Сёння 115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш

Культура
Ларыса Геніюш. Фота: ruslo.cz

9 жніўня 1910 года нарадзілася Ларыса Геніюш, беларуская пісьменніца, грамадская дзяячка, сакратарка Рады БНР, зняволеная ГУЛАГу ў 1948-1956 гадах, дысідэнтка.

Ларыса Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч) нарадзілася ў маёнтку Жлобаўцы побач з вёскай Воўпа (Ваўкавыскі раён). У 1937 годзе пераехала ў Прагу да мужа.

Сёння 115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш
Ларыса Геніюш у 1930-я гады. Фота: wikimedia.org

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у верасні 1939 года быў арыштаваны бацька Ларысы Геніюш, па кароткім зняволенні ў гродзенскай турме яго расстралялі. Маці Ларысы Геніюш і дзвюх сясцёр выслалі ў Казахстан, маці памерла ў ссылцы. Зямля, якая належала сям’і Міклашэвічаў, адышла калгасу.

У Празе Геніюш удзельнічала ў працы ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі. З 1943 года была Генеральным сакратаром ураду і захавальніцай архіваў БНР.

У 1948 годзе, калі да ўлады ў Чэхаславакіі прыйшоў прасавецкі ўрад, мужа і жонку Геніюшаў арыштавалі і выдалі ў СССР. У Мінскай турме Ларысу Геніюш дапытваў міністр дзяржаўнай бяспекі Лаўрэнцій Цанава, які патрабаваў ад паэткі перадаць архівы БНР.

У 1949 годзе Ларысу Геніюш і яе мужа Янку Геніюша асудзілі на 25 гадоў зняволення. У выніку паэтка правяла ў лагерах рэспублікі Комі і Мардовіі 8 гадоў, бо пасля смерці Сталіна тэрмін Геніюшам перагледзелі, аднак новая ўлада іх цалкам не рэабілітавала.

Сёння 115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш
Лагерная роба Ларысы Геніюш у Музеі Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане. Фота: skaryna.org

Пасля вызвалення Геніюшы жылі ў Зэльве. Яны прынцыпова адмаўляліся прымаць савецкае грамадзянства. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў стала месцам сілы для беларускай нацыянальнай эліты 1970-80-х гадоў. Нягледзячы на пастаянны нагляд КДБ, частымі гасцямі ў Зэльве бывалі паэты, пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.

Вершы Ларыса Геніюш пісала яшчэ ў гімназіі, друкавацца пачала ў 1939 годзе ў беларускіх эмігранцкіх перыядычных выданнях. У лагерах яна працягвала таемна пісаць вершы і вынесла адтуль адныя з самых балючых і моцных сваіх твораў. Пісала іх на маленечкіх паперках, якія рознымі спосабамі разыходзіліся сярод зняволеных беларусаў. Гэтыя паперкі з вершамі вязні называлі «глюкозай».

Сёння 115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш
Зборнік лагерных вершаў Ларысы Геніюш, напісаны, сшыты і праілюстраваны самой паэткай, захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане. У 1992 годзе зборнік быў выдадзены ў Лондане з прадмовай прафесара Арнольда Макміліна. Фота: skaryna.org

Пасля вызвалення яе творчасць на працягу 10 гадоў была забаронена. У 1967 годзе пры садзейнічанні Максіма Танка надрукаваны яе першы ў Савецкай Беларусі зборнік «Невадам з Нёмана», які на добраахвотніцкіх умовах рэдагаваў Уладзімір Караткевіч.

Доўгі час Ларысе Геніюш дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменніцы, і яна апублікавала дзве кніжкі вершаў для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972) і «Добрай раніцы, Алесь» (1976), прысвяціўшы іх сваім унукам. У 1982 годзе выйшаў зборнік «На чабары настоена». Найбольш поўныя і значныя зборнікі яе твораў былі выдадзены пасмяротна, у тым ліку — успаміны.

Ларыса Геніюш памерла 7 красавіка 1983 года. На развітанне з ёй у Зэльву прыехалі тысячы людзей,  працэсія развітання ператварылася ў маўклівую маніфестацыю.

Сёння 115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш
Пахаванне Ларысы Геніюш у Зэльве. 10 красавіка 1983 года. Здымак зберагаецца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане

Геніюш не была рэабілітаваная нават у часы незалежнай Беларусі. Пасля пачатку рэпрэсій 2020-х гадоў супраць беларускай паэткі распачалася кампанія «ачарнення» яе імя. У Зэльве ў 2023 годзе быў дэмантаваны помнік ля царквы, сёлета быў сарваны вечар памяці Геніюш, які меўся адбыцца ў мінскай галерэі.

Пазнаёміцца з творчасцю Ларысы Геніюш можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости