Расія выкарыстоўвае беларускі рэжым і міграцыйны крызіс для дэстабілізацыі Еўропы, заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга 16 верасня.
Сібіга папярэдзіў, што Расія хоча справакаваць новую хвалю міграцыі ў Еўропу, у тым ліку праз Беларусь.
Ва ўкраінскім МЗС лічаць, што голад і недахоп прадуктаў у краінах, якія залежаць ад імпарту харчавання, прывядуць да наплыву мігрантаў з гэтых краін у Еўрасаюз.
Такая стратэгія выглядае прывабнай для Масквы асабліва напярэдадні выбараў у краінах – членах ЕС у наступным годзе, улічваючы, што пытанне міграцыі з’яўляецца адным з найбольш адчувальных у еўрапейскіх выбарчых кампаніях.
«Ён [Пуцін — заўв. Reform.news] будзе выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для павелічэння міграцыйнага патоку ў Еўропу. Блакада Чорнага мора — толькі адно з іх. Іншым застаецца рэжым Лукашэнкі ў Беларусі. Нядаўна Літва выявіла некалькі новых падземных тунэляў, пракапаных з тэрыторыі Беларусі, якія павінны былі выкарыстоўвацца для незаконнай перапраўкі мігрантаў праз мяжу.
У Маскве лічаць, што такая стратэгія створыць напружанасць, пасее раскол, узмоцніць радыкальныя антыеўрапейскія рухі і ў канчатковым выніку аслабіць падтрымку Украіны з боку Еўропы», — заявіў Сібіга.
Менавіта таму падтрымка экспарту ўкраінскай сельгаспрадукцыі і разблакіроўка суднаходства ў Чорным моры з’яўляюцца жыццёва важнымі для Еўрасаюза і свету ў цэлым.
Сібіга падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі неабходна забяспечыць суднаходства з украінскіх марскіх партоў, развіваць альтэрнатыўныя маршруты, а таксама распрацаваць агульнаеўрапейскую стратэгію супрацьдзеяння расійскім кампаніям дэзінфармацыі, умяшання і маніпуляцый.
