Сёння мінула тры гады з пачатку ўварвання Расіі ва Украіну. Беларускія мастакі, артысты, паэты, кінематаграфісты згадваюць гэты час як «тры гады страху, нянавісці і гора, жаху мільёнаў людзей». «Тры гады знішчальнай вайны і татальнай маны», як піша Уладзімір Някляеў.
Reform.news вырашыў узгадаць стужкі беларускіх фільммейкераў пра падзеі ва Украіне. Гэтыя фільмы здымаліся на працягу апошніх 11 гадоў: пачынаючы з анексіі Крыма ў 2014 годзе — да ваенных дзеянняў ва Украіне ў 2022-м, і далей, фіксуючы змены ў свядомасці ўкраінцаў і ўсяго свету.
«Мая бабуля з Марсу» Аляксандра Міхалковіча (2018)
Дакументальная стужка беларускага рэжысёра Аляксандра Міхалковіча ў свой час была скасавана з Нацыянальнага конкурсу Мінскага міжнароднага фестывалю «Лістапад» па цэнзурных меркаваннях. Фільм паказалі на фестывалі на наступны год, калі стасункі паміж Расіяй і Беларуссю сталі больш складаныя.
У цэнтры гэтага кіно — гісторыя бабулі рэжысёра — бабы Зіны, якая пасля выхаду на пенсію пераехала ў Крым. Пасля анексіі Крыма Расіяй наведаць блізкага чалавека для ўсёй сям’і стала вялікім выпрабаваннем — паспрабуйце дабрацца да Еўпаторыі, калі да яе ходзіць абмежаваны транспарт. Крым пераўтварыўся ў далёкую планету Марс.
Аляксандр Міхалковіч адлюстроўвае жыццё бабулі Зіны «на Марсе» на працягу пэўнага часу. А таксама ён заўважае і змены, якія адбываюцца на паўвостраве. Як ірвуцца культурныя і чалавечыя сувязі паміж Украінай і Крымам, як паступова вядомы ўсім абшар запаўняе прысутнасць расійскага кітчу і спажывецтва.
Паглядзець фільм можна на анлайн-платформе беларускага кіно Vodblisk.
«Шлях дадому» (2020) і «Medyka» (2022) Арцёма Лобача
У 2020-м у беларускага рэжысёра Арцёма Лобача выходзіць дакументальная стужка «Шлях дадому», у якой ён захоўвае на камеру жыццё Паўла, вымушанага пакінуць свой родны Крым пасля 2014 года. Павел прыязджае на новае месца і спрабуе наноў адбудаваць свой дом і сваю ідэнтычнасць — хто ведаў, што літаральна праз некалькі месяцаў з такімі ж выклікамі сутыкнуцца і беларусы пасля падзей 2020 года.
«Шлях дадому» — гэта кіно пра страту, супраціў і самапазнанне. Пра каштоўнасці і пошук сябе ў новых абставінах. І сёння карціна вельмі блізкая па шматлікіх рэчах беларусам.
Глядзець дакументальны фільм таксама можна на платформе Vodblisk.
І ўжо ў 2022 годзе беларускі фільммейкер Арцём Лобач, будучы сам у эміграцыі, выправіцца на мяжу з Польшчай. Каб ўбачыць на ўласныя вочы, што адбываецца на памежным пункце пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну. Плакаты «Тут вы ў бяспецы», людзі, якія сустракаюць ўкраінцаў на мяжы — «Кракаў, 6 чалавек», праца валанцёраў, пункт медычнай дапамогі, гуманітарны цэнтр, і вольнае фартэпіяна, на якім раптам у гэтым месцы перакрыжаванняў гора і бяспекі грае музыкант… У 17-хвілінным эсэ беларускага дакументаліста захаваны моманты чалавечай салідарнасці, разгубленасці і невядомай будучыні.
«Святая вада» (2023) і «Без дома» (2023) Андрэя Куцілы
Беларускі рэжысёр Андрэй Куціла зняў Кіеў у дакументальным метры «Святая вада» напярэдадні ваеннага ўварвання.
Свята Вадохрышча, у адным са спальных раёнаў зрабілі палонку, людзі распранаюцца, каб акунуцца ў ваду. Да вайны застаецца 36 дзён. Што адчуваецца ў паветры? Пра што размаўляюць украінцы? Пра што думаюць? Гэты кароткі фільм-назіранне схоплівае хісткі момант мірнага жыцця напярэдадні катастрофы.
Вера і нявер’е, глабальнае і лакальнае, сучаснасць і мінулае, хваляванне, трываласць, самавітасць, прастата, чалавечнасць — у дваццаціхвіліннай карціне можна ўбачыць і партрэт нацыі, грамадства і такі каштоўны момант жыцця, калі свята Хрышчэнне Гасподне было адной з радасцяў міру.
Нагадаем, што «Святая вада» была адзначана на шматлікіх міжнародных кінафестывалях. Фільм даступны на канале Belsat Doc.
Ужо ў дакументальным тэлевізійным кіно «Без дому» Андрэй Куціла мяняет стыль аповеду, каб перадаць стан украінцаў, вымушаных пакінуць свой дом. Некалькі дзясяткаў украінскіх бежанцаў жывуць у будынку былой камп’ютарнай школы ў Лодзі. Гэта час мірнага, але цалкам іншага жыцця ў іншай краіне.
Галоўныя героі ў гэтым фільме — сям’я Ванды Кавалеўскай — жанчыны, якая прыехала ў Польшчу разам з дачкой і ўнукам. Ванда больш за 50 гадоў прапрацавала настаўніцай музыкі ў Харкаўскай дзіцячай музычнай школе, і зараз у Лодзі дае анлайн-заняткі. Як у сітуацыі адсутнасці дома захаваць вытрымку і мужнасць? Як прыняць свой статус «бежанца» і тугу па доме, і пры гэтым стаць падтрымкай для іншых? У гэтым дакументальным рэпартажы Андрэя Куцілы спадарыня Ванда займаецца музыкай у краме музычных інструментаў, а яе дачка дапамагае іншым украінцам. У гэтай гісторыі жыцця без дому, у пакойчыку вучэбнага класу, кожны знаходзіць свае апірышча, каб жыць далей.
Асобным блокам вылучым фільмы Вольгі Воранавай — гэта тэлевізійныя карціны, якія беларуская рэжысёрка здымала для тэлеканала Belsat. У даробку Вольгі — шмат тэлевізійных стужак пра беларускія пратэсты 2020 года і беларускіх дабравольцаў на вайне ва Украіне. Аўтарка карыстаецца пераважна мовай тэлевізійнага рэпартажу — сведчаннем герояў, архіўнымі кадрамі, хронікай, гэта не фільмы-назіранні, ці творы, якія робяцца на працягу гадоў. Аднак рэжысёрка вядзе няспынную журналісцкую працу, якая не дае забыцца на тыя падзеі, які няўмольна адбываюцца ў апошнія гады. І фіксацыя гэтых зменаў заслугоўвае ўвагі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram