З-за праблем з пашпартам саліст Gods Tower Леслі Найф (Уладзіслаў Наважылаў) не трапіць на запланаваны ў межах гастрольнага тура канцэрт на Кіпры. 26 лютага музыканты мусяць выступаць у Лімасоле. Але сёння ў сваіх сацсетках Уладзіслаў паведаміў, што яму не дазволілі пасадку на рэйс да Кіпру.
«Gods Tower ляціць, а я не магу […] Вось хлопцы ідуць на пасадку, — Леслі зрабіў відэа напрост з варшаўскага аэрапорта. — Не магу туды трапіць, бо не маю зараз беларускага пашпарту, ён пратэрмінаваны. Замест яго ёсць літоўскі праязны дакумент (Užsieniečio pasas). Высветлілася, што на Кіпры гэта штука не працуе, і таму мне проста нельга сесці на самалёт», — агучыў ён прычыны.
Але Уладзіслаў не разгубіўся і ва ўласцівай яму манеры — з гумарам — прапанаваў рашэнне сітуацыі: музыканты ляцяць у Лімасол, а Леслі застаецца ў Варшаве і падключыцца да выступлення каманды праз інтэрнэт-сувязь.
«Што мы вырашылі? Зноў Gods Tower прыйдзецца рабіць нешта новае. Вось што мы зробім: яны будуць іграць жыўцом, а я буду спяваць у Варшаве. І гэта, мне здаецца, будзе такая прарыўная штука для беларускага металу. Так што, варшавякі, цягніце да мяне флякі! Я з вамі бліжэйшыя тры дні».
18 лютага ва Уроцлаве легендарны метал-гурт Gods Tower распачаў свае гастрольнае турнэ па чатырох краінах. У Лімасоле, 26 лютага, канцэрт адбудзецца ў Music Hall, а далей Gods Tower рушыць у Гданьск і Каўнас.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

