Сышла ў іншы свет Таццяна Навасельская — унучка беларускага паэта Сяргея Знаёмага, падзвіжніца ў захаванні памяці. Пра смерць Таццяны паведамілі ў сацсетках яе сябры, адзначыўшы яе вялікую працу ў захаванні памяці і сведчанняў пра культурных дзеячаў, знакавых для беларускай гісторыі людзей, якую яна рабіла на валанцёрскіх пачатках.
Развітанне з Таццянай Навасельскай адбудзецца 28 студзеня ў Мінску па адрасе вуліца Семашка, 8, к. 8, першая зала, а 14.00.
«Калі будзеце на Вайсковых і падыдзеце да пахавання Алесі Александровіч (нашай знакамітай актрысы, спявачкі, якой была прысвечана знакамітая драма «На Купалле» і легендарная песня «Купалінка») і Алесінага мужа, Міхася Мароза (першага пастпрэда БССР) — то ведайце, што гэта яна, Таццяна Навасельская, асабіста ўратавала гэтае пахаванне ад руйнавання.
На свае ўласныя грошы яна паставіла помнік і зрабіла на ім надпіс, у якім каротка згадала і Алесю, і Міхася Мароза з усімі важнымі датамі і падзеямі ў іхным жыцці. Без яе гэтае пахаванне было б згубленае, як згубленыя сотні і сотні пахаванняў знакавых для нашай гісторыі людзей», — так апісала ў сваіх сацсетках адзін з учынкаў Таццяны Навасельскай літаратуразнаўца і даследчыца Ганна Севярынец.
Спадарыня Таццяна ўсё жыццё шукала звесткі пра свайго дзеда — беларускага паэта Сяргея Знаёмага, які загінуў у ГУЛАГУ ў 1930-я гады. Але знайсці яго магілу ёй так і не ўдалося. І Таццяна вырашыла дапамагаць іншым — яна аднаўляла помнікі на Вайсковых могілках у Мінску, над якімі ў выніку «мадэрнізацыі» камунальных службаў узнікла пагроза знішчэння. Дзякуючы высілкам Таццяны Навасельскай былі паднятыя з зямлі і адноўлены дзясяткі помнікаў.
«Таня магла знайсці адказы, якіх не мог даць ніводзін архіў», — так кажуць пра яе людзі.
«Думаю, знойдуцца дзясяткі людзей, прычым, як простых, так і вядомых ды значных, якім так ці інакш дапамагала ў іх справах Таня, — напісала ў сваіх сацсетках пра асобу Таццяны мастачка Марта Шматава. — Яна проста была чалавекам высачэзнай унутранай культуры і неверагоднай душэўнай чысціні».
Руплівіца дапамагала і беспрытульным жывёлам, дадаюць сябры.
Таццяна Навасельская памерла па прычыне цяжкай хваробы ў Мінску. Развітанне з ёй, паўторым, адбудзецца 28 студзеня ў Мінску па адрасе вуліца Сямашкі, 8, к. 8, першая зала, а 14.00.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.