Павел Баркоўскі: Падыход да святкавання 8 сакавіка ў Беларусі застаецца патрыярхальным

Культура

8 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца пераважна як дзень барацьбы за правы жанчын і гендарную роўнасць, у той час як у Беларусі гэта «свята вясны і прыгажосці».

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Баркоўскі прааналізаваў пазіцыю беларускай дзяржавы ў дачыненні да Міжнароднага жаночага дня.

«Падыход да святкавання 8 сакавіка ў Беларусі застаецца патрыярхальным: жанчын разглядаюць як прыгажунь, якія мусяць падабацца мужчынам, або як маці, якія выконваюць свой грамадзянскі абавязак перад дзяржавай і грамадствам. Але цалкам замоўчваюцца рэальныя праблемы, з якімі сутыкаюцца сёння беларускія жанчыны, — заўважыў палітык. — Некаторыя прафесіі і кар’ерныя магчымасці застаюцца для беларусак недаступнымі ці маларэальнымі. Апошнюю жанчыну-міністарку звольнілі ў «Год беларускай жанчыны». Жанчынам забараняюць ісці ў прэзідэнткі, кіраваць буйнымі прадпрыемствамі ці дзяржаўнымі арганізацыямі.

Шмат у якіх прафесіях, асабліва малааплочваных, дамінуюць жанчыны: настаўніцы, выхавацелькі, медперсанал, сакратарскія і асістэнцкія пасады. Іх куды радзей прызначаюць на кіроўныя пасады ў гэтых службах.

Жанчыны ў Беларусі сутыкаюцца з дыскрымінацыяй у памеры заробкаў і гатоўнасці працадаўцаў браць іх на працу праз дэкрэтны адпачынак ці вяртанне з яго.

Для грамадства востра стаіць праблема хатняга гвалту. Адпаведны законапраект быў падрыхтаваны, але дагэтуль не прыняты. Таму многія жанчыны адчуваюць сябе безабаронна перад фактамі гвалту ці ўшчамлення іх правоў у сям’і.

Гэта ўсё сведчыць, што пытанне гендарнай роўнасці і адсутнасці дыскрымінацыі — патрэба мільёнаў беларусак, якіх дзяржава і грамадства заганяюць у штамп шчаслівай маці, хатняй гаспадыні ці прыгажуні, задача якой — усім падабацца.

Нам трэба памятаць, што 8 сакавіка — свята не пра кветкі і ўсмешкі. Гэта напамін аб існаванні праблем у грамадстве, якія трэба вырашаць.

Адсутнасць гендарнай дыскрымінацыі — важны для жанчын і мужчын, бо толькі ў справядлівым грамадстве кожная асоба атрымае магчымасці для паўнавартаснага самаразвіцця», — сказаў Баркоўскі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.