Рэканструкцыя касцёла Узвышэння Святога Крыжа, шасці капліц-пахавальняў і цэнтральнай уваходнай брамы на тэрыторыі Кальварыйскіх могілак у Мінску зацягваецца, — піша выданне Katolik life.
Гэта вынікае з апублікаванага пераліку аб’ектаў, праектаванне, будаўніцтва, рэканструкцыю якіх у 2025 годзе плануецца ажыццяўляць за кошт сродкаў бюджэту Мінска і іншых крыніц фінансавання – дадатку да інвестыцыйнай праграмы Мінска на 2025 год.
Згодна з дакументам, тэрмін рэканструкцыі касцёла і іншых аб’ектаў на Кальварыйскіх могілках расцягнулі на 2025-2026 гады. Сума, якая павінна быць выдзелена з гарадскога бюджэту і асвоена, падзелена амаль роўнымі долямі на два гады. Гэта можа гаварыць пра тое, што аб’ёмы прац у 2025 і 2026 гадах павінны быць прыкладна аднолькавымі.
Тэрмінам уводу аб’екта ў эксплуатацыю таксама пазначаны 2026 год замест 2025-га, як планавалася раней. Ці будзе закрыты касцёл на гэты перыяд, па-ранейшаму не паведамляецца.
Заказчыкам праекта з’яўляецца дзяржаўнае прадпрыемства «Мінская спадчына», на балансе якога таксама знаходзіцца закрыты больш за два гады Чырвоны касцёл – быццам з прычыны патрэбы ў рэканструкцыі.
Аднак Чырвонага касцёла няма ў планах па рэканструкцыі аб’ектаў у 2025 годзе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram