Да 12 лютага 2025 года будуць збірацца заяўкі на прэмію імя Наталлі Арсенневай, паведамляе Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, адзін з арганізатараў прэміі.
Намінаваць могуць самі аўтары/аўтаркі паэтычных кніг, выдавецтвы, сябры журы, сябры аргкамітэта, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ.
Паэтычная кніга мусіць быць выдадзена на беларускай мове ў папяровым або электронным выглядзе або ў фармаце аўдыякнігі паміж 1 студзеня і 31 снежня 2024 года.
Кніга мусіць быць выдадзена ўпершыню (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш за палову зместу якой публікуецца ў кнізе ўпершыню).
Калі кніга, якая намінуецца на прэмію, выйшла паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс, але з нейкай прычыны не ўдзельнічала ў конкурсе, яна можа быць заяўлена на ўдзел у наступным каляндарным годзе.
З гэтага года намінаваць на прэмію можна аўдыякнігі, якія выйшлі ўпершыню ў тэрмін паміж 1 студзеня і 31 снежня 2024 года. Кнігі ў такім фармаце таксама мусяць выконваць патрабаванні ўдзелу ў прэміі. Сярод іншага гэта наяўнасць нумару ISBN. Калі аўдыякнігі маюць папяровыя выданні, якія выходзілі да года намінацыі, то-бок не з’яўляюцца новымі кнігамі, яны не прымаюцца да ўдзелу ў прэміі.
Каб падаць заяўку, трэба запоўніць спецыяльную форму па спасылцы. У выпадку тэхнічных перашкод, электронную версію вашай кнігі або аўдыякнігу разам з вокладкай (у фарматах jpeg, jpg або png) можна даслаць на электронны адрас арганізатараў ludzislova@penbelarus.org. Трэба абавязкова пазначыць у тэме ліста назву кнігі і імя аўтара/аўтаркі.
Канчатковы тэрмін падачы заявак – 23:59 12 лютага 2025 года.
Імёны публічных сябраў журы будуць абвешчаны неўзабаве.
Паэтычная прэмія імя Наталлі Арсенневай была заснавана ў гонар выдатнай паэткі і зоркі беларускай літаратуры, аўтаркі славутага верша «Малітва», які зрабіўся гімнам «Магутны Божа». Яе творчасць і дзейнасць на эміграцыі сталі важным унёскам у захаванне і развіццё беларускай культуры.
З 2021 года арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі «Толькі вершы». Папярэднія прэміі атрымалі Наста Кудасава за кнігу «Побач» (2022 год) і Ганна Шакель за кнігу «Цела мігдалу» (2023 год).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.