Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў

Главное
Іна Зайцава. Рэжысёр эпізода — Максім Швед. З архіва праекта «Артэфакты».

«Сукенка Іны Зайцавай» — прэм’ера пятага фільма з цыкла «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» адбудзецца 31 траўня на канале «Саша, что ты несешь?!».

Пратэсты, затрыманне, ад’езд з Беларусі, новы дом у новай краіне, вайна, яшчэ адзін пераезд, разлад у сям’і, хвароба на рак… Гэтыя падзеі — не пераказ сінопсіса новага серыяла на канале Netflix, а знаёмства з біяграфіяй апошніх гадоў беларускі Іны Зайцавай — «БЧБ-нявесты», блогеркі і актывісткі з Мінска. Прычым мы пішам «знаёмства», бо за пералікам звестак — асоба са сваім светапоглядам і характарам, якая пры расповедзе можа назваць зусім іншыя вехі ў сваім жыцці. Сёння Іна Зайцава жыве ў Швейцарыі, займаецца актывісцкай дзейнасцю (у прыватнасці, яна вылучала сваю кандыдатуру на выбары ў Каардынацыйную раду (блок Пракоп’ева-Ягорава), і пра БЧБ-сукенку кажа, што апране яе толькі ў дзень перамогі над дыктатурай.

У вялікай размове з Reform.news Іна распавяла пра тое, як прыняць самыя цяжкія змены ў сваім жыцці і «пераплавіць» іх у важны досвед. І пра тое, як зроблены табой аднойчы крок можа паказаць, хто ты ёсць насамрэч.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў

«На падоле БЧБ-сукенкі бруд мінскіх дарог»

Іна, дапамажыце разабрацца. У адным інтэрв’ю вы казалі, што вашу слынную вясельную БЧБ-сукенку канфіскавалі ў беларускім РАУС. Але будучы ва Украіне, вы аддалі ў Музей Вольнай Беларусі БЧБ-строй. Штосьці не складваецца…

— Я вам дапамагу. БЧБ-сукенак было дзве (усміхаецца). Першая, з якой я стартавала да затрымання ў Гродна, — мая родная вясельная сукенка, у якой я першы раз выходзіла замуж. Яна пабывала шмат дзе, і так, менавіта яе канфіскаваў таварыш маёр падчас майго затрымання.

Але ёсць і другая сукенка. Якая ўзнікла тут жа, як мяне вызвалілі. Літаральна адразу я залезла ў Інтэрнэт, паехала і набыла новы строй. Таму што не пайсці на наступны марш у БЧБ-сукенцы было злачынствам супраць незалежнасці — так не павінна быць. Маўляў, забралі — і гісторыі канец. Не. Я такім чынам паступіць не магла. Так узнік другі строй.

І менавіта другая сукенка зараз знаходзіцца ў Музеі Вольнай Беларусі. Магу запэўніць, што гэты строй таксама «адхадзіў сваё» — пабываў амаль на ўсіх раённых сходках. На яго падоле бруд мінскіх дарог. Там усё ў парадку (усміхаецца). Не сумнявайцеся.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Фота з архіва праекта «Артэфакты».

«Апрану сукенку толькі на дзень перамогі над дыктатурай»

Вы згадалі, што ў першай сукенцы вы першы раз выходзілі замуж. То-бок у вас два шлюбы?

— Так, зараз я ў другім шлюбе. І падчас цырымоніі ў другі раз я не была ў вясельным строі. Але, як бачыце, усё навярстала на маршах. За час беларускіх пратэстаў я нахадзілася ў вясельнай сукенцы столькі, колькі ніводная нявеста ў свеце. Мне неяк прапаноўвалі: давайце зробім фотасесію ў вашым БЧБ-строі. Ні ў жыцці! Толькі на дзень нашай перамогі над дыктатурай, як гаворыцца. Усё. І ў надзеі, што ў якім-небудзь мінскім бары мяне пачастуюць напоем бясплата (смяецца).

«Мацярынства, а не грамадскія падзеі падзяліла мае жыццё на «да» і «пасля»

Іна, у жыцці людзей ёсць такія падзеі, якія падзяляюць яго на «да» і «пасля». Прачытаўшы, што з вамі здарылася толькі за апошнія чатыры гады, хочацца спытаць: што для вас сталася такой кропкай?

— Як ні дзіўна, гэтыя «кропкі» не звязаныя з грамадска-палітычнымі падзеямі. У першую чаргу, такой рэччу для меня стала мацярынства. Вось было жыццё «да» мацярынства — вольнае, спакойнае, калі ты разважаеш на філасофскія тэмы як чалавек, які выспаўся, адпачыў, мае час на сябе. І ёсць «пасля» — дзе ўсё, што ад цябе патрабуецца, не скаціцца на ўзровень жывёлы. Не лічу пераезды, сваю хваробу — ключавымі падзеямі ў жыцці. Вось нараджэнне дзяцей і яшчэ адна кніга, якую я прачытала — яны на мяне, сапраўды, паўплывалі.

Цікава, а што за кніга?

— Кніга мае назву «Новая зямля», і яе аўтар — нямецкі пісьменнік і духоўны лідар Экхарт Толе. Кніга адказала на ўсе мае экзістэнцыйныя пытанні — хто я, навошта на гэтай планеце і што рабіць. Я зразумела гэта — і адкінула ўсе залішнее.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Іна Зайцава з мужам і дзецьмі. Фота з архіва гераіні.

«Шкадаваць мяне не трэба»

Нечаканы адказ, прызнаюся, але цікавы. Аднак тое, што з вамі адбылося за апошнія гады, таксама не назавеш «прыемным шпацырам». Нагадаю: пераезд з Беларусі, уладкаванне ва Украіне, пабудова новага дому, вайна, ад’езд у Швейцарыю, новае жыццё ў новай краіне, разлад у сям’і, хвароба на рак… Вам не падавалася часам, што гэта ўсё зашмат для аднаго чалавека?

— Шчыра кажучы, самым складаным для мяне быў першы год ва Украіне. Калі мы толькі з’ехалі з Беларусі. Я была вельмі ўкаранёная ў сваё месца, і растанне з ім мне далося цяжка. Але лічу, што вельмі добра, што ўсё гэта адбылося. Бо штучна раз’яднацца з рэчамі, якія цябе атачаюць, з людзьмі, да якіх ды прызвычаіўся, з месцамі, успамінамі, вельмі складана. А зрабіць гэта ў маёй жыццёвай кропцы было не тое, што прасцей, а неабходнасцю. Канешне, можна «ўпасці ў стан ахвяры» і ўсім расказваць, якая была няшчасная, але лічу, што ўсё гэта мне было неабходна для асэнсавання майго жыцця.

Вельмі важна, каб у пэўны момант у кожнага чалавека парушыліся знешнія апоры, на якія ён абапіраўся, бо яны надта слабая аснова для жыцця.

То-бок, вы ўспрымаеце тое, што з вамі здарылася, як належнае? Патлумачце, калі ласка, што вы маеце на ўвазе пра знешнія і ўнутраныя апоры.

— Я хачу сказаць, што калі мы шчаслівыя толькі тады, калі вакол нас ёсць блізкія людзі, свой дом, выплачаная іпатэка, машына, і гэтак далей — так, умоўна кажучы, можа кожны. Каб перайсці на наступную ступень, чалавек мусіць зразумець, што гэта ўсё не важна. Можна быць шчаслівым, спакойным, радасным, задаволеным жыццём нават калі нічога гэтага няма. Ды нават калі чалавек сядзіць у турме, памірае ад раку — калі ў яго ёсць апора ўнутры — ён і ў такім стане здолее адчуваць сябе шчаслівым. Сіла знаходзіцца ўнутры цябе. Таму спачуваць і шкадаваць мяне не трэба. Я пакутавала невялікі адрэзак часу — першы год ва Украіне. А ўсё астатаняе было для мяне суцэльным задавальненнем, таму што я скакала з прыступкі на прыступку і не спынялася.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Фота з архіву гераіні.

Іна, хтосьці можна запярэчыць на вашы разважанні «Лёгка сказаць!». Маўляў, паспрабуйце вытрымаць, калі разбураюцца сувязі, калі вымушаны пакінуць сваю родную краіну, наноў выбудаваць сябе ў іншых умовах. А тым больш такая хвароба як рак.

— Таму і карысна валодаць досведам, — я не ўзяла гэта ўсё з паветра. Усё праверана на сабе і таму магу сказаць: «Рабяты, не верце свайму досведу, які вам кажа, што для шчасця вам чагосьці не хапае. Вось атрымаю там штосьці — кватэру, машыну, дом, і вось тады мне будзе добра. Калі вы гэту думку адсочыце ў сваёй галаве — «О, вітанкі!» — ведайце, гэта чыстая мана. Нічога не патрэбна, каб адчуваць сабе добра. Я дакладна ведаю».

«Затрымаліся на сярэдзіне, і гэтага не хапіла»

Іна, дзякуй за ваш погляд. Мяркую, што для шмат каго ён можа стаць падтрымкай у цяжкія часы. Але хачу вярнуць вас усё ж у 2020 год, які, з аднаго боку, застаўся ўжо ў мінулым, але з іншага — мы яшчэ жывем у наступствах 2020-га, у тым, што прыйшло пасля яго. Ваша стаўленне да падзей 2020-га змянілася за гэты час?

— Прызнаюся, што пэўны перыяд у мяне была крыўда, што наша рэвалюцыя прайграла. Маўляў, чаму ў нас не было аўтаматаў, жорсткага супраціву. Але зараз, знаходзячыся ў больш цвярозай пазіцыі, скажу: вельмі радая, што беларусы не ўчынілі гвалтоўны пратэст. Усё было выдатна, проста мы не выраслі ў свядомасці трохі больш, каб пайсці далей у агульную забастоўку. Затрымаліся на сярэдзіне, і гэтага не хапіла. Так, і я веру ў негвалтоўны пратэст нават з такім дыктатарам як Аляксандр Лукашэнка. Калі б краіна пайшла на забастоўку, то вынікі былі б. Не сумняюся.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Фота з архіва гераіні.

У любым выпадку я гляджу на 2020 год як на вельмі важны ўрок для беларусаў. Мы атрымалі добрую «прышчэпку» ад эгаістычнасці і фанабэрыстасці.

А ці былі калісьці беларусы такімі?

— Разумею, часта пра беларусаў кажуць: «Вам не хапае амбіцыйнасці». Лухта ўсё гэта! Усяго беларусам хапае. Амбіцыйнасць не вядзе да пачуцця задаволенасці, яна проста «раздзьмувае» эга людзей да вялікіх народаў, якія ідуць адзін на аднаго з аўтаматамі. А беларусы — простыя людзі, мы хочам жыць, выхоўваць дзяцей, і наша прастата, магчыма, і робіць нас такім прыемным народам, калі можна так сказаць.

І, дарэчы, беларусы вельмі блізкія да швейцарцаў па сваім менталітэце. Швейцарцы таксама вельмі простыя. Жывуць сваё жыццё, радуюцца простым рэчам. І як бачым, не сталі з-за гэтага менш каштоўнымі для свету.

У інтэрв’ю ў фільме вы сказалі, што 2020 год каштоўны ўжо тым, што беларусы, якія лічацца даволі закрытымі людзьмі, раптам адкрыліся адно аднаму. Ці засталіся яны такімі, на ваш погляд, цяпер, праз чатыры гады?

— Мне падаецца, што тая асабістая трансфармацыя, якая адбылася ў 2020 годзе з беларусамі, якія вырашылі пайсці супраць гвалту і маны рэжыму, нікуды не знікла. Гэтыя людзі асэнсавалі сябе ў 2020-м і такімі засталіся. Сёння іх можна пазнаць з першай секунды размовы. Размаўляеш — і вы нібыта сто гадоў адно аднаго ведаеце. І для мяне гэта адкрытасць — як вынік прыняцця адказнасці за сябе, свой лёс, лёс сваёй сям’і, свайго народа. Людзі прынялі яе тады — і яна працуе да гэтай хвіліны. Нічога па адчуванні адно аднаго не змянілася ўвогуле — нібыта мы з марша ў кусты схаваліся, і сядзім, шушукаемся, пакуль АМАП недзе там грыміць сваімі шчытамі.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Фота з пратэстаў. Архіў праекта «Артэфакты».

«Гэта іншы ўзровень асэнсаванасці ва ўсіх сферах»

Іна, якім чынам вы трапілі ў Швейцарыю?

— Я вельмі ўдзячная свайму прыемнаму і лёгкаму лёсу, што ён закінуў мяне ў гэту краіну (усміхаецца). Мне параіла сюды прыехаць адна журналістка, якой я давала інтэрв’ю. Памятаю, яна сказала: «Швейцарыя — гэта як Беларусь, у якой дэмакратыя здзейснілася». Я запомніла гэта.

І ўсё аказалася праўдай?

— Так. У Швейцарыі жыве прыкладна дзевяць мільёнаў чалавек. Усе адзін аднога ведаюць, шмат агульнага з Беларуссю. Але швейцарцы актыўна ўключаны ва ўпраўленне краінай. Яны тут абіраюць усё: і высокапастаўленых чыноўнікаў, і, напрыклад, куды размеркаваць бюджэт гарадка, у якім ты жывеш. На сайце горада можна прагаласаваць, куды пойдуць грошы ў гэтым годзе: ці на рамонт даху будынку, ці на ўладкаванне дарогі. Людзі галасуюць і так уцягваюцца ў палітыку — не праз палітычныя скандалы, сваркі, а праз тое, што яны ведаюць, што іх меркаванне і ўдзел штосьці змяняе.

Я знаходжуся зараз у тым грамадстве, якое не лічыць, напрыклад, што гарадская інфраструктура — штосьці чужое. Яны разумеюць, што гэта куплена за іх падаткі, і зламаць штосьці — такая думка нават не прыходзіць у галаву. Яны клапоцяцца пра сваё атачэнне, прыроду — гэта іншы ўзровень асэнсаванасці ва ўсіх сферах. Мяркую, каб Беларусь пражыла 250 гадоў без вайны, мы былі б такімі ж. Швейцарцы канцэнтруюцца на мірных рэчах і праблемах, якія мы ў Беларусі вырашалі апошнія 200 гадоў паміж масавым расстрэлам і галадоўкай.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Фота Іны Зайцавай.

Дзе вы жывяце?

— У невялікім гарадку на 3 тысячы чалавек. Раней у Мінску я жыла ў Сокале — там, нагадаю, жыве 7-8 тысяч чалавек. І для мяне гэта проста шалёны кантраст — наколькі здорава ўладкавана жыццё ў швейцарскім трохтысячніку. Маленькі гарадок — і табе ўсяго тут хапае. У Швейцарыі няма масавага адтоку з вёсак у вялікія гарады. І было б здорава, каб у Беларусі мы скарысталіся гэтай мадэллю, было зроблена штосьці падобнае — і беларусам не хацелася з’язджаць з мястэчак, гарадкоў у Мінск, бо толькі там можна пракарміцца. Каб мы жылі на месцах і атрымоўвалі асалоду ад прыроды і захоўвалі яе.

«Адразу пасябравала са швейцарцамі»

Ці пачуваеце вы сябе чужымі ў швейцарскім грамадстве? Як вашы дзеці прынялі новае атачэнне? Як іх прынялі?

— Як маё дзіця перажывала адаптацыю ў Мінску, калі пераходзіла ў іншую школу, ва Украіне — тое самае і тут. Гэта дзеці — яны паўсюль хочуць пабуліць, маўляў, ты чужы, іншы, усё тое самае.

Але беларус, калі будзе размаўляць па-нямецку, розніцу па людзях не заўважыць. Культурны код вельмі падобны, мне не трэба асабліва думаць, што сказаць, ці будзе гэта да месца — я адразу пасябравала са швейцарцамі. Кажуць, што яны закрытыя, нікога не пусцяць да сябе ў тусоўку, да не — яны такія, як беларусы. Трапіў у тваё поле чалавек, прыемны ён табе — будзеш з ім стасавацца. Калі непрыемны — то ніякія абставіны яго жыцця не прымусяць цябе гэта зрабіць. Мне вельмі шанцуе тут на людзей — сябруем сем’ямі, ездзім у госці. Я не адчуваю розніцы з Беларуссю па ўзроўні. А гэта яшчэ я не валодаю добра нямецкай, размаўляю на ўзроўні «моя-твоя понимать».

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Іна Зайцава разам з беларусамі Швейцарыі. Фота з архіва гераіні.

Беларуская дыяспара ў Швейцарыі вялікая?

— Беларусаў тут не шмат. Недзе сто чалавек у адмысловым чаце, на імпрэзы прыходзяць чалавек 20-30-ць. Аде дыяспара вельмі класная ў плане людзей! У нас ёсць аб’яднанне Razam.ch, яго лідар, Алесь, вельмі дзейны. Акрамя сваёй асноўнай працы, у яго атрымліваецца весці сто мільёнаў спраў, арганізоўваць артыстаў, усё гэта на абсалютна альтруістычных пачатках. У любым дзвіжы прымае ўдзел — адкуль ён столькі энергіі бярэ? Калі сабраць 20 такіх чалавек — вось ужо парламент гатовы, можна краіну будаваць (усміхаецца).

Калі вы пазнаёміліся з дыяспарай, у вас прызналі знакамітасць беларускіх пратэстаў?

— Людзі, канешне, хацелі падзяліцца з іншымі гэтымі ведамі. Хтосьці на сустрэчах бег і адразу крычаў: гэта ж наша БЧБ-нявеста! Але я настойвала, каб прадстаўленне не было такім гучным. Бо адразу пачынаю нервавацца — хто гэта БЧБ-нявеста? дзе яна? «Я і без БЧБ-нявесты вельмі нават нічога, — кажу. — Можна да мяне звяртацца проста Іна».

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Іна Зайцава разам з сябрамі. Фота з архіва гераіні.

«Каханне — гэта пра штосьці большае, чым «как хорошо нам весело живется»

Іна, ведаю, што за гэты час вам удалося вылечыцца ад раку.

— Так. Нядаўна я прайшла чарговае медыцынскае абследаванне, якое мне паказала, што я ўжо здаровы чалавек. Як я ўжо казала раней, мне вельмі пашчасціла, што ў мяне выявілі рак менавіта ў Швейцарыі. З іх узроўнем медыцыны — выдатнымі дактарамі, сучасным абсталяваннем мне заставалася толькі ў час прыходзіць на належныя сустрэчы, аперыцыі ды працэдуры.

За гэты час адбылася і трансфармацыя ў вашых асабістых стасунках. Вы разышліся з мужам, а цяпер, падаецца, зноў разам. Эміграцыя для многіх пар становіцца выклікам — якая ваша гісторыя?

— Нашаму рамантычнаму, эгаістычнаму каханню трэба было памерці, каб мы сустрэлі адно аднаго на больш глыбокім узроўні. Вось так скажу.

Стасункі гэта такая штука, якая патрабуе высілкаў. Асабліва калі гэта пабудавана на рамантычным каханніі, то іх нельга пакласці на паліцу. Чалавек жыве побач, штосьці напрыдумвае за гэты час, пакрыўдзіцца «у вусмерць» і сыдзе. І вось нам трэба было, каб гэта рамантычнае каханне, пабудаванае на чаканнях, на задавальненні патрэбаў, сышло. Таму што каханне — гэта пра штосьці большае, чым «как хорошо нам весело живется». Яно — пра другое.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Фота з архіва гераіні.

Вам не падаецца, што прычынай разладу сталі выпрабаванні? Турбулентнасць, у якой вы знаходзіцеся апошнія гады?

— Канешне, турбулентнасць паўплывала. Але ў нас з мужам была спрэчка. Ён лічыць, што абставіны «разбурылі» нашы стасункі. А я кажу, што абставіны «агалілі» праблемы, якія былі ў нашых стасунках, і праблемы сталі відавочнымі і зразумелымі. Гэта прыклад таго, як хто бачыць сітуацыю.

Але, на маю думку, як на чалавека можа паўплываць нешта знешняе? Ды ніяк, калі яно не рэзануе з вашым унутраным! Калі б стасункі былі на іншай стадыі, то ні вайна, ні пераезды на іх не паўплывалі б. Вы нават брывом не павялі б.

Большасць з нас яшчэ да гэтай пары ўспрымае сваіх партнёраў як аб’ект для задавальнення патрэбаў і чаканняў для жыцця. Але ў жыцці партнёры не павінны адно аднаму. Умоўна кажучы, вы проста дазваляеце адно аднаму пражываць жыццё разам у адной прасторы. Для мяне разлад у сям’і быў паказчыкам таго, што стасункі рамантычнага перыяду скончыліся. Я прыняла ўсе ўрокі, і не стала губляць энергію на тое, каб супраціўляцца таму, што адбываецца. А гэта вялікая спакуса — сысці ў стан ахвяры. Маўляў, якое несправядлівае жыццё, «за што мне ўсё гэта»! Можна пачаць кагосьці ненавідзець, усю энергію «зліць» у нікуды.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Фота з архіва гераіні.

А ёсць іншы шлях — прыняць падзеі, якія адбываюцца, як тое, што ты выбраў сам. Не «ўсё адбываецца супраць мяне», а наадварот — «усё адбываецца вакол мяне». Яно мне патрэбна. Бог распавядае вам нешта праз гэтыя падзеі. Так вазьміце! Магчыма, вам прапаноўваецца штосьці вельмі важнае для вас. Вашы чаканні не спраўдзіліся? Але хто вам сказаў, што вы да старасці павінны жыць у Беларусі? Вы прыйшлі сюды, каб прайсці свой шлях, атрымаць свае ўрокі і штосьці зразумець.

Усё, што мы зараз абмяркоўваем, гэта як адзін чалавек можа даваць на адны і тыя ж падзеі розную рэакцыю. Усё залежыць ад таго, як вы ўспрымаеце рэальнасць.

«Украінцы заслугоўваюць таго, каб жыць у сваёй вольнай краіне»

Іна, дзякуй вам за адказ. Веру, што вашы словы для кагосьці стануць падтрымкай, але мне хацелася б заўважыць, што мы знаходзімся таксама і ў грамадска-палітычным кантэксце. Ёсць дыктатары, якія распачынаюць войны, у выніку якіх гінуць людзі, знішчаюцца гарады. Ёсць канкрэтныя людзі, у выніку дзеянняў якіх ламаюцца лёсы іншых. Мы можам задумвацца над тым, для чаго нам выпрабаванні, але гэта не адмяняе таго, што адбываецца, што хтосьці за гэта нясе адказнасць. Вы амаль два гады пражылі ва Украіне — хацелася б закрануць у гутарцы і гэты досвед. Нягледзячы на тое, што вы былі вымушаны з’ехаць з краіны з-за праблем з легалізацыяй, мяркую, што ў вас склалася ўяўленне пра Украіну і ўкраінскі народ. Задам вам прамое пытанне: ці верыце вы ў перамогу Украіны?

— Спачатку адкажу наконт вашай заўвагі пра грамадска-палітычнае жыццё. Хачу падкрэсліць, што мая пазіцыя не значыць, што я ў жыцці не аддаю перавагу дзеянню. Я проста хутка адаптуюся да таго, што ёсць, не «разбіваючыся» ў пакутах ад маіх няспраўджаных чаканняў. Я вось толькі зараз вылучала сваю кандыдатуру ў Каардынацыйную раду (блок Пракоп’ева-Ягорава). Чаму я так рабіла? Бо я — беларуска, якая жыве ў Швейцарыі. І ад таго, наколькі дасведчаны швейцарцы пра сітуацыю ў нашай краіне, залежыць канкрэтна маё жыццё. Маё меркаванне такое — беларускія дыяспары за мяжой павінны быць не проста клубамі па інтарэсах, а сістэмнымі арганізацыямі, якія дапамагаюць беларусам адстойваць свае інтарэсы, маюць уплыў, нават прадстаўніка ў парламенце краіны, у якой яны знаходзяцца. Таму я і пайшла ў Каардынацыйную раду. Так, я прымаю тое, што адбываецца ў маім жыцці, але і гэтаксама дзейнічаю. Адно другому не перашкаджае.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Пад Кіевам сям’я Іны адрамантавала дом, але была вымушана яго пакінуць. Зараз там жыве ўкраінская сям’я, якой сям’я Іны здае жыллё. Фота з архіва гераіні.

Наконт Украіны. Я не ведаю, як складуцца абставіны, ці дадуць Украіне зброю ў патрэбнай колькасці, што будзе заўтра, паслязаўтра, але веру, што гэта нацыя, якая можа перамагчы. Вельмі люблю Украіну і ўкраінцаў — гэта вельмі адкрытыя, пазітыўныя, добрыя людзі, якія бясконца дапамагаюць іншым. Яна заслугоўваюць таго, каб жыць у сваёй вольнай краіне. І шмат хто за гэта аддае свае жыцці.

Я спадзяюся, што ўкраінцы здолеюць «пераплавіць» гэты жудасны і траўматычны досвед, які яны займелі, і ўзяць з яго найлепшае. Не «скаціцца» ў стан ахвяры альбо ў стан «вялікай нацыі». Не праваліцца ў нікуды — а застацца тымі ж цудоўнымі людзьмі пасля ўсяго пройдзенага, якія яны ёсць. Аднак я не буду адмаўляць таго, што гэты шакуючы і траўматычны досвед закрануў не адно, а мінімум тры пакаленні ўкраінцаў.

«З усяго, што я магла тады, я зрабіла свой максімум»

Іна, я вас слухаю і разумею, што прымерыўшы аблічча БЧБ-нявесты, вы па сутнасці ёй сталі. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, вы застаецеся светлым чалавекам.

— Я думала пра гэта. Але калі я прымерыла на сябе аблічча «БЧБ-нявесты» — гэта не было для мяне чымсьці надзвычайным. Я проста адказвала на тагачасны выклік.

Першыя маршы, нагадаю, былі карнавальныя — «тараканы», падарункі Лукашэнка, людзі неслі плакаты з рознымі надпісамі, шмат хто апранаўся ў касцюмы… Мая ідэя была абсалютна ў тым творчым духу, што панаваў на першых маршах. Плюс яшчэ я моцна заводжуся, калі хтосьці намагаецца мне казаць, як мне апранацца. Нельга апранаць вясельную сукенку? Тады я буду насіць яе абавязкова. Нешта такое падлеткавае спрацоўвае. У выніку я засталася дастаткова ўпартай у сваім жаданні бадзяцца ў вясельнай сукенцы па маршах.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Фота з архіва гераіні.

І так, нейкая вялікая частка асобы пацвердзіла, хто я ёсць. Лічу, што з усяго, што я магла тады, я зрабіла свой максімум. І ні пра што не шкадую.

«Лепш, чым 20 гадоў медытацыі на Гімалаях»

— Для гэтага праекта ў нас ёсць адмысловае пытанне… Беларусы з 2020 года прайшлі няпросты шлях ад веры ў перамогу да разумення, што ўсё гэта можа быць нядоўга. Шмат хто плаціць за свабоду вялікі кошт. Як вы ставіцеся да словаў, што свабода не даецца проста?

— Усё вельмі проста даецца, калі людзі да гэтага гатовыя. Беларусы не былі гатовыя пайсці на забастоўку, на гэты ўзровень мы не скокнулі — так, каб так стаць у пазіцыю — і рэвалюцыя прайграла. Але ў мяне ёсць адчуванне, што мы ідзем сваім шляхам. І ён нам патрэбны — як персанальна кожнаму з нас, так і народу са сваёй гісторыяй і лёсам. Усе нашы расчараванні, паўтаруся, ад чаканняў. Рабяты, калі вы чагосьці ад гэтага жыцця чакаеце, вы дакладна будзеце расчараваны, таму што жыццё не абавязана адпавядаць чаканням. Усё, што адбылося, гэта быў цудоўны досвед, каб раз’яднацца з нашымі чаканнямі.

Але сёння вы можаце рабіць тое, што можаце, каб зрабіць сваё і жыццё іншых лепей. Вы знаходзіцеся ў Польшчы, Швейцарыі, Амерыцы? Рабіце там. У Беларусі? Рабіце тут. Рабіце рэальнае і жывое ды гэтым змяняйце сітуацыю.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Фота Іны Зайцавай.

Няма адчування, што вы шмат заплацілі за свабоду?

— У мяне ёсць адчуванне, што толькі дзякуючы таму, што тады не забаялася і была дастаткова шчырай з сабой і атачэннем, я атрымала досвед, які лепш за дваццаць гадоў медытацыі на вяршыні Гімалаяў. Таму што менавіта ў такіх складаных жыццёвых сітуацыях ты можаш даведацца, хто ты ёсць, на што здольны і ўвогуле судакрануцца з усімі сваімі ценявымі бакамі. А дома ў звыклай абстаноўцы расце толькі эга, якое мы развіваем. І больш анічога.

Зваротная сувязь ад аператара Ягора Яфімава

З рэжысёрам фільма пра Іну Зайцаву Максімам Шведам мы пагутарылі тут. Аператарам і выканаўчым прадзюсарам стужкі стаў Ягор Яфімаў, пацікавіліся ў яго ўражаннямі ад гераіні.

Праект «Артэфакты»: Іна Зайцава — пра ўнутраную трансфармацыю і калектыўны досвед беларусаў
Фота: Аліса Ганчар.

— Іна складае ўражанне чалавека, які шмат перажыў, і пры гэтым яна энергетычна вельмі моцны чалавек. Яе стаўленне да жыцця, адчуванне свету натхняе і матывуе. Рады, што ў фільме нам удалося паказаць Іну праз яе стасункі з сынам. У карціне ёсць невялікі эпізод, калі ў Варшаве яна разам з сынам наведвае стаматолага. Хлопчыку лячэнне далося вельмі цяжка, ён плакаў, і Іна ўсё гэта мужна перажывала.

Яшчэ здымкі над гэтым эпізодам запомніліся тым, што нам у Варшаве людзі ішлі насустрач і дазвалялі здымаць там, дзе звычайна дазвол атрымаць вельмі складана. Гэта пра стаўленне палякаў да беларусаў — чалавечыя сувязі рабілі немагчымае, і гэта акурат пра салідарнасць і паразуменне.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: