Што яднае беларусаў? На канферэнцыі «Новая Беларусь» абмеркавалі нацыянальную ідэнтычнасць

На канферэнцыі «Новая Беларусь» абмеркавалі тэму захавання і ўмацавання беларускай ідэнтычнасці.

Мадэраваў дыскусію выконваючы абавязкі дырэктара Белсат TV журналіст Аляксей Дзікавіцкі. Удзельнічалі: старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў, прадзюсар, журналіст і кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін, літаратуразнаўца Наталля Русецкая, куратарка Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча Паўліна Вітушчанка, пісьменніца і журналістка Ганна Златкоўская.

Дыскусія доўжылася больш за гадзіну, выбралі з яе галоўныя моманты.

Знешняя формула беларускай ідэнтычнасці — украінскі погляд

Напачатку дыскусіі мадэратар Аляксей Дзікавіцкі пацікавіўся ва ўкраінскага палітолага Яўгена Магды, як ён бачыць беларускую ідэнтычнасць. «Мы з вамі знаходзімся на адным этапе — фармавання палітычнай нацыі. І я спадзяюся, што украінцы і беларусы не будуць часткай трыадзінага славянскага народу, а стануць падвойным антыімперскім цэнтрам». А агентамі перамен будуць моладзь і сярэдні клас.

Украінскі досвед, — сказаў спадар Яўген, — патрэбны будзе беларусам толькі ў якасці працы над памылкамі. Але тая трыяда, якая паўстала ва ўкраінцаў пасля 2014 года, Армія — мова — вера, шмат у чым дапамагла ім у 2022 годзе падчас расійскага ўварвання. Беларусам жа трэба шукаць сваё, тое, што вызначае менавіта іх. Яўген Магда бачыць сваю трыяду для беларусаў: мір — Еўропа — веды.

Генадзь Коршунаў. Скрын відэа.

Тры тэзісы Генадзя Коршунава

Генадзь Коршунаў прапанаваў тры тэзісы, праз якія можна зразумець стан беларускай ідэнтычнасці.

Па-першае, ідэнтычнасць — гэта працэс, сёння — асабліва зменлівы. І за апошнія пяць гадоў беларуская ідэнтычнасць прайшла праз некалькі хваляў сэнсаў.

Па-другое, беларуская ідэнтычнасць не маналітная. Як мінімум, можна казаць пра нацыянальную і савецкую ідэнтычнасці, і нейкія іх прамежкавыя варыянты.

Па-трэцяе, для разумення сённяшняга стану нацыі важна асэнсаваць тое, як на беларускую ідэнтычнасць паўплывалі 2020-21 гады. Гэта справа як экспертаў і інтэлектуалаў, так і творчых людзей: «Спачатку мы шмат казалі пра 2020 год, але апісальна, не аналітычна, пасля мы сталі казаць, што захраслі ў 2020 годзе і трэба ісці далей. Аднак сапраўднага аналізу так і не адбылося».

Сяргей Будкін. Скрын відэа.

Беларуская ідэнтычнасць — заўсёды рух насуперак

Рух да стварэння мірнай еўрапейскай нацыі патрабуе вялікіх высілкаў, — сказаў Сяргей Будкін. У тых нацый, якія сфармаваліся цалкам, ідэнтычнасць прысутнічае як факт і фон жыцця. У Беларусі, калі мы хочам быць прыналежнымі да мірнай еўрапейскай ідэнтычнасці, трэба кожнаму рабіць выбар і прыкладаць высілкі. Гэта рух насуперак.

Паўліна Вітушчанка. Скрын відэа.

Рэчы, якія яднаюць

«Ідэнтычнасць акрэслівае набор фактараў, якія мы лічам, што яны нас яднаюць, — патлумачыла Паўліна Вітушчанка. — Як было заўважана, наша ідэнтычнасць неманалітная, нас ніколі не аб’ядноўвала адна рэлігія, цяпер нас не яднаюць мова і дэмакратычныя вартасці. Адзінае, што яднае ўсіх беларусаў — гэта жаданне быць у сабе і на сваім».

Ганна Златкоўская. Скрын відэа.

Ці магчымая новая беларусізацыя праз трыццаць гадоў?

Важная частка ідэнтычнасці — мова. Ці магчыма непрымусовае ўвядзенне дзяржаўнай мовы ў краіне, — задаў пытанне мадэратар.

Калі параўноўваць з 1990-мі гадамі, з аднаго боку, гэта больш складаная задача, бо мова выціснутая з паўсядзённага жыцця, — адказаў Генадзь Коршунаў. У 1990-х усе глядзелі «Калыханку», слухалі радыё, большая частка навінаў ішла на беларускай мове. І людзі чулі беларускую мову ў паўсядзённым жыцці. Цяпер гэтага няма, але, з іншага боку, статус беларускай мовы моцна змяніўся. Цяпер гэта мова супраціву, яна становіцца моднай ці, як моладзь кажа, «сэксі». Мова павінна быць паказнікам моцы, моды і якасці.

Самы просты спосаб падняць прэстыж беларускай мовы, — патлумачыў Сяргей Будкін — ствараць якасны кантэнт.

Усё, што з’яўляецца фонам будзённага жыцця ў іншых краінах, ствараецца на нацыянальных мовах. Чым больш мы створым такога кантэнту, тым больш ён будзе ўплываць на людзей, і больш магчымасцей з’явіцца ў наступных пакаленняў.

Беларусы, якія вымушаны выехалі з радзімы, засвойваюць мовы тых краін, у якіх апынуліся, — заўважыла Наталля Русецкая. Гэта адкрывае іх на вывучэнне моў і змяняе рускацэнтрычнае ўспрыманне свету.

Беларуская мова для нас з’яўляецца камплектам каштоўнасцей, вартасцей, яна — знак таго, што мы не паддаліся ўплывам, што мы выбралі сябе і выбралі сваё, — зазначыла Паўліна Вітушчанка. Важна разумець, што мова — не проста інструмент, за мовай ёсць вялізны фон, за які мы цяпер і змагаемся.

Ганна Златкоўская нагадала, што Беларусь — білінгвальная краіна, чаго не трэба саромецца. «Але Лукашэнка забараняе беларускую мову, а наша любімая гульня рабіць усё, каб пазлаваць Лукашэнку. Калі нешта забараняюць, мы супраціўляемся».

Наталля Русецкая. Скрын відэа.

Якасны кантэнт на беларускай мове

Адзін з тэзісаў вырашэння моўнай праблемы і выбудоўвання моцнай ідэнтычнасці — стварэнне якаснага кантэнту на беларускай мове.

Мадэратар папрасіў пералічыць такія творы. «Я магу адразу назваць топ-100, сярод іх будзе 20-30 прадуктаў з Беларусі, якія мы цяпер не можам назваць», — адказаў Сяргей Будкін. Сярод таго, што ён паспеў згадаць, былі: серыял «Працэсы», гурт Nürnberg, опера «Дзікае паляванне» Беларускага свабоднага тэатра, кнігі Альгерда Бахарэвіча, паэзія Вальжыны Морт. Іншыя суразмоўцы дадалі дзейнасць спявачкі Русі, Мікіты Мелказёрава, Маляваныча і іншых.

Нацыянальная ідэнтычнасць шырэй за мову

«Мова — гэта тое, што бачна і па мове перадусім апазнаеш свайго, але думаць трэба шырэй, не толькі пра стварэнне моўнага кантэнту, — адказаў на пытанне гледачоў Генадзь Коршунаў. — Глядзець трэба шырэй. Кантэнт можа быць беларускім не толькі на беларускай мове, сэнсы, героі, кантэкст, змест — усё гэта можа быць не толькі на беларускай мове. І калі мы працуем на прасоўванне вобраза Беларусі, то гэта павінна быць не толькі ангельская мова, гэта трэба рабіць на польскай, літоўскай і іншых мовах».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.