27 красавіка адбудзецца прэм’ера першага фільма праекта «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі». Галоўныя героі карціны — моўныя праваабаронцы Аліна Нагорная і Ігар Случак.
У Музеі Вольнай Беларусі знаходзіцца кніга Аліны Нагорнай «Мова 404», якая апісвае гісторыі моўнай дыскрымінацыі ў краіне, дзе афіцыйна ёсць дзве дзяржаўныя мовы. Нядаўна спадарыня Аліна прэзентавала дадатковы і дапоўнены наклад сваёй кнігі ў Вільні. У гэты горад яна была эвакуяваная разам з Ігарам Случаком і іх дзецьмі. Ігар і Аліна працягваюць разам змагацца за пашырэнне роднай мовы ў Беларусі, нават калі знаходзяцца па-за яе межамі.
Паразмаўлялі з Алінай Нагорнай пра шлях да беларускай мовы і этапы напісання кнігі і высветлілі ў магістра юрыдычных навук Ігара Случака некалькі юрыдычных пытанняў, звязаных з моўнай дыскрымінацыяй.
— Ідэя кнігі «Мова 404» з’явілася з уласнага досведу. Аліна, якая ваша гісторыя пераходу да беларускай мовы? Калі і як гэта адбылося, якая была рэакцыя акаляючых вас людзей?
Аліна Нагорная: Я ніколі вакол сябе не чула беларускай мовы ў той форме, у якой яна павінна існаваць, — як сродак камунікацыі. Сутыкалася толькі з дэкаратыўнай яе формай — шыльды ў горадзе ды рэдкія ўрокі ў школе.
Я жыла ў Слуцку, і калі прыязджала ў Мінск, любіла хадзіць у Купалаўскі тэатр. Там я таксама чула беларускую мову, але жывой мовы вакол мяне і ў сталіцы не было.
Слуцк — даволі дэпрэсіўны горад, але ў ім жыло шмат творчых людзей, таму я вырашыла стварыць літаратурны клуб, каб абмяркоўваць кнігі. Мне было гадоў 19, і з гэтага моманту ў маім жыцці пачаўся варушняк, таму што пасля мы з сябрамі задумалі арганізаваць кінаклуб, а таксама ладзілі канцэрты і сустрэчы з вядомымі людзьмі.
З гэтымі актыўнасцямі ў маім жыцці пачалі з’яўляцца беларускамоўныя людзі, якія нязмушана і пастаянна камунікавалі па-беларуску. У мяне нібы расплюшчыліся вочы, я адчула, што ўсё жыццё да гэтага жыла, не адчуваючы глебы пад нагамі. Тады я стала разбірацца, чаму мы тут усе па-руску размаўляем, а калі разабралася, то перайшла на родную мову.
Бо руская мова — гэта не выбар маёй краіны, а вынік палітычных гвалтоўных працэсаў, якія адбываліся ў дачыненні да Беларусі з боку Расіі. І я зразумела, што не магу пачувацца свабодным чалавекам, калі буду карыстацца ў Беларусі рускай мовай.
Рэакцыя людзей вакол мяне на гэты пераход была рознай. Ад блізкіх і знаёмых я рэдка сустракала негатыў, хутчэй ад незнаёмых. Больш сутыкалася з хейтам за дзейнасць па абароне моўных правоў.
— Вы казалі, што ідэя кнігі «404» прыйшла да вас у радзільні. Гэта ж даволі небяспечнае месца, каб размаўляць па беларуску. То-бок вы не адмовіліся ад беларускай мовы нават рызыкуючы здароўем?
Аліна Нагорная: Гэта быў такі перыяд жыцця, калі я заўжды камунікавала па-беларуску, за выключэннем тых момантаў, калі мяне затрымлівалі амон ці міліцыя. А ў радзільні я апынулася ў вельмі стрэсавай сітуацыі: першыя роды, не ведаеш, да чаго рыхтавацца.
Можа, калі б я рацыянальна падыйшла, то пачала б камунікаваць па-руску. Аднак я была ў стрэсе і моцна трымалася за сваё.
Я і да гэтага хацела зрабіць кніжку, прысвечаную моўным пытанням, аднак не ўяўляла, як яна мусіць выглядаць. А ў радзільні зразумела, што найлепей будуць глядзецца жывыя гісторыі. Бо я была па-сапраўднаму здзіўлена той увагай, якую прыцягнула мая беларуская мова.
Калі выйшла з радзільні, то адразу напісала пост пра тое, што шукаю гісторыі моўнай дыскрымінацыі. І там жа патлумачыла, што гэта такое. Звычайна людзі кажуць, што яны не сутыкаліся з моўнай дыскрымінацыяй, а насамрэч сутыкаюцца ледзь не кожны дзень.
— Ігар, ці можаце вы патлумачыць як юрыст, што такое дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце з пункту гледжання закону?
Ігар Случак: У міжнародных і нацыянальных прававых актах няма вызначэння тэрміну «дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце». Аднак ёсць прававыя акты, што рэгулююць моўныя правы, зыходзячы з іх можна вызначыць такую дыскрымінацыю як парушэнне грамадзянскіх, палітычных і эканамічных правоў асобы або этнічнай групы па прыкмеце немагчымасці карыстацца мовай у розных сферах жыцця. Што праяўляецца ў немагчымасці атрымліваць адукацыю на сваёй мове, засноўваць і фінансаваць навучальныя ўстановы з выкладаннем на сваёй мове. То-бок дыскрымінацыя — гэта парушэнне права карэнных народаў і меншасцяў захоўваць сваю ідэнтычнасць, несправядлівыя і або прадузятыя адносіны да асобы або этнічнай групы па моўнай прыкмеце.
З гэтага вынікае, што ў Беларусі дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце ў адносінах да беларусаў, што карыстаюцца або хацелі б карыстацца беларускай мовай, адбываецца на дзяржаўным узроўні.
— Якія законы рэгулююць права на карыстанне роднай мовай?
Ігар Случак: Права на мову рэгулюе шэраг міжнародных дакументаў: Еўрапейская хартыя рэгіянальных моваў і моваў меншасцяў (1992); Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (1948); Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (1966); Канвенцыя супраць дыскрымінацыі ў адукацыі (1960); Канвенцыя Міжнароднай арганізацыі працы №169 аб карэнных народах і народах, што вядуць племянны лад жыцця (1989); Канвенцыя Міжнароднай арганізацыі працы №111 аб дыскрымінацыі ў сферы занятасці (1958); Канвенцыя аб правах дзіцяці (1990); Дэкларацыя правоў карэнных народаў (2007); Дэкларацыя правоў асобаў, якія належаць да нацыянальных, этнічных, рэлігійных і моўных меншасцяў (1992); Рэкамендацыі па прасоўванні і выкананні шматмоўнасці, а таксама ўсеагульнага даступу да кіберпрасторы (2003); Канвенцыя аб ахове і падтрымцы разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення (2005); Двухбаковыя (шматбаковыя) дамовы паміж асобнымі краінамі.
Аліна Нагорная: У побыце ты пастаянна сутыкаешся з моўнай дыскрымінацыяй. Ты яшчэ нічога не сказала, але ўжо ведаеш, што зараз папросіш рахунак і цябе не зразумеюць, табе ўжо некамфортна ўжо ад гэтай думкі.
Камунікацыя па-беларуску — гэта заўсёды перформанс: звяртаюць увагу на цябе, на тваю мову, а не на сэнс таго, што ты сказала. Пакуль я размаўляла па-руску, я не ўяўляла маштабы моўнай дыскрымінацыі.
Атрымліваецца, што дзяржава стварыла такія ўмовы: або ты карыстаешся рускай мовай і жывеш камфортна, або ўвесь час ахвяруеш сваім камфортам, каб камунікаваць па-беларуску.
Часам мне кажуць, што ніхто не забараняе размаўляць па-беларуску. Па-першае, забараняюць. Ведаю шмат гісторый, калі чалавек на працы хацеў карыстацца беларускай мовай, а яму адказвалі: «Мы тут все говорим по-русски, и ты должен это уважать». Гэта рэальныя фразы рэальных працадаўцаў.
Па-другое, камфортна камунікаваць па-беларуску ты можаш толькі з беларускамоўнымі сябрамі. Усё! Ты выходзіш у грамадскае месца, замаўляеш каву, табе прыносяць какаву.
Меню на сваёй мове атрымаць не можаш.
У мяне простае вызначэнне дыскрымінацыі: калі б нечага з вамі не здарылася, калі б вы размаўлялі па-руску, то гэта дакладна дыскрымінацыя.
На беларускую мову я часта атрымліваю і дадатную рэакцыю, аднак гэта таксама ненармальна. Напрыклад, я хачу набыць шакаладку, а мяне пачынаюць хваліць за тое, што размаўляю на роднай мове. А я проста хачу шакаладку!
Мару, што прыйдзе час, калі беларуская мова не будзе выклікаць ніякіх рэакцый, ніхто не будзе звяртаць увагу на тое, на якой мове ты размаўляеш, а будзе звяртаць увагу на сэнс прамоўленага.
Са мной здараліся ў жыцці сітуацыі, калі не звярталі ўвагу на маю беларускую мову, але гэта было настолькі рэдка, што я памятаю ўсе гэтыя выпадкі.
— Калі вы змагаліся за правы беларускамоўных, якую ставілі задачу-максімум?
Аліна Нагорная: Мы шмат чуем, што спачатку трэба заняцца эканомікай, а пасля ўжо мовай, аднак я веру ў тое, што менавіта беларуская мова акрэслівае беларускія межы. З усімі нашымі суседзямі мы маем падобную знешнасць, таму менавіта мова вызначае прыналежнасць да народа.
Расіяне цяпер выдаюць такія цікавыя законы, каб лічыць суайчыннікамі тых людзей, якія карыстаюцца рускай мовай. Паглядзіце, калі яны зайшлі ва Украіну, што пачалі рабіць найперш: мяняць украінскія шыльды на рускія. Мова мае палітычнае значэнне: дзе ўкраінская мова — там Украіна, дзе руская мова — там Расія, дзе беларуская мова — там Беларусь.
Ва усіх нашых суседзяў адна дзяржаўная мова.
— За што канкрэтна вас пачалі пераследаваць з 2020 года? Чаму вы мусілі хавацца такі доўгі час, ды яшчэ з малымі дзецьмі? За кнігу, якую вы напісалі? За лісты ў дзяржорганы? За пазіцыю?
Аліна Нагорная: Хутчэй за усё, мы сваімі бясконцымі зваротамі ўсіх дасталі, і ў 2020 годзе, калі настаў час беззаконня, нейкія людзі захацелі нарэшце адыграцца. А мы дасталі амаль кожную дзяржаўную ўстанову ў Беларусі. Бо часта, калі нас не задавальняў адказ, напрыклад, што нейкая арганізацыя не будзе дадаваць беларускую мову, то мы звярталі ўвагу на тое, што адказ напісаны па-руску, а запыт быў па-беларуску. Мы падавалі заяву, і ў выніку гэты чалавек атрымліваў вымову ці яго пазбаўлялі прэміі. І гэтую дзейнасць мы працягвалі да самага нашага ад’езду.
Ігар Случак: Першыя звароты за пашырэнне беларускай мовы я напісаў у 2007 ці 2008 годзе, то-бок даволі даўно. Я пашыраю беларускую як чалавек з юрыдычнай адукацыяй: праз лазейкі ў законах і праз змены законаў. Гэтая праца не вельмі публічная і эфектная, часам няхутка дае вынік, але яна эфектыўная. Удаецца і змяняць законы, і прасоўваць беларускую мову сярод вытворцаў і сярод дзяржаўных чыноўнікаў, на шыльдах і знаках.
Гэта атрымліваецца рабіць нават цяпер, у сённяшняй Беларусі. Эфект нават большы, чым быў раней, бо ён кумулятыўны: незалежна ад палітычных і сацыяльных абставін пытанне можа вырашыцца нават праз два гады.
Аліна Нагорная: Найлепшае, што мы зрабілі: цяпер у аўтобусах, тралейбусах і нават у цягніках можна набыць квіток па-беларуску. Хоць гэта былі доўгія ўзгадненні з міністэрствамі эканомікі, фінансаў і іншымі ўстановамі, але квіткі з’явіліся амаль ва ўсіх гарадах Беларусі.
Таксама мы змагаліся, каб шыльды з назвамі вуліц мяняліся на беларускія.
Дамагліся, што страхавое пасведчанне можна атрымаць па-беларуску, а з нядаўняга часу — і дакументы са сферы адукацыі, якія тычацца дыпломаў.
Ігар Случак: Як бацька дваіх дзяцей я вельмі рады, што беларуская мова нанесеная на дзіцячае харчаванне. Два вялікія вытворцы дзіцячага харчаванне дадалі нашу мову на пакункі. Цяпер бацькі кожнага дзіцяці могуць, карыстаючыся гэтай ежай, разумець, што беларуская мова не знікла, што на ёй можна пісаць складаную тэхнічную інфармацыю. І кожная дзіця можа бачыць беларускія літары, нават не ўмеючы чытаць.
Аліна Нагорная: Карацей, у 2020-м настала такое беззаконне, што шмат хто захацеў адпомсціць за нашую грамадскую дзейнасць.
Я не магу дакладна сказаць, чаму нас шукалі, таму што мы ніколі не камунікавалі з праваахоўнымі органамі. За апошнія 8 месяцаў, якія мы пражылі ў нашым доме, кожныя два тыдні нехта спрабаваў да нас патрапіць. То стукалі, то хадзілі вакол дома, то фоткалі сцяг, які вісеў з 2019 года і да 2020-га нікому не замінаў.
Пасля сталі прыязджаць даволі часта, то следчы камітэт, то нейкія людзі ў бусіку. Аднойчы ў сямнаццаціградусны мароз прыйшла нібыта настаўніца з мясцовай школы. Цыдулку пакінула.
Мы ніколі нікому не адчынялі, таму што мы ведалі, што калі ты сваім рукамі адчыніш дзверы, то гэта як мінімум ператрус, як максімум зябяруць.
— Вам не ламалі дзверы?
Аліна Нагорная: Дзверы ламалі ў адзінкавых выпадках, часцей у Менску, бо там можна хутка выклікаць АМАП ці ГУБАЗіК. А ў вёсцы ніхто не можа прадказаць, чым гэты гвалт скончыцца. Гэтыя людзі прыязджалі з Рагачова, з маленькага горада, а там ніхто нікому дзверы не ламаў. У маленькім горадзе складана распачаць беззаконны гвалт.
Мы выязджалі з хаты толькі на машыне і ездзілі па невідавочных дарогах. Я памятаю, як аднойчы я выехала па вялікай дарозе, бо трэба было тэрмінова гнаць у Бабруйск, і мяне спынілі даішнікі, якіх там ніколі не было, запыталі, дзе Ігар, і адпусцілі.
Але аднойчы сталі ламіцца вельмі позна, пасля хадзілі па падворку, то-бок ужо парушылі нашыя межы. Той ноччу мы з’ехалі. Паехалі да сяброў з выключанымі тэлефонамі. І так пачалася наша жыццё у пераездах, якое доўжылася больш за два гады.
— Чаму вы не з’язджалі з Беларусі ўвесь гэты час?
Аліна Нагорная: Чаму такое пытанне не задаюць украінцам, якія застаюцца ва Украіне і ваююць за яе? Такое пытанне ім ніколі не зададуць. А ў Беларусі таксама ідзе вайна, хоць і няма разбураных дамоў і мноства забітых людзей. Мы заставаліся, таму што некаторыя рэчы можна рабіць толькі ўнутры краіны. Гэта цяжка зразумець з-за мяжы, бо тое, што робіцца ў Беларусі, не пакажуць на фота, пра гэта не напішуць у СМІ, ніхто пра гэта не даведаецца ў замежжы.
Таму што не трэба, каб пра гэта ведалі. Нейкія рэчы проста працуюць. Як, напрыклад, нашы звароты. У нас няма часу выкладаць усе паспяховыя кейсы, бо такіх дакументаў — тысячы.
— Як цяпер самапачуваецеся ў Вільні?
Аліна Нагорная: Складана, цяжка, бо я пакуль чакаю дакументы і не магу набыць страхоўку, усё дорага, напрыклад, нянька, няма садка… Я ўжо вельмі доўгі час сплю па чатыры гадзіны. І гэта ненармальна, але лепш, чым было ў Беларусі. Бо там ты не ведаў, што будзе з тваімі дзецьмі праз хвіліну. Гэта было самае страшнае. Штосекунды жывеш у жаху за сваіх дзяцей і нават не думаеш, што цябе могуць пасадзіць у турму.
— Як вас прыняў віленскі беларускі асяродак?
Аліна Нагорная: У нас з’явіліся сябры, старэйшы сын наведвае заняткі па беларускай мове па выходных. Я правяла прэзентацыю кнігі, на якую прыйшлі вельмі файныя людзі. Са многімі развіртуалізаваліся.
— Вы з Ігарам Случаком былі вельмі яркай парай, але цяпер разышліся. На гэта неяк паўплывала тое, што з вамі здарылася пасля 2020 года, пераслед, пераезды? Ці крызіс здарыўся раней?
Аліна Нагорная: Крызіс здарыўся раней, але з-за пагрозы рэпрэсій і гэтых пераездаў у нас не было ні часу, ні сіл разбірацца з праблемамі. А цяпер у мяне з’явілася магчымасць падумаць пра сябе, і мы разышліся. Магчыма, рэпрэсіі неяк паўплывалі на нашы адносіны, але галоўнае іх наступства ў тым, што яны забіралі ўсе сілы.
Але вы ж застаецеся паплечнікамі і камандай?
Так, безумоўна.
— Вы правялі прэзентацыю новага перавыдання сваёй кнігі. Што змянілася і чаму вырашылі яе перафарматаваць?
Аліна Нагорная: Па-першае, закончыліся асобнікі з першага выдання, а тэма застаецца актуальнай. І я хачу пра гэтую тэму працягваць размаўляць. Кніга — адзін са спосабаў гэта рабіць.
Па-другое, першую кнігу я рабіла вельмі хутка, з маленькім дзіцём на руках. Ужо тады пачынаўся пераслед і ў мяне была жорсткая пасяродавая дэпрэсія. Карацей, гэтая кніга мне не падабаецца па стылістыцы. Там шмат абдруковак, бо большую частку кнігі я напісала на тэлефоне.
Таму я вырашыла, што калі апынуся ў нейкіх спакойных умовах, то зраблю кніжку больш прыгожай і больш прыемнай.
Бо яна па сэнсе цяжкая. Там гісторыі, якія цяжка чытаць, шмат каго яны могуць трыгерыць. Таму мне захацелася яе стылістычна перарабіць.
Па-трэцяя, у кніжку дадаліся новыя гісторыі.
Таксама я вырашыла паказаць моўную дыскрымінацыю праз юрыдычныя факты з моўнай палітыкі. І там паміж гісторыямі сустракаюцца развароты з гістарычнымі фактамі, якія тычацца беларускай мовы. Ёсць разварот са статыстыкай адукацыі, які вельмі сумна выглядае: штогод на 1 працэнт змяншаецца колькасць беларускамоўных школаў і садочкаў.
Для мяне важна было зрабіць гэту версію класічным правапісам, бо тое, што зрабілі з правапісам, таксама дыскрымінацыя.
Зайшла выдатную дызайнерку, і цяпер у кнігі прыгожы дызайн.
І што важна: кнігу «Мова 404» можна чытаць анлайн, і гэта бясплатна. Сайт вельмі прыгожы і зручны, адаптаваны пад любыя экраны.
— Як нам змяніць месца беларускай мовы ў будучай дэмакратычнай Беларусі?
Аліна Нагорная: Для пачатку трэба вярнуцца да законнага дакумента, які існаваў да 1996 года, а пасля ўжо прапрацоўваць астатнія пытанні. Трэба вярнуцца да стандарту, калі беларуская мова была адзінай дзяржаўнай.
Рэферэндум быў незаконны і праведзены з парушэннямі. Ёсць пытанні, якія нельга выносіць на рэферэндум, яны павінны вырашацца палітычнай воляй, як гэта было зроблена ў Літве, дзе літоўскую мову зрабілі адзінай дзяржаўнай.
Усе пужаюцца, што будуць прымушаць па-беларуску размаўляць. Па-першае, ніхто не прымушаў размаўляць у звычайнай камунікацыі, па-другое, у 1990-я было менш за дзесяць скаргаў ад бацькоў на перавод школ на беларускую мову. Для 10-мільённай краіны гэта нішто. Балтыйскія краіны праходзілі падобную гісторыю, яны ўсе абралі сваю мову не проста так.
Найбольш яскравы прыклад важнасці беларускай мовы я ўбачыла, калі пачалася вайна ва Украіне. Мы жылі ў Беларусі ў той момант і сустракалі расійскіх ваенных: яны стаялі ў чэргах за намі ў крамах ці банкаматах, хадзілі побач па адных вуліцах. І я ведаю, што калі б Беларусь была беларускамоўнай, яны б сябе тут як дома не пачувалі.
— З 2020 года ўжо мінула каля чатырох гадоў: беларусы за гэты час прайшлі шлях ад эйфарыі да расчаравання, ад веры ў хуткую перамогу над дыктатурай — да разумення, што ўсё гэта можа быць надоўга. Шмат хто плаціць за свабоду вялікі кошт. Як вы ставіцеся да словаў, што свабода не даецца проста. І калі гэта так, які ваш кошт свабоды?
Аліна Нагорная: Свабода не даецца проста, даводзіцца ахвяраваць сваім камфортам дзеля яе. І нам трэба будзе гэта ўсвядоміць.
Многія людзі, якія хочуць і перамен, і таго, каб свабода далася проста, кажуць, што давайце захаваем дзве дзяржаўныя мовы або правядзем рэферэндум.
Шмат хто хоча зноў парушаць законную канстытуцыю 1994 года, яна хоць і недасканалая, але прынамсі законная, у адрозненне ад таго, што адбываецца ў краіне проста цяпер.
Зараз шмат людзей праходзіць праз велізарны пераслед і некамфорт дзеля сваіх мэтаў. І я думаю, што настануць часы, калі будзе яшчэ цяжэй і трэба будзе прымаць цяжкія рашэнні, якія дапамогуць захаваць нацыю. У тым ліку рашэнні, што тычацца беларускай мовы. У гэтых выпадках трэба абіраць будучыню, а не цяперашні камфорт.
***
Паглядзець першы фільм праекта «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» можна будзе на YouTube-канале «Саша, что ты несешь?!» 27 красавіка.
Зваротная сувязь ад аператара Ягора Яфімава
З рэжысёрам фільма пра Аліну Нагорную і Ігара Случака Максімам Шведам мы пагутарылі тут. Аператарам і выканаўчым прадзюсарам стужкі стаў Ягор Яфімаў, пацікавіліся яго ўражаннямі пра герояў стужкі і асаблівасці працы над праектам.
«Я ўжо шмат гадоў жыву ў Польшчы і пра герояў стужкі раней не чуў. Мяне здзівіла іх дзейнасць, бо я не ведаў, што ў Беларусі трэба займацца прававым статусам беларускай мовы. Нібыта ў краіне дзве мовы, але адна знаходзіцца ў прыярытэце, і гэта не беларуская.
Героі вельмі розныя па характары, па энергетыцы. Ігар — спакойны, нават крыху замкнуты, яго каментары былі глубокія, думкі — невідавочныя. А Аліна яркая, адкрытая, кампанейская. Яна таксама чалавек мэтанакіраваны і энергічны, але ў іх вельмі розныя энергіі.
Гэта былі нашы першыя здымкі для гэтага праекта, і адразу былі выязнымі. Мы паехалі ў Літву. Я дасюль не працаваў з Максімам, мне было цікава, як у нас будзе атрымлівацца супраца. Спрацаваліся мы вельмі добра. Мне падабаецца ў рабоце Максіма тое, што ён шчыльна трымае сувязь са сваімі героямі. Што і патрабуецца для сапраўднага дакументальнага кіно. Калі героі табе давяраюць і пускаюць у сваё жыццё, то кіно атрымаецца. Калі кантакту няма, то здымкі будуць павярхоўнымі. Героі нам адкрываліся. Мяне ў працы Максіма здзівіла, што з кожным героем, з якімі мы працавалі, склаліся вельмі цёплыя адносіны».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram