«Кубак Івуліна» — прэм’ера другога фільма з цыкла «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» адбудзецца 4 мая.
Галоўны герой навэлы — народны футбольны блогер Аляксандр Івулін. Сабралі ўсё, што засталося за кадрам фільма, у вялікае інтэрв’ю аўтара блогаў «ЧестнОК», «А Саша выйдет?», «ЧестнОК-Live». Колькі матчаў Чэмпіяната Беларусі па футболе глядзеў на выходных спартыўны журналіст? Дзе сустрэў свой дзень народзінаў у 2020 годзе? Як у футбол гуляюць на «зоне»? І як гэта — іграць на турніры ў свой гонар? 15 прызнанняў ад Сашы Івуліна на Reform.news.
«Заўжды быў апантаны футболам»
— Я вучыўся ў каледжы ў Воршы на праграміста. Але на другім курсе зразумеў, што гэта не маё. І вырашыў паступаць на журфак, на спартыўнага журналіста, бо ўвесь час быў у футболе. Я гуляў у футбол з дзяцінства, займаўся ў школе МТЗ-РІПА, але пайсці па гэтым шляху прафесійна мне перашкодзіла траўма. Але я заўжды быў апантаны гульнёй.
«Кайф — вось што такое футбол!»
— Для мяне футбол — гэта кайф! Гульня — яна не толькі пра галы і секунды, але ў першую чаргу пра атмасферу. Я не ведаю, чым бы займаліся вельмі шмат мужчын і жанчын пасля працы, калі б не было футболу. Бо мы любім футбол і за тое, што пасля яго — калі ёсць што абмеркаваць, пра што пагаманіць. Футбол — гэта людзі і эмоцыі! Гэта — жарсць!
Калі я паступіў на журфак, то нашым курсам мы вырашылі рэфармаваць журфакаўскі чэмпіянат па футболе. Паклікалі заўзятараў, стварылі атмасферу, рабілі агляды. На ўзроўні чэмпіянату журфака са звычайных пацаноў-удзельнікаў пачалі рабіць футбалістаў. У першыя два гады, калі мы пачалі гуляць, на турнір прыходзіла 150-200 чалавек. Умоўна кажучы, на чэмпіянат, дзе часам ўдзельнікі з цяжкасцю траплялі па мячы, пачала збірацца публіка. Турнір стаў месцам аб’яднання людзей. Антураж, атмасфера, усё разам зрабілі сваю справу. Ты такі думаеш — афігець! Кайф! Вось што такое футбол!
«Ты што, з глузду з’ехаў?»
— Калі я быў у Беларусі, то кожныя выходныя глядзеў каля сямі матчаў Чэмпіяната Беларусі па футболе. Мне было цікава, як сыграла «Белшына» з «Нафтанам» ды іншыя беларускія клубы. Усе казалі: «Ты што, з глузду з’ехаў?». А я не мог адарвацца — мне былі цікавыя футбалісты як людзі, як гульцы. У кожнага з іх была свая адметнасць. Зараз я Чэмпіянат Беларусі па футболе не гляджу. Асобаў у клубах засталося не так шмат. Няма за кім сачыць.
«У відэа адразу ёсць эфект прысутнасці»
— Калі прыйшла ідэя стварэння ютуб-канала «ЧестнОК», я ўжо шмат гадоў працаваў у журналістыцы. Рабіў рэпартажы, даследаванні на партале «Трыбуна». Працаваў з тэкстамі. Але потым пісаць рэпартажы стала неяк сумнавата, і я падумаў: «А давай паспрабуем «ютубчык!». Тым больш у той час гэта ніша ў Беларусі была пустой, а ў Расіі і ва Украіне актыўна развівалася.
У сваіх тэкставых рэпартажах я заўжды намагаўся перадаць атмасферу; гэта было маёй журналісцкай фішкай. У відэа гэта рабіць значна прасцей — адразу ёсць эфект прысутнасці. Уключаеш тэлефон, здымаеш, хутка закідваеш у «ютубчык», пішаш кароткі каментар — і людзі глядзяць. Ты паказваеш людзям, што яны не ведаюць — што беларускі футбол — гэта сапраўды крута! Што гэта свая гісторыя са сваімі эмоцыямі і перажываннямі. І пасыл заходзіў.
Памятаю просты прыклад у 2014 годзе. У Барысаве гуляла зборная Беларусі супраць зборнай Украіны. Антураж быў проста фантастычны! Шмат было фанатаў — тады іх яшчэ не «задушылі». Прыехалі заўзятары з Украіны — а паміж беларускімі і ўкраінскімі заўзятарамі заўжды былі сяброўскія адносіны. І вось увесь стадыён скандуе крычалкі «Слава Украіне!», «Жыве Беларусь!» і «Пуцін — …..» (такі дрэнны чалавек) . Я тады зрабіў відос пра «Пуцін — …..(вось такі дрэнны чалавек)» — і ролік нечакана завірусіўся, былі сотні праглядаў. Я ўпэўніўся: прыкольна, можна рабіць. Адразу канал называўся «Александр Ивулин», а потым з’явіўся «ЧестнОК». Ідэя была ў тым, каб паказваць футбол праўдзіва, не згладжваць вуглы, паказваць розныя гісторыі «по-честноку». Ярыку Пісарэнку, майму партнёру па праекце, не вельмі падабалася назва, але я яе «праціснуў».
Адкуль узяўся «тун-тун»?
— Адкуль прыйшла рэпліка «Тун-тун»? Звычайна я запісваў «падводкі» ў «відосах» недзе з раза чацвёртага-сёмага. Але калі лавіў кураж, казаў: «Тун-тун!». На першых мантажах у мяне пыталіся: «Прыбіраем?». «Не, пакідаем, гэта будзе наша фішка», — адказваю. І, сапраўды, людзі падхапілі і сталі ўсё гэта прасоўваць, паўтараць.
Дзень народзінаў у 2020 годзе
— У мяне дзень народзінаў — 10 жніўня. І ўяві, які гэта быў «афігенны дзень» 10 жніўня 2020 года. 9 жніўня мы былі на «Стэле», бачылі ўвесь гэты [разгон], і апоўначы прыйшлі да помніка на плошчы Перамогі. Я быў агаломшаны. І мяне віншуюць: «Саша, з днём народзінаў!». «А? Дзякуй!», — прамаўляю. І ты проста не разумееш, што адбываецца.
У той момант я не ведаў, што здымаць, што рабіць, і як можна пасля гэтага маўчаць, проста паказваць футбольчык. Я пісаў тэксты на «Трыбуне», мы размаўлялі з трэнерамі, футбалістамі, што яны думаюць наконт таго, што адбываецца. І першы пасля 10 жніўня «відос» быў з Сяргеем Падалінскім, міні-футбалістам, які 10 жніўня трапіў на Акрэсціна. Ён распавёў пра ўвесь жах, што там адбываўся. Пасля гэтага выпуску мне стала зразумелым, што я хачу дзяліцца гісторыямі такіх людзей — смелых, шчырых, тых, якія заслугоўваць увагі і павагі за іх учынкі. Недзе я прачытаў, што такое гераізм. Дык вось, гераізм — гэта пра суаднесенасць тваіх базавых установак з тваімі ідэаламі і каштоўнасцямі. Мне стала зразумела, куды мы мусім рухацца — расказваць пра людзей, якія маюць каштоўнасці.
Гледачы адразу адгукнуліся на наш кантэнт. Вельмі шмат было каментароў: «Аказваецца, у нас ёсць такія людзі! Дзякуй вам за тое, што вы робіце!». І я памятаю, як у нядзелю на чарговым маршы трапляю ў аблаву. Забягаю, каб схавацца, у нейкі «падзік» разам з іншымі людзьмі, а там звяртаюцца: «Можна з вамі сфатаграфавацца? Мы глядзім ваш канал». Гэта было вельмі забаўна.
«Тут усё сышлося — пазіцыя, характар і футбольная «хімія»
— У 2020 годзе падавалася, што да нашай агульнай мары зусім трошкі. Але калі стала ясна, што галоўная мара пакуль аддаляецца, мне захацелася здзейсніць сваю мару. Няхай і праз 25 гадоў. (І гэта была таксама невялікая «пасхалачка» да агульнай нашай гісторыі). Я прапанаваў рабіць рэаліці-шоу пра мой уваход у прафесійны футбол. «Якое рэаліці? Гэта складана! Доўга! Не атрымаецца!», — пачаліся сумневы і адгаворы. Але я не спыняўся — і мы запусцілі рэаліці-шоу «А Саша выйдет?». (Згодна з ідэяй шоу, блогер Аляксандр Івулін пачынае гуляць за клуб «Крумкачы» — ці атрымаецца ў блогера стаць прафесійным футбалістам? — Reform.news).
Чаму «Крумкачы?» Таму што ў гэтай каманды вельмі класная гісторыя. За тры гады існавання яна выйшла ў вышэйшую футбольную лігу з мінімальным бюджэтам. Проста таму, што хлопцы гэтага захацелі. І ў 2020 годзе футбалісты паказалі свой характар, пазіцыю — нізкі паклон ім за гэта. Каманда паказала, што яна гуляе для народа. Таму тут усё сышлося — пазіцыя, характар і футбольная «хімія».
Я ставіўся да гэтага выкліку такім чынам: калі сістэмна падыходзіць да справы, то ўсё атрымаецца. Нават калі першапачатковых даных у цябе няма, за лік уласнага жадання, шчырасці, самааддачы можна чагосьці дасягнуць.
Я тады адмовіўся ад усіх шкодных звычак, не еў салодкае, астатнія штукі таксама міма. Пахудзеў прыстойна, набыў выдатную форму. Трэба было трэніравацца, але і пры гэтым крэатывіць — прыдумляць сцэнары, загатоўкі, драматычна ўсё гэта весці. Было складана, але і суперцікава.
Я быў упэўнены, што пры сістэмнай працы заб’ю гол у Першай лізе за «Крумкачоў». І я забіў — праўда, у таварыскім матчы. І вось гэты першы гол — гэта, я скажу, «вау»! Абсалютна эйфарыйны момант! Я ўзнаўляю ў памяці гэта, і «мурашы» па скуры бягуць.
Памятаю, пасля матча мы паехалі з маімі аднаклубнікамі паглядзець футбол у бар. І як прафесіянал, «рэжымнік», адзначу, што глядзеў тады футбік без алкаголю. Настрой быў выдатны, кажу: «А паехалі на Зыбіцкую!». «Паехалі!». Заходзім у бар, і раптам падыходзяць да мяне незнаёмыя людзі і пачынаюць віншаваць: «Віншуем з першым голам!». У той вечар чалавек 7-10 павіншавалі. Тады я пераканаўся: калі робіш усё шчыра, «по-честноку», усё атрымаецца.
Лічу, што гэта было найлепшае, што мы зрабілі. Мне шкада, што ўдалося выкласці ў сеціва толькі 9 эпізодаў. Калі мантавалася 10 серыя — да нас прыйшлі.
«Адпусціце, ён нічога дрэннага не зрабіў!»
— У той перыяд мне пісалі ў каментарах пад «відосамі»: «Не баішся, што цябе затрымаюць?». Я шчыра не разумеў: чаму мяне павінны «закрыць»? Я нічога не рабіў дрэннага ў маім разуменні і ў разуменні шматлікіх людзей. Чаму я не магу называць чорнае — чорным, а белае — белым? У мяне быў стрым — мы дапамагалі аднаму чалавеку, і на наступны дзень за мной прыйшлі. Зразумела, што быў спіс, каго яны павінны былі наведаць. Відаць, той стрым пасунуў мяне з аддаленых месцаў у ім на больш пераважныя пазіцыі.
Было прыкольна, што калі мяне затрымлівалі ля сметніцы, бабуля з суседняга дома крычала: «Адпусціце, ён нічога дрэннага не зрабіў!». Але мяне ніхто не адпусціў, вядома. Запіхалі ў машынку і адвезлі далей: «Паехалі!».
«Зразумеў, што сам сабе не належыш»
— Абсалютна топавыя людзі «сядзяць» у абсалютна пякельных умовах — вось што я магу сказаць пра зняволенне. Мяне затрымалі летам — было суперспякотна. Кандэнсат на сценах. У адной камеры можа знаходзіцца 20 чалавек. Падкідваюць хлорку і бамжоў. Супержудасныя ўмовы. І пры гэтым побач з табой шмат вельмі класных, крутых людзей. З кімсьці футбік абмяркоўваеш, з кімсьці — штосьці яшчэ.
Вядома, у розных людзей псіхіка ў гэтых умовах вядзе сябе па-рознаму. Хтосьці плача, перажывае, знаходзіцца ў стрэсе. У мяне ж мозг запраграмаваны так, што ён намагаецца не заўважаць пякельныя рэчы. Я дастаткова пазнавальным чалавекам стаў у той час, і я бачыў, што людзі на мяне глядзяць і шукаюць надзеі — атрымоўваецца, што ты проста сам сабе не належыш. Я разумеў, што калі не буду трымацца, то гэта будзе дрэнна ў тым ліку і для тых, хто побач. Калі ўжо ўзяў на сябе — пафасна гэта будзе гучаць — гэты крыж, то, калі ласка, нясі. Калі даеш людзям надзею — то ўжо будзь малайцом, рабі! Таму я вельмі стараўся падтрымаць людзей у зняволенні. Недзе супакоіш, дзесьці робіш адцісканні, каб хлопцаў пазабаўляць, неяк адцягнуць увагу, з кімсьці размаўляеш… Потым калі выйшаў, мне напісалі пацаны, з якімі мы перасякаліся на Акрэсціна: «Чувак, дзякую табе! ». І гэта было вельмі прыемна.
Усмешка як супраціў
— Калі мы ўжо ехалі на «зону» і я ўбачыў і жоўтыя біркі на палітзняволеных, і людзей замучаных, то падумаў: «Вы мяне сюды закінулі, але ўсё роўна буду ўсміхацца вам насуперак». І ўсміхаўся на ўсіх фатаграфіях. Калі не можаш дазволіць сабе пратэст відавочны, то робіш гэта па дробязі.
Гэта вельмі раздражняла вертухаяў ды і людзей ў пагонах. «Табе што — весела на зоне?». У гурта «Порнофильмы» ёсць такая песня «Россия для грустных». Мне падаецца, што львіную долю гэтых словаў можна перанесці на Беларусь, на ўсю гэту гісторыю. Вельмі любяць у нас, калі чалавек сумны, сур’ёзны і ходзіць з пункта «А» у пункт «Б» «как положено». Мне ж падаецца, што вельмі класна, калі людзі пасміхаюцца.
Але на «зоне» ты не можаш адказаць: «Мая пазіцыя — хачу і пасміхаюся», такія рэплікі могуць каштаваць табе ШЫЗА, дзе ты можаш пакінуць шмат здароўя. А задача на «зоне» — максімальна захаваць сябе і выйсці. Таму я казаў: «У мяне прыкус такі». Праз тры-чатыры месяцы мяне ўжо ніхто не чапляў за ўсмешку. Прыкус і прыкус. Усе прызвычаіліся: «А, ну ладна!».
«Футбол на зоне — гэта брутальна»
Я ў СІЗА правёў дзевяць з паловай месяцаў. Там ты мала рухаешся, хоць падчас шпацыраў я стараўся трохі бегаць. Але калі выйшаў першы раз гуляць у футбол ужо на «зоне», у мяне адразу звяло дзве ікры. Упершыню ў жыцці цягліцы аказаліся настолькі не гатовыя да руху. Але ў тым матчы я штосьці забіў, даў перадачы, і людзі ўбачылі, што я ўмею трошкі па мячы трапляць. І вось мая каманда стала Чэмпіёнам зоны — мой галоўны футбольны трафей. Я быў другім у спісе самых карысных футбалістаў.
Футбол на зоне — гэта брутальна. Косць у косць, чыста брытанскі стыль. Ногі людзям ламаюць, галенастопы «вылятаюць» толькі так. Але гэта цудоўна, што на зоне ёсць магчымасць гуляць у футбол — бо ты ў пэўны момант пераключаешся і думаеш толькі пра тое, што ёсць мяч, брама, жаданне перамагчы і ўсё! Гэта жарсць, эмоцыі. На матчы нават заўзятары прыходзяць. І гэта кайфова.
Быў адзін вельмі прыкольны момант. Любая зона — гэта паказуха, і калі прыязджаюць праверкі, трэба стварыць бачнасць і паказаць, што ўсе пляцоўкі занятыя, усё такое. Мы гулялі ў футбол, і прыехаў Кубракоў, міністр унутраных спраў, з праверкай. Адзін хлопец падчас гульні ударыў па мячы не вельмі дакладна, і мяч трапіў у Кубракова (ён праходзіў побач са сваёй світай). «Усё, рыхтуйся, зараз табе дадуць артыкул за замах на службовую асобу», — мы кажам небараку. Але праверка прайшла паспяхова, і суперкрутыя начальнікі з «зоны» завіталі на наш матч. І ў гэты момант я атрымліваю перадачу і з паўлёту забіваю ў «дзявятку». Гэта было проста суперкласна! І да мяне звяртаюцца: «Як прозвішча? Выпісаць заахвочванне!». Але ў выніку аказалася, што я палітычны. А палітычным — заахвочванне нельга.
«Мой зямляк — проста «топ»
— У зняволенні я таксама шмат чытаў. Закрыў гештальт па многіх базавых творах. За кратамі нарэшце дабраўся да Уладзіміра Караткевіча і прачытаў «Каласы пад сярпом тваім». Зямляк мой проста «топ» — я ў Караткевіча яшчэ больш закахаўся. Дагэтуль чытаў «Чорны замак Альшанскі», «Паляванне караля Стаха», але «Каласы…» — гэта проста «вау»!
І кнігі пра футбол чытаў таксама. У прыватнасці, біяграфію Пепа Гвардзіёлы.
«Турнір у мой гонар? Што за «сюр»?»
— На «зону» перыядычна прыязджаюць гуляць у футбол ветэраны брэсцкага «Дынама». І на адным матчы да мяне падчас гульні падбягае адзін знаёмы: «Ці ты чуў, што ў жніўні ў твой гонар будзе турнір у Варшаве? 16 каманд. Хацкевіч будзе». Я быў агаломшаны. Афігець! Што за пранк? Што за прыкол? Не можа быць! Хацкевіч на турніре імя Івуліна?! Што за «сюр» увогуле?
Я ведаў, што мяне падтрымліваюць, але не ўяўляў, наколькі. Гэта было нечакана, але суперпрыемна. І такі маштаб салідарнасці!
Калі ўжо выйшаў з месца зняволення, шчыра кажучы, я проста афігеў ад колькасці людзей, якія малявалі арты, графіці, карцінкі, ад колькасці футболак з лічабай «25» (Нумар, пад якім гуляе Аляксандр Івулін — Reform.news). Гэта «вау»! Гэта вельмі каштоўна і зноў-такі накладвае абавязацельствы.
Але салідарнасць — яна натхняе неверагодна! Нядаўна, напрыклад, у Варшаву прыязджаў чалавек, які жыве ў Гішпаніі. У 2022 годзе ён вывесіў на адным матчы Чэмпіяната свету па футболе бел-чырвона-белы сцяг. На ім было напісана «25». Дык вось, мы з ім нядаўна развіртуалізаваліся. Ён прыехаў у Варшаву, прывёз мне мяч, футболку аднога гішпанскага клуба — ці ж гэта не крута? І гэту падтрымку я адчуваў і адчуваю ад зусім розных людзей.
«У мяне да гэтай пары «сіндром самазванца»
— У мінулым годзе я ўдзельнічаў у турніры ў свой гонар, і мне было трошкі няёмка. Я гуляю ў камандзе «Team Ivulin», у мяне тут на грудзі напісана «Івулін», кубак Івуліна, што ўвогуле адбываецца?! Гэта культ асобы, і мне падаецца, што трэба трошкі ад гэтага адыходзіць. У гонар кагосьці іншага гэта ўсё арганізоўваць. У мяне да гэтай пары «сіндром самазванца».
Але мне было суперпрыемна глядзець у мінулым годзе, як гэта ўсё маштабіравалася. Трыццаць з нечым каманд, так шмат беларусаў аб’ядноўваюцца, добра бавяць час, гуляюць у футбол, кайфуюць, стасуюцца. Многія задаюць мне пытанне: «Ты разумееш, што ты аб’ядноўваеш людзей?». Але гэта не мая заслуга. Вы ўсё гэта прыдумалі і рэалізавалі. Вы — малайцы!
«Увесь час падаецца, што я недарабляю»
— Я шмат думаю над тым, як усё змянілася з 2020 года. Я ніколі не хацеў жыць у іншай краіне, мне вельмі важна быць у Беларусі, адчуваць яе, але абставіны склаліся так, што сёння я ў Польшчы.
І мае блізкія сябры таксама тут. Часам мяне моцна «плюшчыць»: так шмат крутых беларусаў у Варшаве, іншых гарадах, і можа скласціся адчуванне, што з Беларусі з’ехалі ўсе крутыя людзі. Але ў Беларусі засталося і шмат крутых хлопцаў — і я гэта таксама разумею. Як прыняць, што Беларусь зараз раскіданая па свеце?
І што сёння важна і патрэбна беларусам? Я ўвесь час шукаю новыя фарматы, бо мне падаецца, што старыя формы, варыянты ўжо аджылі сваё.
Таму мы пачалі рабіць вялікі фармат на «ЧестнОК-Live». Мне падаецца, што зараз нам усім не хапае пазітыву. І не хапае атмасферы, «внутрянки», бруднага кадра, гуку, — паказваць жыццё як яно ёсць. Не проста пасадзіць двух чалавек у студыі — а паказаць, як яны жывуць насамрэч.
Чым я займаюся зараз? Я раблю «відосікі», расказваю беларусам пра крутых беларусаў, ненавіджу гэта слова — але «даю пазітыў і надзею», і гэта сапраўды так. Мы запусцілі мерч, за лік гэтага мерча дапамагаем палітзняволеным. Я дапамагаю на ўзроўні кансультацый, распавядаю, як там — на гэтай «зоне», на іншай. Мы намагаемся дапамагаць тым, хто ўнутры Беларусі.
Намагаюся рабіць вельмі шмат — усё, што ў маіх сілах. Але мне ўвесь час падаецца, што я раблю недастаткова. А зараз вельмі важна ствараць, рабіць штосьці вельмі крутое. Рабіць прыгажосць. Бо толькі так, праз дзеянне, мы можам наблізіць наша вяртанне ў Беларусь.
Глядзіце прэм’еру другога фільма з цыкла «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» 4 мая на ютуб-канале «Саша, что ты несешь?!».
Зваротная сувязь ад рэжысёра навелы Арцёма Багаслаўскага
— Да пачатку здымак я не быў знаёмы з Аляксандрам Івуліным. Але шмат чытаў пра яго самога, глядзеў ягоныя аўтарскія праекты. І праз творчасць Саша падаецца аптымістычным, пазітыўным і вельмі лёгкім чалавекам. Мне было цікава якім коштам ствараецца гэта лёгкасць, бо светлыя людзі звычайна маюць за плячыма не толькі белыя палосы ў сваім жыцці.
І калі мы сустрэліся і пачалі працаваць над фільмам, я зразумеў, што Саша дакладна такі, як у сваіх відэа: шчыры, з пазітыўнай энергетыкай, драйвовы. І пры наўпроставых зносінах гэта энергія асабліва адчуваецца. То-бок яго аптымізм абсалютна арганічны, але пры гэтым ён і свядома выбірае светлы, пазітыўны бок быцця.
Другі момант, якія можна адзначыць, што ўсё ж Саша цэніць сваю асабістую прастору. На жаль, мне не ўдалося засняць героя ў яго кватэры, у прыватнай абстаноўцы — разам з сябрамі ці дзяўчынай. Так што, калі быць да канца сумленным, я Аляксандра ўбачыў не ўва ўсіх іпастасях.
Яшчэ да партрэта магу дадаць, што ў Сашы ёсць моцная ўнутраная пазіцыя. Ён дакладна разумее, дзе дабро, а дзе зло. І пры гэтым няма нянавісці. Саша распавядаў у інтэрв’ю пра сваё зняволенне, і я не адчуў у ім гэтага пачуцця да турэмшчыкаў, сілавікоў, людзей, высілкамі якіх ён і іншыя невінаватыя апынуліся за кратамі. Ведаеце, можна падпітвацца ненавісцю, захраснуць у ёй, але Саша абраў пазіцыю ісці далей. Так, час у турме — гэта быў няпросты перыяд, але важны. І варта яго перажыць, асэнсаваць і зрабіць крок далей. Я ўбачыў гэта вызваленне ў нашым героі.
Яшчэ мне падабаецца ў Аляксандру тое, што ён мае смеласць крочыць за сваёй марай. Гэта было ў час праекта «А Саша выйдет?» — колькі смеласці трэба мець, каб выйсці на поле з прафесійнымі футбалістамі! І Саша не змяняе сабе і далей. Ён кажа, напрыклад, што зараз ён працягвае здымаць «відосікі». Але толькі гэтыя відосікі, выбачайце, доўжацца больш за гадзіну. Гэта даволі вялікая форма. То-бок ён ўвесь час развіваецца, нешта прыдумвае, не спыняецца. І гэты рух выклікае павагу.
Напэўна, калі выбіраеш герояў, то выбіраеш чалавека, які ўва многім табе сугучны. Для мяне фільм пра Аляксандра Івуліна стаўся ў пэўным сэнсе ажыццяўленнем маёй мары. Я даўно хацеў папрацаваць на такім праекце, з такімі людзьмі ў камандзе, і вельмі ўдзячны Максіму Шведу, што ён убачыў ува мне патэнцыял. Можна сказаць, што гэта мая дэбютная паўнавартасная рэжысёрская праца — скончаная, тая, якая нарэшце рэалізавалася. Я працаваў разам з крутым аператарам Ягорам Яфімавым, разам з рэжысёрам і куратарам нашага праекта Полам Копландам, які дапамагаў канструктыўнымі парадамі, з крутым кампазітарам, і гукарэжысэрам імя якіх, на жаль, не магу назваць. Маім героем быў Аляксандр Івулін! Гэты праект стаў для мяне вялікай удачай і радасцю. І той самай надзеяй, прагу да якой мы ўсе сёння маем.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: