Пісьменнік і публіцыст Севярын Квяткоўскі абвесціў пра пачатак праекта «Кніга Памяці «2020». Культурны менеджар стварыў «Фундацыю Belarus 2020» і заклікае далучыцца ўсіх ахвочых з ідэямі і фінансавай падтрымкай.
Што падштурхнула літаратара і медыяменеджэра запусціць кампанію? У чым палягае канцэпт праекта і да стварэння якой інстытуцыі ён можа прывесці? Reform.news распытаў Севярына Квяткоўскага пра дэталі ініцыятывы.

«Магчыма, гэта самыя значныя гістарычныя падзеі пасля абвяшчэння БНР»
— Севярын, чаму ты лічыш, што ёсць неабходнасць ў праекце «Кніга Памяці «2020» тут і цяпер?
— Неабходнасць у праекце «Кніга Памяці «2020», у тым, што ніхто дагэтуль не можа выразна, на ўзроўні школьнай праграмы, патлумачыць што адбылося ў 2020 годзе. Мы бачым, што беларусам сціраюць памяць. І пра 2020 год, і пра ранейшую найноўшую гісторыю.
Дзеці растуць, за мяжой у прынцыпе мала што ведаюць пра «2020», а ў самой Беларусі дарослыя не асабліва расказваюць, каб дзіця не набалбатала лішняга. Так што тады застанецца?
Але 2020 год — гэта пераломны час! Маё персанальнае меркаванне — падзеяў адбылося так шмат, што за некалькі месяцаў ішло фактычна як за некалькі дзесяцігоддзяў. Магчыма, гэта самыя значныя гістарычныя падзеі пасля абвяшчэння БНР. Можа быць, нават пасля ўтварэння ВКЛ. Будуць яшчэ дыскусіі на гэту тэму. Таму і лічу, што такі праект па найноўшай гісторыі Беларусі, які акумулюе меркаванні як экспертаў, так і шырокага кола людзей, неабходны і важны.
— У чым палягае канцэпт «Кнігі Памяці «2020»? Што гэта будзе?
— Мы пачынаем з простага — каб бацькі маглі патлумачыць дзецям што тады адбылося. Мы максімальна спрашчаем і падкрэсліваем толькі самае важнае.
— Хто гэта — мы?
— Мы — гэта мая каманда і мае суразмоўцы, якія я пакуль не называю па той простай прычыне, што людзі не гатовы яшчэ публічна выступаць, бо гэта відавочна праект, які будзе разыходзіцца з палітычнымі канцэпцыямі не толькі прыхільнікаў рэжыму, але і людзей з бела—чырвона—белымі сцягамі, але са сваімі палітычнымі амбіцыямі. Таму вельмі важна падкрэсліць, што першая «Кніга Памяці», першы том, будзе закцэнтаваны на феномене беларускага супольнага лідарства.
Калі хтосьці забыўся, нагадаю, што гэта было беспрэцэдэнтнае яднанне, прыкладаў у гісторыі Еўропы — няма. У нас не было эканамічных патрабаванняў, як у «Салідарнасці» ў Польшчы. Мы не патрабавалі таго самага «хлеба і долі», бо выйшаў на вуліцы крэатыўны клас, людзі, якія самастойна мысляць альбо самастойна зарабляюць, альбо хацелі б самастойна зарабляць.

Але гэта і не была «буржуазная рэвалюцыя». Бо патрабаванні былі каштоўнаснымі. Спачатку абурэнне падманам, пасля абурэнне шалёным гвалтам супраць мірных людзей.
Выйшла адукаванае насельніцтва, чаго ў папярэдняй гісторыі не было проста таму, што толькі ў ХХІ стагоддзі ў Беларусі адукаванае насельніцтва сталася большасцю. Звычайна выходзілі, каб «людзьмі звацца». Але ў сучаснай Беларусі людзі ўжо назваліся «людзьмі», яны проста захацелі сцвердзіць сябе ў гэтай новай цывілізацыйнай прасторы, якая ўтварылася на момант 2020 года.
— Я так разумею, што будзе некалькі тамоў?
— Так, але пачнем з моманта фенаменальнай самаарганізацыі і падтрымкі беларусаў у гэты час. Далей праект будзе развівацца. Апроч ўласна папяровых кніг мы бачым праекты ў інтэрнэце.
Першы том «Кнігі Памяці «2020» плануецца як аглядна-уводны ў тэму беларускага 2020 году. Форма – мастацка-дакументальная рэканструкцыя.
Паралельна ўжо цяпер плануем падрыхтоўку кніг па рэгіёнах: «Кніга Памяці «2020» – Гарадзеншчына», «Кніга Памяці «2020» – Берасцейшчына» і гэтак далей.
«Гэта частка асэнсавання нас, беларусаў, у новай рэальнасці»
— У вашым стэйтменце падкрэсліваецца, што сабраныя сродкі таксама пойдуць на стварэнне Анімаванай Энцыклапедыі. Што яна будзе з сябе ўяўляць?
— Ключ тут — у слове «анімаваная». Зараз вельмі проста браць фотаздымкі, малюнкі, і ажыўляць іх. І тут я ўжо звяртаюся да людзей творчых прафесій, звязаных з візуалам, я быў бы ўдзячны за вашу дапамогу.
Што энцыклапедыя будзе ўяўляць? Слова/Паняцце — ілюструецца візуальна. Тэкст ідзе тытрам. Груба кажучы, напрыклад, «Стэла» (лакацыя ў Менску, на якой адбывалася шмат падзеяў 2020 году — рэд.). Што за яна? Тут бяруцца фота, відэа. Каб не падстаўляць людзей, твары людзей можна змяняць сучаснымі графічнымі інструментамі. І раскрываецца тэма «Стэлы». Альбо нейкі панятак — напрыклад, «ябацька». Ствараецца анімаваны ролік на 50 секунд— 1,5 хвіліны, у якім раскрываецца паняцце. Такі фармат дазволіць прасцей тлумачыць людзям—замежнікам, што адбылося ў 2020-м.

— Таксама ў стэйтменце адзначаецца перспектыва праекта. Маўляў, у будучыні плануецца зрабіць так, каб праект вырас у Інстытут Беларускай Ідэі (працоўная назва). Што гэта будзе за інстытуцыя?
— Падобная інстытуцыя ёсць у Польшчы — Інстытут нацыянальнай памяці. Ва Украіне таксама ёсць. Штосьці можна запазычыць, штосьці прыўнесці сваё. Праект «Кніга Памяці «2020» можа падштурхнуць да стварэнння такога інстытуту, які будзе акумуляваць даследаванні паўставання Беларушчыны.
Праект, які анансую, — гэта частка асэнсавання нас, беларусаў, у новай рэальнасці. І тыя, хто ўмеюць працаваць з сэнсамі, мяркую, гэта іх чалавечы абавязак — дапамагчы сваім суайчыннікам з разуменнем.
Мне кажуць, вы, беларускія актывісты, мала кантактуеце з палякамі, няма інтэграцыі. А як мы можам інтэгравацца і размаўляць з іншым, калі мы да канца сябе не ўсвядомілі? За мяжой нас успрымаюць яшчэ па лекалах і шаблонах ледзь не 1990-х гадоў. Часам проста паўза ўзнікае ў размове з тым ж палякамі, таму што яны не ведаюць, што ў нас адбылося. Яны настолькі прызвычаіліся да таго, што ў нас Лукашэнка, і мы бядуем, што не могуць усвядоміць, што мы зрабіліся іншымі. А беларусам, якія за мяжой вымушаны выжываць і шукаць, за што ім наступны месяц аплаціць кватэру, не да дыялогаў пра высокія матэрыі. І атрымліваецца замкнёнае кола.
Таму праект «Кніга Памяці «2020» — гэта можа быць у тым ліку адным з тых масткоў паміж беларусамі і замежжам.
Але базавая яго задача — гэта напісаць беларускую сучасную гісторыю.
У якасці антыпрыклада назаву 1990-я, пра якія сённяшнія саракагадовыя дарослыя людзі, ужо са сваімі дзецьмі, вельмі часта нічога не ведаюць. Палітолагі, культуролагі, творчыя людзі названага веку маюць у сваёй памяці вялікая белыя плямы што да гісторыі 1990-х.
Што такое «Наша ніва» 1990-х Сяргея Дубаўца, напрыклад? Нуль ведаў. Што такое філосафы 1990-х? Ці хоць штосьці хтосьці ўзгадае? І вось гэтага правалу не мусіць паўтарыцца. А тое, што камусьці падаецца, што ўсё зразумела, сябры мае, правядзіце эксперымент і спытайцеся людзей вакол вас, што яны скажуць пра 2020? Вялікая частка адкажа, што не хоча ўзгадваць, бо людзі траўмаваныя. І акурат таму я запускаю гэты праект. Каб спецыяльна падрыхтаваныя людзі — гісторыкі, сацыяёлагі, культуролагі, палітолагі, філосафы, распавялі пра 2020 год тым, хто не можа па розных прычынах.
Імёны будуць агучвацца па хадзе развіцця праекту.
А сёння пакуль я пачынаю праект ад свайго імя. Тыя, хто мяне ведае, звяртайцеся, калі ласка, прашу мяне падтрымаць.
Мой праект створыць прэцэдэнт сувязі між мыслярамі і шырокімі коламі. Тое, чым маглі бы часткова займацца медыі, але медыі на такое не маюць ні фінансаў, ні спецыялістаў.
Са стэйтментам праекта Севярына Квяткоўскага можна азнаёміцца тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
