Новая эдыцыя праграмы ArtPower Belarus адбудзецца ўвесну 2025 года. Пра працяг вядомага праекта падтрымкі беларускіх творцаў і дзеячаў культуры ў сваіх сацсетках паведаміла Беларуская Рада культуры.
«Увесну 2025 года ArtPower Belarus, маштабная праграма, што фінансуецца Еўразвязам, працягне працу па спрыянні захаванню і развіццю незалежнай беларускай культуры. Абапіраючыся на добрыя вынікі, атрыманыя цягам рэалізацыі першай эдыцыі ArtPower Belarus (2022-2024), Еўракамісія прыняла рашэнне прадоўжыць праграму», — зазначыла каманда Рады культуры.
Асноўны фармат працы ArtPower Belarus — наўпроставая падтрымка беларускіх творцаў і дзеячаў культуры ў распрацоўцы і рэалізацыі іх праектаў праз конкурс грантавых заявак, — нагадалі адмыслоўцы. Удзельнічаць змогуць як сталыя, так і зусім новыя культурніцкія ініцыятывы, а таксама асобныя творцы. Механізм конкурснага адбору і ўсе дэталі праграмы будуць абвешчаныя пасля афіцыйнага запуску ArtPower Belarus увесну 2025 года.
Заўважым, што ArtPower Belarus рэалізоўваецца сумесна Беларускай Радай культуры і Дацкім інстытутам культуры.
Падчас цяперашняй эдыцыі ArtPower Belarus, якая набліжаецца да завяршэння, былі прафінансаваныя 83 творчыя праекты беларусаў па абодва бакі мяжы і вылучаныя 57 грантаў мабільнасці, якімі скарыстаўся 231 чалавек.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram