Выдавецтва «Янушкевіч» абвясціла пра старт продажаў беларускага перакладу найноўшага рамана вядомага польскага пісьменніка Шчэпана Твардаха — «Нуль».
Пераклад кнігі, якая паказвае вайну не як эпас пра перамогу, а як хаос, у якім разбураецца чалавечая мараль, і застаецца толькі воля да выжывання, стварыла Кацярына Маціеўская, лаўрэатка Прэміі Шэрмана.
«Нуль» — гэта выбуховая сумесь ваеннай драмы, псіхалагічнага трылера і філасофскай рэфлексіі пра сутнасць чалавека на вайне.
Калі Шчэпан Твардах адправіўся на ўкраінскі фронт, каб адчуць усё на ўласнай шкуры, з’явілася мноства каментарыяў пра тое, што гэта безадказна, небяспечна, і што гэта пазёрства, але ў выніку атрымалася моцная кніга, якая разрывае традыцыйныя схемы гераізму і ахвярнасці, уласцівыя савецкаму канону.
Нягледзячы на раманную форму, у якой напісана гісторыя Каня, добраахвотніка УСУ (Узброеных сіл Украіны) з нямецка-ўкраінска-польскімі каранямі, — кніга часам нагадвае рэпартаж. Твардах апісвае гісторыі, эмоцыі і падзеі, якія ён сам перажыў або пачуў ад салдат.
Але Твардах выбірае выдумку, каб расказаць праўду. У пэўным сэнсе гэта нават дазваляе яму быць больш адкрытым — літаратура факту ва ўмовах вайны патрабуе, напрыклад, захавання бяспекі апісаных персанажаў. Выбіраючы мастацкую літаратуру, заснаваную на рэальных падзеях, аўтар можа больш дакладна апісаць рэальнасць.
Шчэпан Твардах — найвядомейшы польскі пісьменнік сучаснасці. Бескампрамісны ў публічнай дзейнасці. Рэзкі на палітычныя выказванні. Кожная выдадзеная ім кніга станавілася падзеяй і абавязкова — бестселерам. Аўтар такіх вядомых, скандальных і гучных раманаў, як «Морфій» (2012), «Драх» (2014). «Кароль» (2016), «Каралеўства» (2018), «Пакора» (2020), «Холад» (2022). Ягоны найбольшы бестселер «Кароль» выйшаў па-беларуску ў 2022 годзе.
Аўтарцы перакладу — Кацярына Маціеўская — удалося перадаць складаную, шматпластавую мову Твардаха з яе гіпнатычнай энергетыкай і трывожным рытмам.
Набыць выданне можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram