Фота: сайт Першай беларуская анлайн школы.
Першая беларуская анлайн-школа ва Украіне пачынае набор навучэнцаў на новы 2025-2026 год. Заснавальніца незалежнай адукацыйнай інстытуцыі, беларуская акторка і музыкант Анастасія Шпакоўская запрашае дзяцей у школу з беларускім напрамкам. Па заканчэнні яе выпускнікі атрымоўваюць паўнавартасную адукацыю з атэстацыяй дзяржаўнага ўзору Украіны.
Гэта ўжо будзе шосты набор у школу з моманту яе адкрыцця ў 2020 годзе. За гэты час інстытуцыя дапамагла 254 дзецям з Беларусі (часова ці пастаянна) атрымліваць адукацыю на роднай мове.
«За час працы мы здзейснілі ўжо пяць выпускаў навучэнцаў, агулам выдалі 54 атэстаты аб базавай адукацыі і 24 аб сярэдняй дзяржаўнага ўзору Украіны, — распавядае Анастасія Шпакоўская. — У нас навучаюцца беларускія дзеці з 12 краін: Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Паўночнай Македоніі, Грузіі, Нямеччыны, Кіпра, Турэччыны, Партугаліі, ААЭ і Чарнагорыі, ЗША і Японіі.
Падкрэсліваю, што мы даём паўнавартасную адукацыю — класічныя школьныя заняткі з настаўнікамі», — заўважае руплівіца.
Якім чынам дзейнічае адукацыя ў анлайн-школе?
Анастасія Шпакоўская падкрэслівае, што анлайн-школа — некамерцыйная арганізацыя, і аплата з вучняў бярэцца толькі для самазабеспячэння інстытуцыі.
«Але многія бацькі знаходзяцца ў цяжкіх умовах у сувязі з вымушанай эміграцыяй, таму не заўсёды могуць аплаціць увесь кошт навучання іх дзяцей. У сувязі з гэтым наша школа мае патрэбу ў падтрымцы і салідарнасці. Любая сума няхай гэта будзе 5-10 еўра або 200-500 еўра дапаможа нам працягнуць навучанне нашых дзяцей, бо дзеці — гэта наша з вамі будучыня», — звяртаецца да супольнасці Анастасія Шпакоўская.
Падтрымаць школу можна тут. Як і запісацца на вучобу тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram