Пейзаж як вернуты ўспамін. Рэцэнзія на выставу Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі

Культура
Фота: Reform.by.

Шэрае, перламутравае, ружовае, ды нават жоўтае неба. Карычневы і шызы. Аголеныя дрэвы, змоўклыя палеткі, і вада, што ціха б’ецца ў берагі. Калі ў беларускага пейзажа ёсць свая краса — то гэта краса сцішанага колеру. І мастак тых малочных туманаў і стальной вады — Валерый Шкаруба. Да канца сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі працуе персанальная выстава  беларускага творцы «Валерый Шкаруба. In Memoriam».

Оскар Уайльд некалі казаў, што Прырода пераймае ў пейзажыста і запазычвае ў яго свае праяўленні. Прырода, лічыў сусветнавядомы пісьменнік, — гэта твор, які нараджаецца ў нашым выяўленні. «Адкуль, як не ад імпрэсіяністаў, у нас узяліся гэтыя цудоўныя карычневыя туманы, што паўзуць па [гарадскіх] вуліцах? Каму, як не ім і іх вялікаму майстру, мы абавязаны гэтымі чароўнымі пасярэбранымі туманамі, што клубяцца над рэкамі? Нешта пачынае існаваць толькі тады, калі нам становіцца бачная яго прыгажосць, — казаў Уайльд. — У Лондане, магчыма, бывала туманна ўжо сотні гадоў. Але гэтага ніхто не бачыў. Туманы не існавалі, пакуль іх не вынайшла Мастацтва», — пісаў аўтар «Балады Рэдынгскай турмы».

Пейзаж як вернуты ўспамін. Рэцэнзія на выставу Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі
Фота: Reform.by.
Пейзаж як вернуты ўспамін. Рэцэнзія на выставу Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі
Фота: Reform.by.

Гледзячы на палотны Валерыя Шкарубы, чамусьці ўзнаўляюцца словы вялікага творцы. Думаеш пра тое, што барысаўскаму мастаку ўдалося разглядзець у беларускім «нудным» і часам аднастайным пейзажы цяпер ужо выразную прыгажосць.

Здаецца, што можа быць цікавага для вока ў выяве аголеных дрэваў на снежным полі? У рудых, без ігліцы, галінаў елкі ў лесе? У нейкім амаль безжыццёвым лясным лапіку? У выяве незразумелага, амаль ільнянога колеру вады, якая бяжыць да берагу? І што прывабнага, здаецца, у гэтай друзлай дарозе ў снежным полі ды зацягнутым шэрым покрывам небе?

Пейзаж як вернуты ўспамін. Рэцэнзія на выставу Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі
Фота: Reform.by.

А вось глядзіш — і лічы, па Уайльду, адкрываеш нейкую шчымлівую радасць красы ў гэтых сузіральных, а часам і трывожных карцінах. Пазнаеш і гэтыя пераважна халодныя колеры вады, дрэваў, зямлі, і гэтае амаль заўжды ледзь «прыглушанае» святло паветра. Кажуць, што ў Беларусі мала сонца — але чаму менавіта заліты сонечным святлом ландшафт можа быць прыцягальным? Шкаруба дэманструе нам і гэта.

Пейзаж як вернуты ўспамін. Рэцэнзія на выставу Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі
Фота: Reform.by.

Вось вам аблокі, што нясуць дождж, і — адначасова пераломленае святло дня. Вось вам вада, якая адлюстроўвае перламутравую рабізну неба… А вось — снег, які свеціцца ярчэй на фоне шызага вільготнага паветра. Як аднойчы Міхась Стральцоў у «Смаленні вепрука» рэабілітаваў познюю восень, апісаўшы яе тугі смутак і цьмянае паветра, так і беларускі пейзаж праз погляд Валерыя Шкарубы атрымаў свае адметнасць і ўразлівую моц. Не сумняюся, што дзякуючы мастацтву творцы, хтосьці, магчыма, нарэшце, убачыў гэты тужлівы ландшафт у іншым свеце і прыняў яго.

Пейзаж як вернуты ўспамін. Рэцэнзія на выставу Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі
Фота: Reform.by.

І варта прызнаць, што Валерый Шкаруба, які сёння лічыцца класікам беларускага жывапісу, шукаў спосабы паказаць той (не) выразны ландшафт.

Скажам, цікавы позірк аўтара, калі ён «выхоплівае» фрагменты пейзажу. Часам гэта блізкі план — творца фіксуе ўвагу гледача на нейкай невялікай частцы агульнага, выбіраючы прамы погляд ці зверху ўніз.

Пейзаж як вернуты ўспамін. Рэцэнзія на выставу Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі
Фота: Reform.by.

Часам — мастак раскрывае «ўсю карціну», даючы больш шырокі абшар для агляду, але вока трапляе ў загадзя падрыхтаваную пастку — мы не можам адвесці вачэй ад пэўнага аб’екта ці каляровай плямы.

Пейзаж як вернуты ўспамін. Рэцэнзія на выставу Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі
Фота: Reform.by.
Пейзаж як вернуты ўспамін. Рэцэнзія на выставу Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі
Фота: Reform.by.

А часам — Шкаруба малюе дарогу, якая сыходзіць удалячынь — гэта адзін з улюбёных яго матываў. Але той самы гарызонт на палатне не фіксуе ўмоўную мяжу, а «завальваецца» пад вуглом, задаючы дынаміку выяве. Кампазіцыя, ракурс, дынаміка — для аўтара ўсё было важным і вырашальным.

Пейзаж як вернуты ўспамін. Рэцэнзія на выставу Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі
Фота: Reform.by.
Пейзаж як вернуты ўспамін. Рэцэнзія на выставу Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі
Фота: Reform.by.

Трэба адзначыць, што палотны майстра — усё ж розныя. Бачна, што некаторыя з іх пейзажыст пісаў, каб дамагчыся пэўнага эфекту, перадаць складаную фактуру, паспрабаваць штосьці новае. Але варта і  прызнаць, што сярод розных творчых перыядаў — а на выставе прадстаўлены больш за пяцьдзясят палотнаў мастака ад 1990-х — да позніх 2010-х, — абавязкова знойдуцца тыя карціны, што ўрэжуцца ў памяць. Поўныя таго самага «шчыльнага» святла, уключанага сузірання, канцэнтраванай думкі — яны застануцца з вамі як частка чагосьці важнага, што раптам удалося ўспомніць.

Валерый Шкаруба вынайшаў нам беларускі пейзаж — і мы яго ўбачылі.

Трапіць на выставу «Валерый Шкаруба. In Memoriam» можна да 26 сакавіка 2023 года.

Пейзаж як вернуты ўспамін. Рэцэнзія на выставу Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі
Фота: Reform.by.

***
Валерый Шкаруба нарадзіўся ў 1957 годзе ў Барысаве. У 1976–1981 гадах вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Сябра Саюза мастакоў Беларусі з 1989 года. Персанальныя выставы мастака з поспехам ладзіліся не толькі ў Беларусі, але і ў прэстыжных музеях і галерэях Расіі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Кітая, Японіі. Творы аўтара экспанаваліся на 51-й Венецыянскай міжнароднай біенале мастацтва ў 2005 годзе. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2014).
У 2015 годзе адкрылася персанальная карцінная галерэя творцы ў яго родным горадзе — Барысаве. Памёр Валерый Шкаруба ў 2020 годзе ад наступстваў каронавіруснай інфекцыі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: