11 чэрвеня 2026 года ў Кракаве афіцыйна зарэгістраваная Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў — першая прафесійная арганізацыя, якая аб’ядноўвае беларускіх выдаўцоў. Створаная сілай абставін за межамі Беларусі, яна закладае падмурак прафесійнага саюзу без падзелу на «тут» і «там».
Рашэнне аб яе стварэнні было прынята 23 лістапада 2025 года ў Варшаве, у час фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Тады пад пачатковай дэкларацыяй аб супрацы свае подпісы паставілі 11 прафесіяналаў выдавецкай сферы.
Cупольныя высілкі
Асацыяцыя ўзнікла як форма самаарганізацыі выдаўцоў, якія апынуліся ва ўмовах прымусовай эміграцыі. У Беларусі беларускаарыентаваная выдавецкая дзейнасць фактычна пастаўленая па-за законам: большасць незалежных выдавецтваў ліквідаваныя або паралізаваныя, прававая прастора для НДА знішчаная. Між тым беларуская кніга не спынілася — яна перамясцілася. Сёння болей за 20 беларускіх выдавецтваў працуюць за мяжой, найбольш з іх базуецца ў Польшчы.
Асацыяцыя паўстала, каб гэтыя выдавецтвы маглі дзейнічаць не паасобку, а разам — каардынаваць намаганні, адстойваць прафесійныя і прававыя інтарэсы, будаваць партнёрствы і гаварыць з міжнародным кніжным рынкам адным голасам.
Кіраўніцтва
Старшынёй Асацыяцыі выбраная Валянціна Барбара Андрэева, віцэ-старшынёй — Ілля Андрэеў.
Першыя крокі
Ужо ў сакавіку 2026 года Асацыяцыя пры падтрымцы партнёраў арганізавала ўдзел беларускіх выдаўцоў у Познаньскім кніжным кірмашы. Дзевяць незалежных выдавецтваў прадставілі больш за 100 тытулаў беларускіх кніг. У рамках праграмы прайшло 9 літаратурных мерапрыемстваў з удзелам 6 беларускіх і 1 польскага аўтара. Стэнд наведалі некалькі сотняў беларусаў.
Планы
У бліжэйшы час Асацыяцыя правядзе сход, на якім вызначыць працэдуру прыняцця новых сяброў. Сярод першачарговых задач — распрацоўка этычнага кодэкса беларускага выдаўца і арганізацыя прысутнасці беларускай кнігі на культурных мерапрыемствах дыяспары.
Місія
Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў аб’ядноўвае прафесіяналаў, для якіх кніга — не проста прадукт, але інструмент развіцця культуры, бяспечная прастора для свабоды самавыяўлення і фактар устойлівасці супольнасці. Асацыяцыя імкнецца прадстаўляць беларускае кнігавыданне на міжнароднай арэне, развіваць прафесійныя стандарты і будаваць сеткі супрацоўніцтва паміж выдаўцамі, аўтарамі, перакладчыкамі, мастакамі і ўсімі, хто стварае кнігу.
«За кожным беларускім кніжным выдаўцом стаіць не хобі, але прафесійны калектыў, высокаарганізаваная каманда, задачай якой ёсць дапамагаць беларускай думцы — навуковай, мастацкай, глыбока асабістай або грамадзянскай — даходзіць да чытача ў найбольш яснай і адпаведнай форме. Наш унікальны гуманітарны досвед мае быць часткай сусветнай рэфлексіі і мець голас у складанай справе барацьбы за прыгажосць і гармонію гэтага свету. І таму мы мусім зразумець, як працаваць найбольш эфектыўна, як знаходзіць партнёраў, якія падзяляюць нашы каштоўнасці, і як гаварыць з людзьмі, каб быць пачутымі», — тлумачыць Валянціна Барбара Андрэева, старшыня Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў.
***
Асацыяцыя адкрытая да партнёрства з выдавецкімі арганізацыямі, культурнымі інстытуцыямі, кніжнымі кірмашамі і ўсімі, хто падзяляе каштоўнасці свабоднага слова і незалежнай культуры.
Кантакт: [email protected]
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
