Прэм’ера ад Яўгена Карняга — у сталічным Тэатры лялек выходзіць спектакль паводле «Знака бяды» Васіля Быкава

Культура
Яўген Карняг. Крыніца фота: facebook.com/puppettheater.

Адзін з найбольш вядомых беларускіх рэжысёраў — Яўген Карняг  — анансаваў прэм’еру ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек. Новая пастаноўка пад назвай «Хутар» пераасэнсоўвае аповесць Васіля Быкава «Знак бяды».

Пакуль даты прэм’еры яшчэ не названыя. Але спектакль з’явіцца ў афішы тэатра ўжо ў чэрвені.

«Хутар» як папярэднія слынныя пастаноўкі Карняга ствараецца ў тандэме з даўнімі аднадумцамі рэжысёра: з мастачкай-пастаноўшчыцай Таццянай Нерсісян і кампазітаркай Кацярынай Аверкавай. Нагадаем, што трыа працавала над такімі спектаклямі, як нядаўнія «На чорнай-чорнай вуліцы» паводле казак Ганса Хрысціяна Андэрсана, «Мроіва», «Разумны сабачка Соня», «Прададзены смех», а таксама нашумелыя пастаноўкі, якія ішлі ў разгромленым цяпер Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі «Шлюб з ветрам», «Пачупкі», «Забалоцце».

Якім паўстане ў прачытанні творчай каманды апавяданне «Знак бяды» Васіля Быкава? (Самай вядомай экранізацыяй твора тут можна назваць аднайменную стужку 1986 года ў пастаноўцы Міхаіла Пташука).

«У цэнтры сюжэта — гісторыя простых людзей, якія змагаюцца за тое, каб выжыць, і робяць складаны маральны выбар на мяжы жыцця і смерці. Іх хутар становіцца адзіным маўклівым сведкам невыносных выпрабаванняў ды знакам нязломнасці чалавечага духу», — прадстаўляюць новую пастаноўку аўтары.

Прэм’ера ад Яўгена Карняга — у сталічным Тэатры лялек выходзіць спектакль паводле «Знака бяды» Васіля Быкава
Афіша да спекталя. Фота: сацсеткі тэатра.

Спектакль мае абмежавання 16+.

Нагадаем, што тэатральныя пастаноўкі Яўгена Карняга карыстаюцца шалёнай папулярнасцю ў гледача. Заўважыўшы гэты попыт, з’явіліся нават перакупшчыкі квіткоў, якія прапануюць свае паслугі публіцы. У каментарах да навіны пра прэм’еру людзі пачынаюць пісаць рэплікі кшталту «Плюс адзін спектакль, на які купіць квіткі ня лёс», «Ужо ўяўляю чэргі», «Было бы прекрасно, если бы почти весь зал не выкупался перекупами» і гэтак далей. То-бок праблема па-ранейшаму застаецца. Дарэчы, менавіта ў дзень анонса «Хутара» сайт тэатра завіс па незразумелых прычынах. Спадзяемся, гэта не спробы перакупшчыкаў набыць квіткі на прэм’еру.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости