Памежны камітэт Беларусі абвясціў конкурс для блогераў. Да 20 траўня ўдзельнікам трэба апублікаваць відэа на тэму, звязаную з памежнікамі, пазначыўшы акаўнт Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі і дадаўшы хэштэг #ЯзнаюГраницу.
У відэа просяць расказаць аб правілах перасячэння мяжы, службе пагранічнікаў або развеяць міфы ў крэатыўным фармаце. Сярод тэм — лайфхакі для падарожнікаў; гумар і недарэчныя сітуацыі на мяжы; разбор папулярных памылак; гісторыі пра памежную службу; тлумачэнне правілаў перасячэння мяжы дзецям у гульнявой форме і іншае.
Тройка прызёраў адправіцца ва ўнікальны тур у Чарнобыльскую зону адчужэння. Ім пакажуць закінутыя вёскі і будынкі, урослую ў зямлю тэхніку і саркафаг ЧАЭС, а таксама пакатаюць на катэры па рацэ Прыпяць.
Пагранкамітэт абяцае не толькі выдатныя ўражанні, але і ўнікальны цікавы кантэнт.
Нагадаем, што беларускі рэжым перад апошняй электаральнай кампаніяй выкарыстаў у прапагандзе папулярных беларускіх блогераў з мільённымі аўдыторыямі. Раней яны трымаліся ў баку ад палітыкі, але цяпер сталі актыўна ўдзельнічаць у дзяржпрапагандзе па розных прычынах, у тым ліку і з-за пагроз. Цяпер блогераў вырашылі прывабіць вандроўкай у зону адчужэння.
Дарэчы, Брэсцкая абласная дзяржаўная газета «Заря» не паверыла рассылцы Дзяржпагранкамітэта пра конкурс блогераў з галоўным прызам — паездкай у Чарнобыльскую зону адчужэння. Пра гэта рэдакцыя газеты адмыслова распавяла сваім чытачам у афіцыйным тэлеграм-канале і адзначыла, што гэта фэйк.
Пост з’явіўся ў тг-канале газеты 16 красавіка, а затым быў выдалены.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram