65 гадоў назад была знішчана Фара Вітаўта ў Гродне
Reform.news · 29 ноября 2026, 14:55
https://reform.news/65-gado-nazad-byla-znishchana-fara-vita-ta-grodne/Роўна 65 гадоў таму, 29 лістапада 1961 года, у цэнтры Гродна была знішчана Фара Вітаўта — адзін з найстарэйшых і найважнейшых архітэктурных сімвалаў Гродна і ўсёй Беларусі.
Гісторыя святыні
Фара Вітаўта прастаяла амаль шэсць стагоддзяў, ператварыўшыся з першага драўлянага храма 1389 года ў велічны мураваны помнік готыкі і рэнесансу.
Яе гісторыя пачыналася яшчэ пры вялікім князю Вітаўце — каля 1389 года з’явіўся першы драўляны парафіяльны касцёл. Кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, які зрабіў Гродна сваёй фактычнай рэзідэнцыяй, фундаваў на месцы драўлянага храма манументальны мураваны касцёл у стылі рэнесансу з рысамі готыкі. На той час гэта быў адзін з найвялікшых храмаў у Вялікім Княстве Літоўскім.
Пасля пажару 1793 года расійскія ўлады перадалі пашкоджаны будынак праваслаўнай царкве. У XIX стагоддзі храм перабудавалі ў Сафійскі сабор у псеўдарускім стылі, дапоўніўшы цыбулепадобнымі купаламі. У 1919 годзе святыню вярнулі каталікам, а ў 1930-х гадах пасля чарговага пажару правялі рэстаўрацыю, вярнуўшы ёй гатычна-рэнесанснае аблічча.
Сцэнарый зносу
Пасля Другой сусветнай вайны былы гарнізонны касцёл выкарыстоўвалі пад склад. У сакавіку 1961 года Гродзенскі гарвыканкам прыняў рашэнне пра ліквідацыю. Каб зняць юрыдычныя бар’еры, будынак спехам выкрэслілі са спісаў ахоўных помнікаў і абвясцілі «аварыйным», «пазбаўленым архітэктурнай каштоўнасці».
У рэальнасці гэтыя фармулёўкі служылі прыкрыццем для хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі (1958–1964) і новага генплана горада. Тагачасныя планіроўшчыкі бачылі Савецкую плошчу параднай тэрыторыяй, вольнай ад старых культавых дамінант.
Спробы краязнаўцаў і часткі інтэлігенцыі заступіцца за святыню ні да чаго не прывялі. Лісты ў Мінск і Маскву з прапановай зберагчы будынак пад музей ці канцэртную залу засталіся без рэакцыі.
Каб не справакаваць вулічных хваляванняў, аперацыю рыхтавалі ўпотай.
У ноч з 28 на 29 лістапада 1961 года цэнтр горада перакрылі вайскоўцы і міліцыя. Жыхароў суседніх дамоў загадзя вывелі на вуліцу — пад падставай вучэнняў або праверкі газавых сетак.
Сцены XVI стагоддзя, умацаваныя рэстаўрацыяй 1930-х, аказаліся настолькі масіўнымі, што ленінградскім ўзрыватэхнікам давялося закласці каля трох тон выбухоўкі.
Выбух прагрымеў каля 2-й гадзіны ночы. Разбор завалаў расцягнуўся на некалькі тыдняў, а цэглу і друз вывезлі на падсыпку дарог і гаспадарчыя патрэбы.

Чаму адбудова зацягваецца?
На Савецкай плошчы сёння разбіты гарадскі сквер, а ў 2014 годзе у яго цэнтры з’явіўся памятны знак па праекце скульптара Сяргея Аганава ў выглядзе расколатай аркі з цёмнага і светлага граніту з каталіцкім і праваслаўным крыжамі як знак складанай міжканфесійнай гісторыі храма. Пад зямлёй знаходзяцца старадаўнія падмуркі.
У праектах рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Гродна тэрыторыя пад Фару зарэзервавана на выпадак будучага аднаўлення, аднак да практычных работ справа не дайшла. Маштабная рэканструкцыя патрабуе вялікіх інвестыцый, а пытанне пра будучага ўласніка і функцыю: дзеючы касцёл або культурная пляцоўка з арганнай залай заставалася адкрытым.
Летам 2023 года тагачасны старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік увогуле заявіў, што аднаўленне Фары Вітаўта прыбралі з генеральнага плана Гродна. Бо аднаўленнем Фары Вітаўта ў выглядзе адміністрацыйна-офіснага будынка можна «абразіць пачуцці і адных, і другіх вернікаў». Маўляў, ёсць і праваслаўныя, і каталіцкія страчаныя храмы, дык «чаму мы аднаўляем гэты аб’ект»?, — расказвала выданне Hrodna.life.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
