Мікіта Ільінчык паставіў на сцэне Teatr Polski w Poznaniu od 1875 спектакль «Пігмаліён» (Pigmalion) паводле матываў слыннай аднайменнай п’есы Джорджа Бернарда Шоу. Пастаноўка прэтэндуе стаць адной з гучных падзей тэатральнага сезону.
У новым спектаклі, сцэнарый да якога беларускі драматург і рэжысёр напісаў разам з польскім паэтам, драматургам, рэжысёрам Анджэем Блажэвічам, дзеянне адбываецца ў антыўтапічнай будучыні. Еўразвяз вырашыў дэпартаваць усіх мігрантаў з тэрыторыі аб’яднанай Еўропы. Але адной з мігрантак удалося схавацца ў сутарэннях дома, дзе жыве ліберальная сям’я. Яе чальцы вырашаюць дапамагчы Лізавеце, але дзеля гэта ім трэба пераўтварыць дзяўчыну ў «сапраўдную еўрапейку». Якой мусіць паўстаць «ідэальная» полька? Сям’я пачынае «ляпіць» з Лізаветы новую асобу.
«Стваральнікі спектакля, дакладныя структуры класічнай драмы, разважаюць пра цыклічнасць гісторыі. Яны задаюцца пытаннем — ці не патрапілі мы ў бясконцую, паўтаральную пятлю падзей, напоўненую траўмамі пакаленняў, нацыянальнымі комплексамі, ксенафобскімі страхамі? Ці можна перапыніць гэты гістарычны цыкл?, — адзначаецца ў анатацыі да «Пігмаліёну».
У стварэнні спектаклю задзейнічаны беларускія творцы — падкрэсліваецца, што ўпершыню беларуская каманда творцаў ставіць спектакль на вялікай сцэне рэпертуарнага тэатра.
Напрыклад, над касцюмамі персанажаў працавала беларуская мастачка і дызайнерка Таша Кацуба, відэа ствараў беларускі мастак Аляксандр Адамаў.
Але ролі ў пастаноўцы выконваюць польскія акторы: Алена Шостак, Алан Аль-Муртата, Пётра Казмерчак, Аляксандра Самельчак, Павел Сівяк, Эва Шумска, Карнэлія Траўкоўска.
Прэм’ера спектакля адбудзецца 27 сакавіка 2025 года. І трапіць на пастаноўку можна будзе 28, 29, 30 сакавіка і 4, 5, 6, 8, 9 красавіка.

Мікіта Ільінчык — беларускі драматург, рэжысёр, аўтар пастановак «Казіны востраў» у Бруселі, «М» па паэзіі Вальжыны Морт у мінскім цэнтры ОК16, нашумелых «F***ing in Brussels» у Teatr Polski Bydgoszcz, «Emma» ў варшаўскім Teatr Komuna, ды іншых. Жыве і працуе ў Польшчы.
Набыць квіткі на «Пігмаліён» можа тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram