Прызёр Берлінале, пераможца «Шлінгеля» і эстонская класіка: што глядзець на «Ззя weekend» у Варшаве
Reform.news · 29 ноября 2026, 20:39
https://reform.news/pryzyor-berlinale-i-estonskaya-klasika-shto-glyadzecz-na-zzya-weekend-u-varshave/Уладальнік «Сярэбранага мядзведзя» Берлінскага кінафестывалю, адноўленая класіка эстонскага кіно, экранізацыя нямецкага аўтабіяграфічнага бестселера і шматабяцальны рэжысёрскі дэбют – сёлета кінафестываль «Паўночнае ззянне» аб’яднаў чатыры стужкі пра няпростае сталенне. З 11 па 13 снежня 2026 года кінафэст пройдзе ў новым камерным фармаце «Ззя weekend» у варшаўскім кінатэатры Kinoteka. Адмысловым госцем стане эстонскі рэжысёр Тыніс Піль, які сустрэнецца з глядачкамі і гледачамі пасля паказу сваёй стужкі «Фрэнк».
Што адбываецца, калі свет дарослых, які мусіць абараняць дзяцей, сам становіцца для іх крыніцай небяспекі? Дзе праходзіць мяжа паміж клопатам і кантролем, бунтам і самазахаваннем? І ці можна навучыцца давяраць іншым, калі жыццё паспела навучыць адваротнаму?
Праграма «Ззя weekend» прапануе шукаць адказы на гэтыя пытанні разам з героямі і гераінямі чатырох фільмаў. Іхныя гісторыі разгортваюцца ў розных рэальнасцях: ад дзіцячага дома ў савецкай Эстоніі да берлінскіх мікрараёнаў пачатку нулявых, ад невялікага эстонскага гарадка да сучасных нямецкіх сацыяльных устаноў. Створаныя ў розных гістарычных і сацыяльных кантэкстах, гэтыя стужкі ўступаюць у дыялог адна з адной, пераадольваючы адлегласць у чатыры дзесяцігоддзі і нагадваючы пра ўніверсальную патрэбу ў любові, свабодзе і праве быць сабой.
Усе фільмы будуць паказаныя на мове арыгіналу з беларускімі і польскімі субцітрамі.
«Фрэнк», 2025, Эстонія
Рэжысёр: Тыніс Піль
11 снежня, 19:00, Варшава, к/т ‘Kinoteka’
Кранальная гісторыя пра нечаканае сяброўства, ціск аднагодкаў і смеласць праяўляць свае пачуцці.
Пасля чарговага канфлікту з бацькам 13-гадовы Паўль пераязджае да дзядзькі ў незнаёмы горад. Там ён далучаецца да кампаніі мясцовых падлеткаў і ў імкненні стаць сваім прымае адно дрэннае рашэнне за другім. Хлопец таксама знаёміцца з Фрэнкам, мужчынам з інваліднасцю, з якога здзекуюцца ягоныя новыя прыяцелі. Паміж імі завязваецца незвычайнае сяброўства, пра якое Паўль баіцца расказаць іншым хлопцам.
У сваім поўнаметражным дэбюце Тыніс Піль спалучае жорсткі сацыяльны рэалізм з нечакана паэтычнымі момантамі, даследуючы прыроду падлеткавай жорсткасці і ўяўленні пра маскуліннасць, якія прымушаюць хлопцаў хаваць уласную ўразлівасць. Стужка ўвайшла ў Балтыйскі конкурс Талінскага міжнароднага кінафестывалю і атрымала галоўную ўзнагароду SLM на міжнародным кінафестывалі SCHLiNGEL у Германіі.
Пасля паказу адбудзецца сустрэча з рэжысёрам Тынісам Пілем (Q&A). Глядачкі і гледачы змогуць даведацца больш пра стварэнне фільма, абмеркаваць узнятыя ў ім тэмы і задаць свае пытанні рэжысёру.
«Сонца і бетон», 2023, Германія
Рэжысёр: Давід Вненд
12 снежня, 18:00, Варшава, к/т ‘Kinoteka’
Спякотнае лета. Чацвёра хлопцаў у праблемным раёне. Адна дурная ідэя.
Берлін, лета 2003 года. У раёне Гропіусштат пануе невыносная спёка. Пасля сутычкі з наркадылерамі 14-гадовы Лукас мусіць заплаціць ім 500 еўра. Разам з сябрамі ён прыдумляе рызыкоўны план: скрасці са школы новыя камп’ютары і прадаць іх. Гэта мусіць вырашыць усе іхныя фінансавыя праблемы, прынамсі, так ім здаецца.
У аснове фільма: аўтабіяграфічны раман-бэстсэлер нямецкага коміка і пісьменніка Фелікса Лобрэхта, які таксама выступіў суаўтарам сцэнару. Спалучаючы дынаміку крымінальнага кіно з сацыяльным рэалізмам, Давід Вненд ператварае берлінскі мікрараён у аднаго з герояў стужкі, а летнюю спёку – у метафару абставін, з якіх падлеткі адчайна спрабуюць вырвацца. Прэм’ера фільма адбылася ў праграме Berlinale Special у 2023 годзе, таксама стужка атрымала чатыры намінацыі на Нямецкую кінапрэмію.
«Усміхніся нарэшце», 1985, Эстонія
Рэжысёры: Лейда Лаюс, Арва Іха
12 снежня, 20:30, Варшава, к/т ‘Kinoteka’
Класіка эстонскага кіно 1980-х і пранізлівая гісторыя пра дзяцей, якія даўно забыліся, як плакаць.
16-гадовая Мары, якая гадавалася без маці, бацькам з алкагольнай залежнасцю, трапляе ў дзіцячы дом, адкуль адразу ж спрабуе ўцячы. Чулай дзяўчыне цяжка прыстасавацца да грубых нораваў і жорсткіх гульняў іншых выхаванцаў. Паступова яна пачынае разумець, што за агрэсіяй і абыякавасцю яе аднагодкаў хаваецца не менш балючы досвед. Тут жа Мары перажывае сваё першае каханне.
Рэжысёрка Лейда Лаюс і кінааператар Арва Іха, што працаваў з Андрэем Таркоўскім, ствараюць пранізлівы партрэт грамадства на схіле савецкай эпохі, уздымаючы пытанне пра адказнасць дарослых за лёс найбольш безабаронных дзяцей і падлеткаў. Удзел пераважна непрафесійных актораў і акторак надае стужцы амаль дакументальную праўдзівасць. У 1987 годзе фільм атрымаў прыз UNICEF на Берлінскім кінафестывалі, а ў 2025 годзе міжнародная прэм’ера яго адрэстаўраванай версіі адбылася ў праграме Berlinale Classics, што толькі пацвярджае: нават праз чатыры дзесяцігоддзі стужка не страціла сваёй актуальнасці.
«Разбуральніца сістэмаў», 2019, Германія
Рэжысёрка: Нора Фінгшайд
13 снежня, 17:00, Варшава, к/т ‘Kinoteka’
Уладальнік «Сярэбранага мядзведзя» Берлінскага кінафестывалю і васьмі ўзнагарод Нямецкай кінаакадэміі – эмацыйна насычаны поўнаметражны ігравы дэбют Норы Фінгшайд.
Дзевяцігадовая Бэні маленькая, але небяспечная. Ніводная прыёмная сям’я ці спецыялізаваная ўстанова не можа даць з ёй рады. Сама ж дзяўчынка хоча толькі аднаго: вярнуцца дадому, да матулі, якая баіцца ўласнай дачкі. Калі ў жыцці Бэні з’яўляецца Міха, спецыяліст па працы з агрэсіяй, узнікае надзея на змены.
Падчас падрыхтоўкі да здымак Нора Фінгшайд некалькі гадоў даследавала сістэму сацыяльнай дапамогі дзецям. Гэтая зануранасць у тэму надае фільму надзвычайную аўтэнтычнасць, пры гэтым рэжысёрцы ўдаецца выйсці за межы псіхалагічнага даследавання. Дынамічная праца камеры, нервовы мантаж, экспрэсіўная музыка і выдатная акцёрская ігра, асабліва юнай Хелены Цэнгель, робяць яго напружаным, поўным жыцця і эмоцый. Хто насамрэч мусіць змяніцца: дзіця ці сістэма, якая не можа знайсці для яго месца?
Купіць квіткі на сеансы можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
