Цэлы cлуцкі пояс, даўжынёй 4 метры 60 сантыметраў, набыты ў прыватнай асобы, з’явіўся ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея. У сюжэце беларускага тэлебачання намякнулі, што кошт пояса ўкладаецца ў лічбу з пяццю нулямі.
Гэты выраб захаваўся цалкам, у добрым стане і мае шмат залотных ніцяў. Захаваліся махры на канцах пояса, што з’яўляецца вялікай рэдкасцю. Напрыклад, у цэлага пояса ХVІІІ стагоддзя, які захоўваецца ў Нацыянальным музеі, арыгінальных махроў няма.

Выраблены каля 1807 года пояс даследчыкі музея называюць адным з лепшых узораў свайго часу. У гэта час Слуцкай мануфактурай валодаў Караль Станіслаў Радзівіл. Пра што на поясе захавалася метка.
Паясы з тонкіх шаўковых, залатых і сярэбраных нітак былі нязменным атрыбутам беларускай заможнай шляхты. Спачатку яны былі прывазнымі, пераважна з Азіі, але вельмі хутка на абшарах Вялікага Княства пачынаюць вырабляць ўласныя паясы, якія сталі адметнай перлінай высокага майстэрства беларускіх ткачоў, гонарам беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найбольш вядомымі на тэрыторыі Беларусі былі вырабы Слуцкай мануфактуры.
Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў была заснавана ў 1760 годдзе князем Міхаіл Казімір Радзівілам. Для навучання мясцовых ткачоў на слуцкую фабрыку быў запрошаны турэцкі рамеснік армянскага паходжання Ян Маджарскі.
Вытворчасць працягвалася каля паўстагоддзя, і за гэты час паясы паспелі ператварыцца ў сапраўдную легенду.
Лічыцца, што ўсяго захавалася не больш за 1000 слуцкіх паясоў, толькі больш за дзясятак з іх знаходзяцца ў сямі беларускіх музеях. Калекцыю колішняй Дзяржаўнай карціннай галерэі з 48 паясоў (32 з іх — з нясвіжскага збору Радзівілаў) вывезлі ў Германію ў Другую сусветную вайну, калекцыя Беларускага дзяржаўнага музея з 21 пояса таксама была страчана.
Новы экспанат пакуль будзе захоўвацца ў фондах.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

