У выніку расійскага абстрэлу, які адбыўся сёння ўначы, быў пашкоджаны не толькі Спаса-Праабражэнскі сабор у цэнтры Адэсы, паведамляе Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны. Таксама ўчынена шкода іншым гістарычным будынкам — Дому навукоўцаў, жылым дамам, будынку Адэскага дзяржаўнага музычнага ліцэя імя прафесара П. С. Сталярскага, а таксама аб’ектам партовай інфраструктуры. Інфармацыя аб разбурэннях і пацярпелых удакладняецца.
«Папярэдне за ноч у Адэсе расейскімі тэрарыстамі пашкоджаныя 25 помнікаў архітэктуры, — удакладняе начальнік Адэскага АВА Алег Кіпер. — Сярод іх пабудовы ХІХ-ХХ стагоддзяў».
«Міністэрства рыхтуе адпаведны зварот у Камітэт сусветнай спадчыны UNESCO і Камітэт Другога пратакола Гаагскай канвенцыі», — адзначаецца ў паведамленні мінкульта.
«Пасля кансультацыяў са спэцыялістамі ведамства Адэскі гарсавет праводзіць першаснае вызначэнне стану пашкоджаных аб’ектаў культурнай спадчыны і разам з праваахоўнымі органамі забяспечыць дакумэнтаванне расійскіх ваенных злачынстваў. Расія павінна панесці адказнасць за кожнае злачынства», — падкрэслівае інстытуцыя.
Нагадаем, што ў студзені гэтага года Камітэт UNESCO унёс помнікі гістарычнага цэнтра Адэсы ў спіс Сусветнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай.
«Гэты крок дазволіць абараніць культурную спадчыну Адэсы і зберагчы яе ад расейскіх захопнікаў, якія неаднаразова наносілі ракетныя ўдары па горадзе», — гаворылася ў паведамленні Нацыянальнай камісіі Украіны па справах UNESCO.
Раней, у красавіку 2020 года, Вярхоўная Рада прыняла закон «Аб далучэнні Украіны да Другога пратакола Гаагскай канвенцыі аб абароне культурных каштоўнасцей у выпадку ўзброенага канфікту 1954 года». Прадугледжваецца, што з дня яго прыняцця Украіна можа звярнуцца ў UNESCO па тэхнічную дапамогу і атрымаць дадатковыя інструменты для аховы культурных каштоўнасцяў на часова акупаваных тэрыторыях, удакладняе Unian.net.
На дадзены момант таксама стала вядома пра знішчэнне Палацa культуры ў Часовым Яры, які выкарыстоўваўся як мясцовы гуманітарны штаб і месца аказання першай медыцынскай дапамогі.