Самы дарагі ўспамін — ці не пра дом? У Вільні праходзіць выстава Аляксандра Кот-Зайцава

Культура
Аляксандр Кот-Зайцаў. З праекта "DOM" у Музеі Вольнай Беларусі. Фота: reform.news

Што мы ўспамінаем, калі думаем пра дом? Улюбёную вуліцу? Бабуліну ўсмешку? Кветкі на падаконні? Лес на досвітку? Дом для кожнага з нас — гэта вельмі інтымнае перажыванне, якое можа захоўвацца ў самым нечаканым візуальным вобразе. Запаволіцца і дазволіць сабе адчуць свой дом унутры сябе прапануе на выставе «DOM. (ДОМ.)» у прасторы CreateCulture Space беларускі мастак Аляксандр Кот-Зайцаў. Да 23 траўня ў Вільні можна паглядзець апошнюю мультымедыйную версію вядомага праекта творцы.

Хто б мог падумаць, але гэтай фатаграфічнай серыі Аляксандра Кот-Зайцава ўжо больш за дзесяць гадоў. У першай палове 2010-х беларускі фатограф з’ехаў у Польшчу, дзе пачаў вучыцца фатаграфіі і стаў развіваць гэту вельмі асабістую для сябе тэму. У 2019 годзе выйшла фотакніга аўтара, якая мусіла стаць фінальнай кропкай праекта, як тады падавалася творцу. Але здарыўся 2020 год… І гісторыя, якая падавалася інтымнай і сваёй, раптам аказалася блізкай вельмі многім. Аляксандр вярнуўся да праекта і стаў развіваць яго — дадаліся новыя працы, калажы з выкарыстаннем сямейнага фотаархіву. Серыя набыла другое жыццё.

Самы дарагі ўспамін — ці не пра дом? У Вільні праходзіць выстава Аляксандра Кот-Зайцава
Аляксандр Кот-Зайцаў. З праекта «DOM» у галерэі MiserArt ва Уроцлаве. Фота: reform.news

А далей праект пачаў свой выставачны шлях — быў паказны ў Музеі Вольнай Беларусі, у галерэі MiserArt ва Уроцлаве, у галерэі FLAGEY у Бруселі… А цяпер даехаў да віленскай CreateCulture Space. На адкрыцці выставы гучала музыка беларускага кампазітара і баяніста Аляксандра Ясінскага, якую ён адмыслова напісаў для праекта. Аляксандр жыве ў Чэхіі — і мелодыя таксама стала часткай выказвання, якое ўбірае ў сябе ўсё больш медыумаў.

Так у чым жа адметнасць гэтага праекта, які не губляе ў сімвалічнай вазе за гэтыя гады?

«DOM» дзіўным чынам аказаўся блізкім не толькі тым людзям, хто быў вымушаны з’ехаць з радзімы, але тым, хто жыве ў сваёй краіне і не згубіў сувязі з роднымі. Кіраўнік Fundacja Art Square Міхал Мат, які супрацоўнічае з Аляксандрам Кот-Зайцавым і адкрываў яго выставу ва Уроцлаве, адзначыў, што для праект беларускага фатографа абудзіў уласную памяць. Дакладней, Міхал параўнаў свае ўспаміны аб доме са снамі — калі мы вяртаемся ў нейкі відзеж з дзяцінства. Дом, калі мы кажам пра месца, у якім выраслі, з гадамі пераўтвараецца ў мрою, за якой стаіць вельмі моцнае пачуццё — нашы ўспаміны становяцца снамі, у якія часам і складана паверыць, што яны былі. Невыпадкова адна з назваў выстаў з удзелам праекта нашага суайчынніка і мела назву «Што было сном, было домам».

Самы дарагі ўспамін — ці не пра дом? У Вільні праходзіць выстава Аляксандра Кот-Зайцава
Аляксандр Кот-Зайцаў. З праекта «DOM» у галерэі MiserArt ва Уроцлаве. Фота: reform.news

Ці можна сказаць, што для тых, хто з’ехаў, родныя дамы і вуліцы, краявіды таксама пераўтвараюцца ў сон? Магчыма. Але ў сон вельмі дарагі, які не хочацца забыць, колькі б часу не прайшло.

Аляксандру Кот-Зайцаву ўдалося сабраць у сваю серыю відзежы, якія можна ўбачыць у розных прасторах, не толькі, скажам, у Беларусі. Палявыя кветкі, акно, занавешанае фіранкамі, дрэвы без лістоты, на якія мы глядзім з вышыні, святло, якое падае на сцяну, жырандоля пад столлю, пейзаж з полем і лесам… Гэтыя вобразы, якія ёсць, бадай, у памяці кожнага чалавека, бо мы выраслі ў доме — у пэўным пакоі, двары, прыродным і гарадскім атачэнні. Мы прачынаемся ў ложку і глядзім на сцяну насупраць сябе, мы выглядаем у акно ў нашым пакоі, сочым за святлом, якое рухаецца па сцяне, ідзем на шпацыр і бачым рудую траву, прыпарошаную снегам… Гэта той «асабісты архіў», які збіраецца ў дзяцінстве, юнацтве, сталасці чалавека. У ім можа аказацца і экзатычная для нашага асяродку рэч, успамін аб ёй — але яна была ў нашым жыцці і захавалася ў нашай памяці.

Самы дарагі ўспамін — ці не пра дом? У Вільні праходзіць выстава Аляксандра Кот-Зайцава
Аляксандр Кот-Зайцаў. З праекта «DOM» у Музеі Вольнай Беларусі. Фота: reform.news

Адмыслова фатограф абірае і ракурс, і дыстанцыю, з якой робіць фотаздымкі — блізкую, натуральную для чалавека ў яго асяродку. Форма кадра — статычны квадрат, які нібыта «зазямляе» абстрактную выяву.

Самы дарагі ўспамін — ці не пра дом? У Вільні праходзіць выстава Аляксандра Кот-Зайцава
Аляксандр Кот-Зайцаў. З праекта «DOM» у Музеі Вольнай Беларусі. Фота: прадстаўлена арганізатарамі выставы.

Але, як казаў Аляксандр, абраныя ім відзежы надзвычай персанальныя і для яго — яны вядуць і да асабістага свету. Аўтар прапаноўвае гледачу фатаграфіі стану, калі за прапанаваным вобразам адчуваецца эмоцыя. Гэтая сувязь становіцца больш выразнай пры супастаўленні фотаздымкаў. І на кожнай выставе фотаздымкі-ўспаміны збіраюцца ў новую гісторыю.

Самы дарагі ўспамін — ці не пра дом? У Вільні праходзіць выстава Аляксандра Кот-Зайцава
Аляксандр Кот-Зайцаў. З праекта «DOM» у Музеі Вольнай Беларусі. Фота: reform.news
Самы дарагі ўспамін — ці не пра дом? У Вільні праходзіць выстава Аляксандра Кот-Зайцава
З праекта «DOM» у галерэі MiserArt ва Уроцлаве. Фота: reform.news

З іншага боку, выбар сюжэту здымак у Аляксандра — гэта простыя «рэчы», якія пры ўсёй варыятыўнасці, зразумелыя і адкрытыя для іх прачытання амаль кожнаму чалавеку. Бо самы дарагі і першы ўспамін — ці не пра дом?

Дом па выніку застаецца ўнутры нас, як бы мы далёка ад яго не з’ехалі — такую выснову прапаноўвае нам аўтар.

Але ў часы турбулентнасці і зменаў сны аб нашым доме становяцца ці не самым галоўным доказам нашай ідэнтычнасці.

Самы дарагі ўспамін — ці не пра дом? У Вільні праходзіць выстава Аляксандра Кот-Зайцава
З праекта «DOM» у галерэі MiserArt ва Уроцлаве. Фота: reform.news
Самы дарагі ўспамін — ці не пра дом? У Вільні праходзіць выстава Аляксандра Кот-Зайцава
Аляксандр Кот-Зайцаў. З праекта «DOM» у Музеі Вольнай Беларусі. Фота: reform.news

Выстава «DOM. (ДОМ.)» працуе ў прасторы CreateCulture Space да 23 траўня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости