў Галубок (справа) у 1918 годзе ў Менску. Фота: Вікіпедыя.

9 сакавіка 1883 года ў Вільні нарадзіўся Францішак Аляхновіч – загадчык рэпэртуару Беларускага Дзяржаўнага тэатра ў часы БНР, беларускі драматург, тэатральны дзеяч, журналіст, вязень ГУЛАГ.

Пашукалі адметныя факты яго творчай біяграфіі.

Аўтар аднаго з першых твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім лагеры

Дакументальная аповесць «У кіпцюрах ГПУ» апісвае сталінскі лагер з погляду арыштанта. Герой аповесці, апублікаванай у 1934 годзе, — даверлівы беларус, які вярнуўся на радзіму з наіўным спадзяваннем, што ў Беларускай ССР ён рэалізуе свае мары ў беларускім тэатры.

Дарэчы, менавіта таму беларуская прэмія за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні (заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода), носіць імя Францішка Аляхновіча. Цяпер за кратамі 11 лаўрэатаў гэтай прэміі: Ігар Аліневіч, Аляксандр Фядута, Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Алесь Бяляцкі, Мікола Дзядок, Алесь Пушкін, Андрэй Аляксандраў, Максім Знак, Мікола Папека, Андрэй Скурко.

Сёння 140 гадоў з дня нараджэння драматурга і пачынальніка жанру турэмнай літаратуры Францішка Аляхновіча

Любіў тэатр да такой ступені, што не скончыў гімназію

Сістэмную агульную адукацыю (за хранічную непаспяховасць ён быў выключаны з 5 класа Віленскай гімназіі, таксама няўдала скончыў навучанне ў Віленскай хіміка-тэхнічнай школе) малады Аляхновіч не атрымаў, бо, як пісаў пазней: «Быўшы гімназістам, я любіў заглядваць у кірмашовыя буды, дзівіцца на „жанчыну без тулава“, хадзіць у паноптыкум васковых фігураў»​.

Францішак пераехаў у Польшчу і год быў вольным слухачом на гісторыка-літаратурным факультэце Кракаўскага ўніверсітэта праз адсутнасць у школе набору на 1903/04 год. Увосень 1904 года паступае ў Драматычную школу пры Музычным таварыстве ў Варшаве, якую скончыў у 1907 годзе. Год папрацаваўшы акцёрам аднаго з польскіх вандроўных тэатраў, вяртаецца назад у Вільню.

У 1910 годзе Францішак Аляхновіч разам з Ігнатам Буйніцкім і Аляксандрам Бурбісам рэжысуе пастаноўку перакладзенай з украінскай мовы на беларускую аднаактавай п’есы М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі», адначасова выконваючы і ролю акцёра. Гэта быў першы беларускамоўны спэктакль у Вільні.

Пасля Аляхновіч мэтанакіравана піша творы, якія б спрыялі ўздыму нацыянальнай самасвядомасці — «Бутрым Няміра», «Базылішка», «У лясным гушчары», «Кветка-папараць», а таксама рэвалюцыйны твор «Калісь».

3 ліпеня 1918 года пастановай Народнага Сакратарыята БНР прызначаны загадчыкам рэпэртуару Беларускага Дзяржаўнага Тэатру.

У 1919-1920 гадах працуе дырэктарам і галоўным рэжысёрам менскага «Беларускага тэатра».

Аляхновіч застаўся ў гісторыі беларускага тэатра як стваральнік гарадской драматургіі, пачынальнік айчыннага тэатразнаўства і кабарэ, як адзін з самых яркіх артыстаў і рэжысёраў свайго часу.

Францішка Аляхновіча абмянялі на Браніслава Тарашкевіча

У 1926 годзе Францішак Аляхновіч нелегальна перайшоў мяжу з БССР, аднак хутка быў арыштаваны і сасланы на 10 год на Салавецкія астравы. У 1933-м быў абменены ўладамі на заходнебеларускага палітвязня Браніслава Тарашкевіча, якога прысудзілі да вялікага турэмнага тэрміну польскія ўлады.

Аляхновіч вярнуўся ў Вільню, выступаў у польскай газеце «Слова» з артыкуламі аб беларускім тэатры і драматургіі.

А абменяны Браніслаў Тарашкевіч чакана паўтарыў лёс нацыянальнай інтэлігенцыі: яго расстралялі ў 1937 годзе (паводле іншай версіі – загінуў падчас дзевяці месяцаў катаванняў у турме).

Памёр пры загадкавых абставінах

У сакавіку 1944 году Аляхновіча застрэлілі ва ўласнай кватэры ў Вільні. Да гэтага часу невядома, хто забіў вядомага драматурга і пісьменніка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: