Праект «Плэйліст экстрэміста». Актор Алег Гарбуз: «Кожны глядач для нас каханенькі-родненькі»

Главное
Алег Гарбуз. Фота: Аляксандр Валодзін

Reform.news працягвае спецпраект «Плэйліст экстрэміста: права на гучанне ў Беларусі» гісторыяй тэатральнай групы, без якой цяжка ўявіць як пратэсты 2020 года, так і рэпрэсіўны «экстрэмісцкі» спіс.

Напярэдадні стагоддзя тэатра імя Янкі Купалы акторы і супрацоўнікі тэатра склалі зварот супраць гвалту, узнялі сцяг над уласным будынкам і напісалі заявы на звальненне. Група адрадзілася як «Вольныя Купалаўцы», пачала ладзіць прыватныя паказы ў Мінску і анлайн, а цяпер — у эміграцыі — па-ранейшаму збірае поўныя залы і ставіць вострыя пытанні ў сваіх спектаклях. Беларускія ўлады поспех «заўважылі»: у 2024 годзе група «Вольныя Купалаўцы» была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем».

Нягледзячы на гэта, купалаўская тэатральная афіша не змянілася: 29 мая чакаецца чарговы паказ спектакля «Мінскае мора» ў Варшаве, а летам — новая прэм’ера.

Паразмаўлялі з удзельнікам падзей 2020 года акторам-купалаўцам Алегам Гарбузам пра магнетычнае прыцягненне тэатра, падзеі 2020-га і выклікі эміграцыі.

Праект «Плэйліст экстрэміста». Актор Алег Гарбуз: «Кожны глядач для нас каханенькі-родненькі»
Алег Гарбуз. Фота: Аляксандр Валодзін.

Сцяг на даху і святкаванне стагоддзя ў лесе

— У верасні 2020 павінна было адзначацца 100-годдзе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Што планавалася, якія мерапрыемствы, спектаклі?

— Шмат чаго рыхтавалася. Планавалі паказаць спектакль «Тутэйшыя». Павінна было з’явіцца адмысловае выданне пра тэатр. Промапрадукцыі шмат надрукавалі, цішоткі зрабілі, некаторыя акторы іх нават насілі…

У выніку стагоддзе мы адсвяткавалі ў лесе, узялі бус у арэнду і адзначылі падзею паміж хвояў і соснаў. І гэта было адзінае святкаванне ў тое бясчассе. Святкаваць афіцыйна дакладна ніхто не збіраўся, нават тыя, хто заставаўся ў тэатры. Некаторыя ж засталіся не з той прычыны, што нас не падтрымлівалі, а таму, што выйсця іншага не было. Некаторыя былі матэрыяльна адказныя. А хтосьці плакаў і даводзіў нам: «Я з вамі ўсёй душой, але не магу звольніцца, бо што ж я буду рабіць?». А пасля гэты чалавек плача ўжо перад Лукашэнкам — і становіцца мастацкім кіраўніком тэатра. Як і хацела, яна пажыла свае 4-5 гадоў добра, а як там далей у яе будзе, не ведаю. Злога я ёй не жадаю…

— Новы сезон у вас павінен быў пачацца 21 жніўня, а 12 жніўня вы здымаеце відэа супраць гвалту. То-бок вы адмыслова сабраліся?

— Так, мы вырашылі, што не можам не адрэагаваць. Выклікалі кіраўніцтва, Паўла Латушку і пачалі размаўляць. І прышлі да высновы, што будзем, калі што, ісці да канца. Пастанавілі, што нават калі аднаго чалавека звольняць, звальняемся ўсе.

— То-бок адразу было такое рашэнне? Гэта такая асаблівая купалаўская салідарнасць?

— Важна было, каб усе адчувалі сябе роўнымі і аднолькава абароненымі. Звальняецца адзін, звальняюцца ўсе. Латушку звольнілі – мы пайшлі за ім. Як і дамаўляліся.

Абмеркаванні, вядома, былі. Памятаю, як Аўсяннікаў смешна казаў: слухайце, вайна была, фашысты прыйшлі. Тыя, хто пад фашыстамі працавалі, адседзелі пару гадочкаў, ну і ўсё. Ізноў пайшлі працаваць.

— Але ж не толькі Аўсяннікаў вас папракаў. Гучалі галасы, што гэта непрадуманы жэст, што маштаб падзей несумыверны, што не варта было развальваць стогадовы тэатр… Наколькі складана было прыняць такое рашэнне?

— Час паказаў, што мы не памыліліся. Мы якраз і не разваліліся, а засталіся адным цэлым. Сумленна адстрайкавалі да канца, ніхто не паўтарыў нашага ўчынку. З гістарычнай перспектывы праўда на нашым баку. Не мы развалілі той Купалаўскі тэатр. У іх быў выбар, было выйсце. Але не здарылася. На маю думку, наша грамадства было не гатовае тады да сапраўднага змагання, патрэбныя былі «сапраўдныя буйныя», а не мяккая сіла.

Праект «Плэйліст экстрэміста». Актор Алег Гарбуз: «Кожны глядач для нас каханенькі-родненькі»
Алег Гарбуз. Фота: Аляксандр Валодзін

— У дзень стагоддзя тэатра вы назвалі сябе «Вольнымі купалаўцамі». Сталі незалежнай тэатральнай групай. Як вы вырашыліся на гэтае вольнае плаванне? Чаму ўвогуле сталі працягваць?

— Таму што тэатр — гэта не сцены, а людзі. І мы працавалі ў Мінску да таго часу, пакуль не стала зразумела: дабяруцца да ўсіх. У нас было два выйсці: альбо выехаць, альбо проста не адсвечваць.

— Што гэта значыць? Разысціся?

— Значыць: «легчы пад плінтус».

— І што рабіць?

— Нічога не рабіць. А што цяпер там робяць нашыя калегі? У прафесіі яны не працуюць.

— «Купалаўцы» сталі весці свой youtube-канал і першым спектаклем выклалі «Тутэйшых», якімі меркавалі адкрыць новы сезон. І атрымалі трыста тысяч праглядаў. Вас здзівіла гэта лічба?

— Не, мы ведалі, што нас будуць глядзець. Тады адбываўся вельмі моцны працэс асэнсавання сваёй ідэнтычнасці і адчувалася хваля салідарнасці. Мы дзейнічалі адпаведна сваім перакананям, і людзі гэта падтрымлівалі. Усе ж ведаюць за каго галасавала большасць на тых выбарах.

— Калі б «Купалаўцы», страціўшы дом у Беларусі, адразу з’ехалі за мяжу, вы б атрымалі тут свой тэатр?

— Так, нам гэта прапаноўвалі. Але мы адмовіліся, бо спадзяваліся, што ў Беларусі ўсё наладзіцца. Мы выехалі з краіны толькі тады, калі зразумелі, што на волі мы там не будзем. Пакуль была надзея, заставаліся. А калі небяспека пераважыла надзею, то паехалі. Той у каго былі магчымасці сабраўся і з’ехаў.

Праект «Плэйліст экстрэміста». Актор Алег Гарбуз: «Кожны глядач для нас каханенькі-родненькі»
Алег Гарбуз. Фота: Аляксандр Валодзін.

«Таму што мы Купалаўцы»

— Калі планавалі гэты ад’езд, ці ведалі, што перазберыцеся тут?

— Не, не ведалі. Большасць «Купаўлаўцаў» трапіла ў Польшчу, частка была ва Украіне. Мы адчувалі, што павінны працягваць, але якім чынам – было не зразумела. Польшча нам дапамагла напрыканцы 2021 года, а пасля паўнамаштабнага ўварвання стала не да нас. Гэта натуральна, што тут зробіш. І самі неяк сталі выкарасківацца.

— А вакол чаго сабраліся? Чалавека, месца, ідэі? Што сабрала разам раскіданых па свеце людзей?

— Таму што мы купалаўцы. Як бы гэта пафасна не гучала, але так і ёсць. Заўжды Купалаўскі тэатр быў домам для людзей. Калі і былі нейкія інтрыгі, то ўсё вырашалася прыстойна. Плёткі былі непрымальныя. Некалі чытаў справаздачы са сходаў, што адбываліся ў тэатры за савецкім часам, то нават за ідэалагічнай рыторыкай адчувалася высакароднасць людзей, якія працуюць у тэатры. Так было і так ёсць.

— Калі перабраліся ў Польшчу, вы напачатку пачалі здымаць спектаклі на польска-беларускія тэмы. Як з’явіліся гэтыя спектаклі?

— Так, першым спектаклем былі «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» паводле Сяргея Пясецкага. Сыгралі толькі раз ці два у Кракаве. Там была задзейнічана частка людзей, якія вярнуліся у краіну. Далей не маглі граць, бо быў некамплект.

Пасля быў спектакль «Дзяды» паводле Адама Міцкевіча, які нам прапанаваў польскі рэжысёр Павел Пасіні. Ён «Дзяды» вывучыў дасканала, ведае, як з іх зрабіць спектакль.

Восенню 2022 года на сцэне Тэатра Польскага ў Варшаве паставілі спектакль «Рамантычнасць» паводле «Баладаў і рамансаў» Адама Міцкевіча. Тэатр Польскі тады атрымаў ад міністэрства грошы на нашу падтрымку. Мы ведалі, што зайграем яго толькі некалькі разоў. А пасля дэкарацыі пайшлі польскаму тэатру, а касцюмы перашылі на польскіх актораў.

Спачатку мы спрабавалі рабіць вялікія спектаклі, каб заняць усіх актораў, але калі выйшлі на пэўную саакупальнасць зразумелі, што не зможам выцягнуць спектаклі, дзе 12-13 чалавек на сцэне. Выпусціць можна, а граць ужо толькі пару разоў атрымаецца. Таму пайшлі іншым шляхам – граюць тры-пяць чалавек і робім ратацыю, каб былі занятыя збольшага ўсе.

Праект «Плэйліст экстрэміста». Актор Алег Гарбуз: «Кожны глядач для нас каханенькі-родненькі»
Алег Гарбуз. Фота: Аляксандр Валодзін.

Гранты, квіткі, арэнда…

— Як вы ставіце спектаклі ў эміграцыі? З чаго пачынаеце?

— Без пачатковых грошай нічога не зробіш. Кожны раз шукаем грошы на спектакль, частку просім у грантадаўцы, а частку свае закладаем, якія пасля кампенсуюцца ад продажу квіткоў. Таму ніхто за першыя спектаклі не атрымлівае ганарары.

Арэнда ў Польшчы вельмі дарагая. Драматычны тэатр пазбаўляецца ад сцэны Przodownik, дзе ў нас былі вельмі дэмакратычны кошты. Тэатр Польскі выставіў каля 8-9 тысяч еўра арэнды за дзень за малую сцэну. Цяпер мы зайшлі іншую залу.

Звычайна пад спектакль нейкага рэжысёра шукаюцца грошы. А рэжысёр вырашае, каго запрасіць у спектакль.

— Усе адбываецца крыху хаатычна…

— Ну як хаатычна?.. Ва ўмовах вольнага рынку.

— А вы разлічваеце толькі на беларусаў? На беларускую публіку?

— Ну чаму? На «Мінскае мора» палякі прыходзілі і былі ў захапленні. У кожным спектаклі ў нас ёсць цітры на польскай мове, так што я не хацеў бы выключаць сегмент польскай публічнасці з нашых паказаў.

Вядома мы больш скіраваныя на беларусаў, але хацелася, каб гэта было б цікава і палякам.

— Нейкі час вы актыўна шукалі стацыянарнае памяшканне для тэатра…

— Пошук не спыніўся. Ёсць надзея.

— Гэта будзе нейкі муніцыпальны будынак?

— Не, нам могуць даць толькі у арэнду па прэферанцыйных коштах.

— У такім разе, дзе вы рэпетуеце?

— Мы закладаем невялікія грошы на арэнду памяшкання, але часта у Музеі Вольнай Беларусі. Касцюмы трымаем па кватэрах. З дэкарацыямі складаней. Вось зараз не ведаем, куды вывезці дэкарацыі з «Мінскага мора».

Праект «Плэйліст экстрэміста». Актор Алег Гарбуз: «Кожны глядач для нас каханенькі-родненькі»
Алег Гарбуз. Фота: Аляксандр Валодзін.

«Таму што мы не здаліся»

— 13 снежня 24 года тэатральная група «Вольныя Купалаўцы» прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем» з даволі абсурдысцкай фармулёўкай: «за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб». А якая рэальная прычына, на вашу думку?

— Таму што мы не здаліся. Улады ўсіх, за кім назіраюць беларусы, робяць экстрэмістамі, каб ад іх адпісваліся, каб паменшыць плынь людзей, якія за імі сочаць.

— Да чаго прывяло гэтае абвінавачванне?

— Мы былі вымушаны прыбраць спектаклі на сваім youtube-канале, у якіх удзельнічалі людзі з таго боку мяжы.

— Атрымліваецца што гледачы з Беларусі цяпер не могуць убачыць вашы спектаклі?

— Змогуць, мы пакрысе іх выкладаем. І будзем працягваць. Летась да дня тэатра рабілі фестываль «Тыдзень з Купалаўцамі» на сцэне Przodownik. За пяць дзён сыгралі чатыры спектаклі. І чатыры разы ладзілі трансляцыю, трымалі гэтыя спектаклі некалькі дзён, каб жадаючыя маглі паглядзець. Не выкладаем іх назаўсёды, бо працягваем іх граць.

Праект «Плэйліст экстрэміста». Актор Алег Гарбуз: «Кожны глядач для нас каханенькі-родненькі»
Алег Гарбуз у спектаклі «Гусі-людзі-лебедзі» паводле Альгерда Бахарэвіча. Фота: Аляксандр Валодзін.

— Для вас застаюцца важнымі палітычныя тэмы? Ці ёсць нейкі тэматычны стрыжань, якога прытрымліваюцца «Купалаўцы»?

— Людзі просяць, каб мы адыходзілі ад палітыкі, каб менш было траўматычных тэмаў, кажуць: «Мы не хочам плакаць». А Святлана Ціханоўская нас спытала: «Хто, калі не вы, будзе нагадваць пра беларусаў?» Я ёй адказваю: «Вы». А яна: «Вы таксама».

Таму мы шукаем баланс. У «Мінскім моры», здаецца, прабалансавалі. Тэма даносаў — агульначалавечая, даносяць паўсюль, у любым грамадстве, як толькі гэта форма паводзін пачынае ўладай культывавацца.

Спрабавалі разабрацца з гэтай тэмай так, каб было не нудна, а месцамі нават смешна. Я не ведаю, ці ёсць дзе спектакль на такую тэму. Ён можа быць цікавы людзям у розных краінах.

Аляксандр Гарцуеў цяпер рыхтуе прэмеру, спектакль будзе беларускаарыентаваны, але не думаю, што вострапалітычным.

Праект «Плэйліст экстрэміста». Актор Алег Гарбуз: «Кожны глядач для нас каханенькі-родненькі»
Алег Гарбуз. Фота: Аляксандр Валодзін.

«Чыпаліна нельга паставіць!»

— Што адбываецца з тэатрам у Беларусі?

— Я назіраю за рэпертуарам, ён вельмі асярожны. «Чыпаліна» нельга паставіць! Ведаю што лялечны стаў вельмі модны. У Купалаўскім Няфёдава прывяла расійскага рэжысёра, ён яе і выціснуў з пасады.

— У расійскую правінцыю Мінск ператвараюць?

— Там не тое, што правінцыя. Не можа дыхаць у такіх умовах тэатр, нават эзопавай мовай ён не можа нічога прамаўляць. Улады ўжо зразумелі, што тэатр — рассаднік больш менш вольных ідэй. Таму ціск працягваецца.

— Наколькі незваротныя рэчы сёння адбываюцца з беларускім тэатрым?

— Думаю, як толькі штосьці зменіцца, усе хутка вернецца.

— Тут у эміграцыі таксама няпростая сітуацыя. Капіталізм дыктуе свае правілы.

— Вядома дыктуе, але дзякуй людзям, што купляюць квіткі, разумеюць, што інакш не выцягнем.

— Купляюць не таму, каб вас матэрыяльна падтрымаць, а таму што ім трэба трэба рэакцыя, мастацкі вобраз, мастацкае слова, таму што вы ў рэзанансе з беларусамі.

— Мы ім патрэбныя, яны нам патрэбныя, гэта сімбіёз. Проста там была падтрымка дзяржавы, а тут ад выпадку да выпадку.

— Што вас трымае на плыву? Чаму не кінуць гэтую справу?

— Нават хто пачаў зарабляць, не кідаюць, бо тут каманда. Ігар Сігоў кіруе бусам, мае стабільную працу, ён не адмаўляецца граць, бо яму гэта трэба. Кожнаму з нас патрэбная сцэна.

— Наколькі моцны вы маеце фідбэк ад гледачоў?

— У нас ёсць унутраны чацік, паміж тымі, хто тут знаходзіцца, і мы ў ім пастаянна камунікуем. Калі здараецца, што хтосьці сустракае нейкі каментар ці абмеркаванне, якое можа быць цікавым для нас усіх, то адразу выкладаем туды. Вельмі шмат пішуць з Беларусі, што сочаць за тым, што мы робім, што вельмі чакаюць нас. Гэта, канешне, надзвычай нас падтрымлівае. Мы, зразумела, не можам іх называць публічна, але кожны глядач для нас каханенькі-родненькі.

***

Каментар юрыста Рыгора Дбайнага

Праект «Плэйліст экстрэміста». Актор Алег Гарбуз: «Кожны глядач для нас каханенькі-родненькі»

Гісторыя Алега Гарбуза і ягоных калег з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, а цяпер актораў трупы «Вольныя купалаўцы» – гэта найбольш вядомы прыклад паслядоўных рэпрэсіўных дзеянняў уладаў у тэатральнай галіне Беларусі. Гэтая гісторыя, на жаль, не адзіная, але дзякуючы публічнасці працэсаў мы можам адсачыць мэтанакіраваны пераслед дзеячаў культуры, фактычнае разбурэнне тэатра як культурнай установы і парушэнне культурных правоў беларусаў.

Пасля таго, як у 2020 годзе купалаўцы выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю супраць гвалту, гэта прывяло не да разгляду ліста па сутнасці ці праверкі фактаў, а да хуткага звальнення дырэктара тэатра, пасля чаго – у знак салідарнасці – сышла амаль уся тэатральная трупа. Гэта яскравы індыкатар таго, як у Беларусі працуе (а фактычна – не працуе) сістэма рэагавання на звароты грамадзян. Купалаўцы, разумеючы гэта, паспрабавалі зрабіць максімальна бачны крок – абвясціць ультыматум пад рызыкай звальнення, каб усё ж такі іх зварот не быў ігнараваны, але нават гэта не спыніла бюракратычную машыну, якая інстынктыўна спрабавала захаваць сябе ў тыя дні. Далей ужо звольненыя купалаўцы былі фактычна пазбаўлены права на прафесію ўнутры Беларусі, што з’яўляецца парушэннем права на працу (арт. 41 Канстытуцыі Беларусі, арт. 11 Працоўнага кодэкса Беларусі). Сам тэатр імя Янкі Купалы ў Мінску доўгі час не даваў спектакляў, бясконца праводзіў кастынгі і шукаў новых актораў, змяняў рэпертуар…

Сістэма непублічных чорных спісаў дзеячаў культуры – гэта вядомы канструкт, які выкарыстоўваюць, каб адабраць голас і права на культурную дзейнасць у тых, хто выпадае з ідэалагічнай сістэмы ўладаў. Акторы, мастакі, музыкі вымушаныя шукаць працу, напрыклад, у таксі ці гандлі, з’язджаць з краіны і будаваць новае жыццё, а часам за сваю пазіцыю і творчасць трапляюць за краты.

Калі купалаўцы працягнулі сваю дзейнасць у выгнанні як незалежная трупа, рэжым зрабіў наступны крок – абвясціў 13 лютага 2024 года сацыяльныя сеткі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Што зрабіла камунікацыю гледача з трупай рызыкоўнай пад пагрозай адміністрацыйнага пераследу згодна з арт. 19.11 КаАП (за распаўсюд, захоўванне, падпіску ці ўпадабанне такога кантэнту). Як каментуе спадар Алег, у трупе гэта выклікала дадатковую самацэнзуру, каб абараніць тых, хто можа быць пад пагрозай.

Ціск працягнуўся 13 снежня 2024 года, калі «Вольных купалаўцаў» абвясцілі «экстрэмісцкім фармаваннем». У выніку ўся дзейнасць трупы цяпер у Беларусі забароненая, нават на інтэрнэт-платформах. МУС Беларусі папярэдзіў, што асобы, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці трупы або перадаюць інфармацыю яе ўдзельнікам, будуць лічыцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання і прыцягвацца да адказнасці паводле арт. 361-1 і 361-4 КК Беларусі – ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Гэта тычыцца актораў (у тым ліку былых) і кіраўніцтва трупы (як чальцоў «экстрэмісцкага фармавання»), гледачоў (як спажыўцоў і данатараў) і падпісчыкаў (як «саўдзельнікаў»).

Такім чынам, кожны, хто як-небудзь звязаны з трупай, рызыкуе сутыкнуцца з жорсткім і непрапарцыйным пакараннем. «Экстрэмісцкі» статус найлепш дэманструе трансгранічны характар пераследу: дзяржаве ўжо недастаткова проста звольніць, выціснуць з краіны незалежных і нязгодных, яна імкнецца караць іх далей, нават за мяжой, крыміналізуючы любыя сувязі з беларускай супольнасцю.

У размове згадваецца фармулёўка, з якой тэатральную трупу запісалі ў «экстрэмісты»: «за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і знявагу службовых асоб». Гэта стандартная прычына, якой тлумачацца шматлікія несудовыя рашэнні дзяржаўных органаў аб наданні экстрэмісцкага статусу. У мінулым інтэрв’ю адзначалася, чаму такая практыка ў Беларусі парушае міжнародныя нормы, бо неабгрунтавана шырокае прымяненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства не можа лічыцца правамерным. Калі закон сканструяваны такім чынам, што пад «замах на суверэнітэт» можна падвесці тэатральную пастаноўку, інтэрв’ю ці чытанне вершаў, то ён перастае быць прававым інструментам і ператвараецца ў зброю для задушэння іншадумства. Такія фармулёўкі маскіруюць сапраўдную прычыну пераследу – незалежную культурную пазіцыю творцаў, іх грамадзянскую годнасць і адмову падпарадкоўвацца неправавой дзяржаўнай ідэалогіі.

***

Кейс купалаўцаў – толькі адзіны са шматлікіх у той сістэмнай катастрофе, якую сёння перажывае беларускі тэатральны свет, агулам культурная прастора. Аналітычныя маніторынгі Беларускага ПЭНа дэманструюць маштабны разгром культурнай сферы. Па ўсёй краіне адбываліся масавыя звальненні і ажыццяўляўся беспрэцэдэнтны ціск на тых, хто рабіў тэатр жывым: былі звольненыя кіраўнікі тэатраў і рэжысёры.

Незалежныя прасторы і пляцоўкі, якія яшчэ нядаўна былі цэнтрамі свабоднага мастацтва, сёння ліквідаваны або апынуліся на маргінэсе.

У краіне пануе атмасфера страху, якая спараджае татальную цэнзуру і самацэнзуру: спектаклі здымаюцца з рэпертуару нават за найменшы намёк на нелаяльнасць або метафарычнае падабенства да сучасных падзей.

Чыноўнікі старанна шукаюць «схаваныя пагрозы» нават у колерах касцюмаў. «Чыпаліна» нельга паставіць» – гэта відавочны індыкатар сітуацыі ў галіне. Супраць артыстаў, рэжысёраў і менеджараў культуры актыўна прымяняецца сістэмны ціск, людзі трапляюць у чорныя спісы, атрымліваюць штрафы і суткі, а іх сацыяльныя сеткі і творчы прадукт абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Гэта ўсё часцей прыводзіць да вымушанай эміграцыі ці складаных спробаў захаваць ды перафарматаваць беларускія культурныя інстытуцыі ўжо па-за межамі краіны.

Права на ўдзел у культурным жыцці (арт. 51 Канстытуцыі Беларусі) непарыўна звязана з асноўнымі, універсальнымі правамі чалавека. Таму калі пасля прызнання трупы «экстрэмісцкай» з лічбавай прасторы даводзіцца прыбіраць спектаклі, а гледачам унутры Беларусі – думаць не толькі пра мастацтва, але і пра ўласную бяспеку, не толькі парушаюцца прафесійныя правы канкрэтных актораў ці рэжысёраў, але і караецца ўсё грамадства – шляхам пазбаўлення права бачыць, чуць, памятаць і дыскутаваць на актуальныя тэмы.

Паводле дадзеных экспертаў, індэкс права на ўдзел у культурным жыцці ў краіне абваліўся з 4,6 (з 10 магчымых балаў) у 2019 годзе да 1,3 у 2024-м.

Што ў такой сітуацыі рабіць гледачам, для якіх, як трапна заўважае спадар Алег, і працуюць артысты?

Перш за ўсё – спакойна і цвяроза ацэньваць уласныя рызыкі, правяраць налады прыватнасці ў вашых акаўнтах і дбаць пра лічбавую бяспеку.

У выпадку, калі вы адчуваеце пагрозу або маеце сумненні наконт уласнай бяспекі, лепш своечасова звярнуцца па індывідуальную юрыдычную кансультацыю.

Беларуская культура ўсё роўна працягвае гучаць нават ва ўмовах татальнай забароны, і сёння найлепшы спосаб яе падтрымаць – захаваць сябе, каб мець магчымасць прыйсці на спектакль тады, калі тэатр вернецца дадому.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.