«Сардэчна вітаем, Абдо!» — нашумелая п’еса беларускага драматурга Мікіты Ільінчыка ў пастаноўцы польскага рэжысёра Пётра Пачэсняка будзе прадстаўлена ў траўні на сцэне Teatr Studio ў Палацы культуры і навукі ў Варшаве. П’есу ў жанры дакументальнай антыўтопіі, адзначаную на міжнародным драматургічным конкурсе «Аўрора», ужо мелі магчымасць бачыць гледачы Таліна, Берліна, Шчэціна, Познані, Будвы, Цюрыха. 8 траўня адбудзецца яе варшаўская прэм’ера.
Існуе спектакль у рэжысуры самога аўтара п’есы Мікіты Ільінчыка — ён быў пастаўлены міжнароднай камандай, у тым ліку і з беларускімі творцамі, у 2024 годзе. Але Teatr Studio пакажа бачанне польскага рэжысёра і драматурга Пётра Пачэсняка на праблему, узнятую беларускім драматургам.
«Сардэчна вітаем, Абдо!» (Say Hi To Abdo) змяшчае ў цэнтр увагі гісторыю зніклага на беларуска-польскай мяжы бяжанца Абдальрахмана Харэма. Абдо прысутнічае ў пастаноўцы хутчэй як прывід — гледачы бачаць яго гісторыю пра сведчанні трох персанажаў — актывісткі, супрацоўніцы турыстычнага агенцтва і памежніка. «Іх галасы не столькі рэканструююць мінулае, колькі круцяцца вакол яго, спрабуючы апраўдаць яго, перафармуляваць, забыць», — апісваюць той метад, праз які паўстае гісторыя, аўтары.

Заўважым, што дзеянне ў п’есе адбываецца ў будучыні — гэта 2029 год, у якім «на попеле былых структур міжнародных арганізацый будуецца новы парадак». Не Еўрапейскі, а Еўраісламскі трыбунал прыцягвае да суда тых, хто пасіўна ці актыўна спрыяў гвалту ў адносінах да людзей на межах ЕС у перыяд з 2021 па 2031 год.
«Гэта не толькі суд над асобнымі людзьмі, але і над мовай, памяццю і механізмамі рэпрэсій, якія дазваляюць нам не бачыць трагедыі, якая набліжаецца», — прадстаўляе пастаноўку каманда тэатра.

П’еса «Сардэчна вітаем, Абдо!» стала пераможцай міжнароднага драматургічнага конкурсу ў Быдгашчы за 2024 год. Журы ўзнагароды, якое абірала найлепшыя п’есы з сотняў конкурсантаў, пракаментавала свой выбар твора Мікіты Ільінчыка наступным чынам:
«Аўтар, выкарыстоўваючы спалучэнне дакументальных прыёмаў, аўтафікцыі, мастацкай літаратуры і мультымедыя, даследуе актуальныя праблемы міграцыі, асабліва той, якая праходзіць праз Беларусь у кірунку да ўсходняй мяжы Еўропы. Ён узбагачае сваю працу арыгінальным успрыяццем фемінізму, прадстаўленым у форме Фем-Джыхада. Іранічная гульня сэнсаў у п’есе прымушае задумацца, ці чакае нас утопія альбо антыўтопія».
Пётр Пачэсняк, які прапанаваў свае бачанне ўганараванаму твору, сам з’яўляецца і драматургам, і рэжысёрам. Ён скончыў аддзяленне драматычнай рэжысуры Кракаўскай акадэміі тэатральных мастацтваў, вывучаў гісторыю мастацтва ў Варшаўскім універсітэце. Рэжысіраваў у Новым тэатры ў Лодзі, Драматычным тэатры ў Варшаве, Тэатры Адама Міцкевіча ў Чэнстахове і ў Польскім тэатры ў Познані.

У ролях у пастаноўцы задзейнічаны: Галіна Расякоўна, Дамініка Асталоўска, Вікторыя Крушчыньска, Зузанна Галевіч, Малгажата Гароль, Кшыштаф Стружыцкі.
Прэмію «Aurora» Мікіта Ільінчык, які з 2022 года жыве ў Польшчы, атрымлівае ўжо другі раз. Першы раз — у 2021 годзе за п’есу «Dark Room».
Паказы спектакля ў Палацы культуры і навукі ў Варшаве адбудуцца 8, 9, 11, 12 і 27 траўня. На некаторыя спектаклі — ужо sold out. Набыць квіткі на «Сардэчна вітаем, Абдо!» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram