«Партытура Вольгі Падгайскай абсалютна фенаменальная»: лонданскі Time Out — пра оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» Беларускага Свабоднага тэатра

Культура
Cцэна са спектакля "Дзікае паляванне караля Стаха". Фота: Linda Nylind, timeout.com.

15 верасня ў лонданскім «Barbican» адбылася прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» Беларускага Свабоднага тэатра. А ўчора гледачы з Беларусі, Украіны, Грузіі, Арменіі, Расеі, Азербайджана, Казахстана і іншых краін маглі пабачыць трансляцыю спектакля паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча ў спадарожнікавым эфіры «Белсата» і на YouTube.

Reform.by знайшоў першыя водгукі экспертаў, які пабывалі на лонданскай прэм’еры — у прыватнасці, сваімі ўражаннямі ад спектакля ў пастаноўцы Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды падзяліўся ў лонданскім Time Out тэатральны крытык Анджэй Лукоўскі (Andrzej Lukowski).

"Партытура Вольгі Падгайскай абсалютна фенаменальная": лонданскі Time Out - пра оперу "Дзікае паляванне караля Стаха" Беларускага Свабоднага тэатра
Фрагмент з оперы «Дзікае паляванне караля Стаха». Фота: facebook.com/nikolai.khalezin.

Анджэй Лукоўскі фармальна бачыў усе папярэднія пастаноўкі Беларускага Свабоднага тэатра — у тым ліку «Сабакі Еўропы» — якая па форме злучае «какафанічны калаж з разважанняў пра вайну ва Украіне і нуарны антыўтапічны дэтэктыў». Опера «Дзікае паляванне караля Стаха» пакінула ў яго станоўчае ўражанне, але ён адзначыў складанасці разумення пастаноўкі.

«Гэта дастаткова літаральная экранізацыя рамана беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча 1964 года пра Андрэя Беларэцкага (Андрэй Бандарэнка), маладога фалькларыста, які ў 1888 годзе натыкаецца на таямнічы замак Балотныя Яліны, дзе жыве маладая жанчына Надзея Яноўская (Тамара Калінкіна), — піша Лукоўскі. — Замак насяляюць розныя звышнатуральныя істоты — ад прывіднай Блакітнай Дамы да прывіднага Палявання — групы забойцаў-маўчуноў, якія не даюць Андрэю з’ехаць (гэтую гісторыю Караткевічу нібыта распавёў рэальны Беларэцкі, з якім аўтар сутыкнуўся ў 96-гадовым узросце).

Адразу адзначу, што я часткова засноўваюся на сінопсісе з Вікіпедыі, — дадае тэатральны аглядальнік, — бо асноўная праблема «Дзікага палявання караля Стаха» у тым, што пастаноўка знаходзіцца на мяжы зразумеласці. Агульная форма сюжэту прасочваецца — чалавек адпраўляецца ў жудасны замак, з’яўляюцца прывіды, — але лібрэта беларускага паэта Андрэя Хадановіча вар’яцкі скача, рэзка ўкідваючы новых персанажаў і незразумелым чынам пашыраючы рамкі дзеяння далёка за межы першапачатковага «самотнага асабняка на балоце». Яшчэ большае весялосці дадае тое, што субтытры часта немагчыма разглядзець у тумане, які ўвесь час сцелецца па сцэне».

Анджэй Лукоўскі лічыць, што оперы пасавала б больш традыйныя драматургія і структура.

«Кіраўнікі БСТ Мікалай Халезін і Наталля Каляда — неверагодна таленавітыя тэатральныя майстры, але яны ніколі не захапляліся глыбокімі характарыстыкамі і натуралістычнымі сюжэтамі. Хоць у «Дзікім паляванні караля Стаха» ёсць палітычныя аспекты, пастаноўка здаецца найменш палітычнай з усіх, што я бачыў у гэтай трупы, а схільнасць Халезіна і Каляды да шалёных скокаў паміж яскравымі вобразамі не заўсёды ідзе ёй на карысць — магчыма, яна выйграла б ад больш традыцыйнай драматургіі і структуры».

"Партытура Вольгі Падгайскай абсалютна фенаменальная": лонданскі Time Out - пра оперу "Дзікае паляванне караля Стаха" Беларускага Свабоднага тэатра
Фота: facebook.com/nikolai.khalezin.

Але пры гэтым польскі крытык, які жыве ў Лондане, застаўся ў захапленні ад музыкі Вольгі Падгайскай, якая гучыць у оперы, і візуальнага складніку спектакля.

«Пры ўсім тым партытура Вольгі Падгайскай абсалютна фенаменальная — напаўкашмарны, напаўсонны гукавы пейзаж прыглушаных піяніна і скажоных струнных, адначасова настойлівы і навязлівы. Я — апошні чалавек, які можа меркаваць аб оперных спевах, але сапрана Калінкінай і барытон Бандарэнкі гучалі вельмі дакладна, магу пацвердзіць. Ды і выглядае спектакль узрушальна — спалучэнне жудаснаватых дэкарацый і цудоўных праекцый ад відэадызайнера Дзмітрыя Гука: сцэна, дзе Андрэй і Надзея танчаць за заслонай з выявай каруселі, якая павольна верціцца, проста ашаламляльная: яна магла б доўжыцца паўгадзіны, і мне было б усё роўна», — піша ён.

«Насамрэч усё выглядае настолькі неверагодна, што часта можна прабачыць той факт, што гэта не зусім зразумела: сцэна, у якой Андрэй і зласлівы мясцовы дваранін з завязанымі вачамі выліваюць адзін у аднаго таксічнае змесціва кружак, здзіўляе, але візуальна захапляе», — дадае аўтар.

На думку Лукоўскага, спектакль значна выйграе з часам.

«Збольшага, я думаю, справа ў тым, што калі папярэднія спектаклі адтачваліся на гастролях або ў Беларусі, то «Дзікае паляванне караля Стаха» занадта вялікі для гастроляў, і Беларусь больш не варыянт. У гэтым плане неверагодна, што такое тэхнічна складанае шоу працуе так добра пасля ўсяго аднаго папярэдняга паказу. Але час і дапрацоўка відавочна пойдуць яму на карысць, і я спадзяюся, што гэта адбудзецца, таму што з яго прывідных ходаў спрабуе вырвацца штосьці сапраўды незвычайнае», — падсумоўвае крытык.

Нагадаем, што пасля Лондана опера ў пастаноўцы Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды будзе дэманставацца ў Варшаве. Спекталь толькі пачынае свой шлях.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: