Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні збірае звесткі беларускіх арганізацый і ініцыятыў, зарэгістраваных у Польшчы і Літве. Мэта — стварэнне адзінай верыфікаванай базы для падтрымкі супольнасці праз механізм пералічэння 1,2% або 1,5% падаходнага падатку.
Гэтая ініцыятыва закліканая сістэматызаваць інфармацыю пра праекты ў сферах культуры, адукацыі, журналістыкі, сацыяльнай дапамогі і экалогіі, даючы беларусам магчымасць самастойна вырашаць, на якія грамадска значныя мэты пойдуць іх падаткі.
Што такое механізм падаткавых адлічэнняў?
У еўрапейскай практыцы, у прыватнасці ў Польшчы (1,5% ад PIT) і Літве (1,2% ад GPM), кожны падаткаплацельшчык мае права накіраваць частку ўжо выплачанага падаходнага падатку на карысць грамадскіх арганізацый (Арганізацыі публічнай карысці — OPP у Польшчы ці эквівалентныя структуры ў Літве).
Гэта не дадатковы плацёж і не павелічэнне падаткавай нагрузкі. Гэта сродкі, якія ў любым выпадку адыходзяць дзяржаве, але механізм дазваляе «перахапіць» гэтую частку і накіраваць яе на канкрэтны беларускі праект. Адлічэнні робяцца за папярэдні год (у дадзеным выпадку — за 2025-ы).
Каго запрашаюць да рэгістрацыі?
Далучыцца да базы могуць беларускія ініцыятывы, якія маюць юрыдычнае права ўдзельнічаць у дадзеным механізме паводле заканадаўства краіны знаходжання. Арганізатарам важна сабраць максімальна шырокі спектр арганізацый: ад тых, хто арганізуе выставы і фэсты, да ініцыятыў, якія займаюцца дапамогай дзецям палітвязняў ці журналісцкімі расследаваннямі.
Нават калі арганізацыя ўваходзіла ў базу ў мінулым годзе, рэгістрацыю неабходна прайсці нанова для актуалізацыі звестак.
Усе арганізацыі, што пададуць заяўкі, пройдуць працэдуру верыфікацыі, падкрэслівае Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні.
Гэта забяспечвае бяспеку для донараў: магчымасць падтрымаць сваіх ананімна і праз афіцыйныя дзяржаўныя інструменты, а таксама празрыстасць — гарантыю таго, што сродкі пойдуць менавіта на статутную дзейнасць ініцыятывы (арэнду хабаў, аплату працы, рэалізацыю праектаў).
Прадстаўнікам арганізацый неабходна запоўніць рэгістрацыйную форму строга па інструкцыі. Гэта дапаможа пазбегнуць тэхнічных памылак пры праверцы звестак.
Падаць дадзеныя можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

