Палітычная супольнасьць Беларусі па-за межамі краіны: прыклад дыяспары і інстытуцыяў у выгнаньні

Главное
Ілюстрацыя: "Пятая рэспубліка"

Палітычна супольнасць Беларусі перажываюць дэфрагментацыю, асабліва ва ўмовах зацяжнога крызісу пасля 2020 года. Беларуская дыяспара, якая імкнецца захаваць сувязь з радзімай, сутыкаецца з новымі выклікамі, спрабуючы захаваць уплыў і легітымнасць. У той жа час інстытуцыі, якія ўзніклі ў выгнанні пасля падзей 2020 года, адчуваюць цяжкасці ў кансалідацыі намаганняў і падтрыманні даверу сярод беларускага грамадства і міжнародных партнёраў.

Дэфрагмэнтацыя палітычнага поля і палітычнай супольнасьці

Панятак «палітычная супольнасьць» – досыць складаны і няўстойлівы ў палітычнай навуцы1. Падаецца, куды сьмялей зь ім працуюць філёзафы, гісторыкі і сацыёлягі2. У палітычнай навуцы дадзены панятак мяняецца ў залежнасьці ад нацыянальнага ці культурнага кантэксту, а часта аднабакова асацыюецца выключна з эўрапейскай палітычнай супольнасьцю, то бок палітычнай супольнасьцю ЭЗ. А часам панятак блытаецца ці накладаецца на такія канцэпты як «палітыя», «грамадзянская супольнасьць» і падобнае3. Яшчэ адной складанасьцю на цяперашнім этапе зьяўляецца ўключэньне ў разуменьне зьявы новых выклікаў: глябалізацыя, віртуалізацыя і тэхналягічны прагрэс, умовы дыктатуры, зьяўленьне ці вяртаньне на сцэну старых новых актараў (дыяспара)4, зьява выгнаньня, эміграцыі, то бок выхад палітычнай супольнасьці па-за клясычныя межы дзяржавы5. Для лепшага разуменьня панятку асаблівы ўзьнёсак зрабілі міждысцыплінарныя дасьледаваньні – дыяспарныя штудыі6 і геапалітыка7. На міждысцыплінарным скрыжаваньні часта ўзгадваецца сучасны дыяспарны фэномэн, які дзякуючы тэхналягічнаму прагрэсу дэмаргіналізуецца і становіцца важным актарам сусьветнай палітыкі і палітычнай супольнасьці8.

Мэтай рэфлексіі не зьяўляецца гістарычны і параўнаўчы аналіз панятку наагул, а фокус на спэцыфіцы палітычнай супольнасьці Беларусі ва ўмовах пасьля 2020 году. Дадзены тэкст зьяўляецца своесаблівым працягам дасьледаваньня «Эвалюцыя палітычнага поля Беларусі ад 2020 году»9. Адной з высноваў дасьледаваньня сталася выяўленьне дэградацыі ці дэфрагмэнтацыі палітычнага поля Беларусі ў выніку збоя беларускага аўтарытарызму, адміністрацыйны вэртыкальны рэсурс якога ўпершыню ў 2020 годзе ня справіўся з выбарамі – фальсіфікацыі масава праявіліся і публічна зафіксаваліся, што ў сваю чаргу спавадавала крызу легітымнасьці, дакладней яе страту і непрызнаньне сусьветнай дэмакратычнай супольнасьцю10. Калі ў мінулы раз я сфакусаваўся на агульнай эвалюцыі палітычнага поля Беларусі пасьля 2020 году, толькі прыгадаўшы асноўных актараў, у тым ліку дыяспару, беларускія супольнасьці, якія апынуліся ў выгнаньні пасьля 2020 году, то гэтым разам у цэнтры рэфлексіі месьціцца якраз аналіз беларускай палітычнай супольнасьці па-за межамі краіны. Бо назіраючы далей за пыглыбленьнем крызы беларускай палітычнай сыстэмы, палітычнай супольнасьці, заўважаецца важная рэч: яна ня толькі дэградуе, дэфрагмэнтуецца, але расклалася на два паралельныя полі: адно нелегітымнае, непрызнанае ў межах краіны – дыктатарскі рэжым і другое часта віртуальнае, у выгнаньні, прызнанае і падтрыманае Захадам, а таксама іншымі дэмакратычнымі рэжымамі (Японія, Паўднёвая Карэя, Ізраіль). То бок беларуская дыяспара стала прысутным і значным складнікам і неадымнай часткай палітычнай супольнасьці.

Выпадак дыяспары, як важнай і да 2020 году падзабытай актаркі і ўдзельніцы беларускай палітычнай супольнасьці, заслугоўвае асобнага аналізу, бо часта яна не даацэньвалася. А як паказалі падзеі пасьля 2020 году якраз дыяспара часта была актыўнай правадніцай беларускай тэмы, беларускай позвы дня ў заходніх краінах, пакуль новыя хвалі беларусаў-ак прыбывалі на Захад і мабілізоўваліся. А таму і новыя беларускія інстытуцыі, структуры і асобы ў выгнаньні разам з дыяспарай аналізуюцца ў тэксьце ў якасьці новых актараў палітычнай супольнасьці Беларусі. Такім парадкам, у цэнтры артыкула месьціцца цікавы і ўпершыню назіраны сплаў паміж дыяспарай і новымі беларускімі супольнасьцямі ў выгнаньні, і іх супольная дзейнасьць у пытаньні вырашэньня крызы і стабілізацыі палітычнай супольнасьці. Зрэшты, параўнаўчы аналіз зь іншымі нядаўнімі гістарычнымі выпадкамі дэмакратычнага ўплыву дыяспары на агульнае палітычнае поле (летувіскім11, латыскім12 ці польскім13 у 90-ыя гады 20 ст.) дэманструе наколькі эфэктыўнай і важнай у пэўныя складаныя пэрыяды ёсьць роля і месца дыяспары ў дэмакратызацыі, захаваньні і перадачы пераемнасьці напрацовак, досьведу грамадзянскай супольнасьці14.

Перад тым, як пяройдзем да сьціслага агляду і аналізу гэтых актараў беларускай палітычнай супольнасьці па-за межамі краіны, прапаную даць працоўнае азначэньне «палітычнай супольнасьці», якое выкарыстоўваецца ў тэксьце. Тэрмін палітычная супольнасць адносіцца да публічна-прававой супольнасьці, якая адрозьніваецца ад непалітычных супольнасьцяў і асацыяцыяў, такіх як сям’я, касьцёл, прадпрыемства і многія віды грамадзкіх арганізацыяў. Канстытуцыя палітычнай супольнасьці падразумявае, што ўсе грамадзяне могуць свабодна ўдзельнічаць у палітычным працэсе праз эфэктыўнае дэмакратычнае прадстаўніцтва. Усе грамадзяне таксама павінны карыстацца роўнымі правамі, прывілеямі і выгодамі агульнага дабрабыту краіны дзеля агульнага дабра. Інакш кажучы, палітычная супольнасьць — гэта супольнасьць людзей, аб’яднаных агульнымі палітычнымі поглядамі, мэтамі і інтарэсамі, якія зьяўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі-цамі палітычнага жыцьця, уплываюць на палітычныя працэсы, прыняцьце рашэньняў і кіраваньне грамадзтвам. Гэтае азначэньне працуе ў дачыненьні да дэмакратыі і ў меньшай ступені да аўтарытарных рэжымаў. Тым ня менш, азначэньне прымальнае і ўнівэрсальнае, бо ўсе недэмакратычныя рэжымы, парушаючы дэмакратычныя прынцыпы, імкнуцца дзеля легітымнасьці прадэманстраваць адпавядальнасьць агульнадэмакратычных ідэалам.

Асноўнымі рысамі палітычнай супольнасьці звычайна зьяўляюцца: тэрыторыя-дзяржава-дыяспара, легітымнасьць, агульная палітычная ідэалёгія або погляды, актыўнасьць у палітычным жыцьці, арганізацыя і структура, мэты і задачы, уплыў на грамадзтва і палітыку15. Улічваючы гэтыя рысы выразна вымалёўваецца дэфрагмэнтацыя і біфуркацыя беларускай палітычнай супольнасьці: існаваньне дзьвюх паралельных палітычных супольнасьцяў ці дзьвюх аканіцаў палітычнай супольнасьці, якія дэфрагмэнтаваліся па лініі тэрыторыя-дзяржава-дыяспара і па лініі легітымнасьці. Адна супольнасьць пасьля 2020 году супадае зь межамі краіны Беларусь – непрызнаная, без легітымнасьці, якая дзейнічае ў форме дыктатуры, вядомая як аўтарытарны рэжым Лукашэнкі, а другая ў выніку канфлікту апынулася, актывізавалася ў выгнаньні і актыўна супрацоўнічае з дыяспарай – прызнаная, падтрыманая Захадам, прадэмакратычная, легітымная, часта віртуальная, раскіданая. Такім парадкам, пытаньне тэрыторыі і легітымнасьці ў аналізе дзьвюх аканіцаў беларускай палітычнай супольнасьці зьяўляецца цэнтральным, вызначальным. Рэжым Лукашэнкі з жніўня 2020 году ня мае легітымнасьці, прадэмакратычная ж палітычная супольнасьць на чале з Кабінэтам Сьвятланы Ціханоўскай легітымная да бліжэйшых выбараў у 2025 годзе. Выбары застаюцца адзіным рэсурсам, які можа надаць, працягнуць ці пазбавіць легітымнасьці. Прыгэтым дыктатарскі рэжым больш няварты даверу, бо дасюль ігнаруе сыгналь Захаду – перамовы з кабінэтам у выгнаньні, вызваленьне палітзьняволеных і пад. З свайго боку і прадэмакратычная палітычная супольнасьць у выгнаньні ўжо сутыкаецца і сутыкнецца ў бліжэйшай будучыні з праблема пацьвярджэньня сваёй легітымнасьці, бо арганізаваць выбары ў выгнаньні ўяўляецца цяжкай і амаль немагчымай місіяй. Да ўсяго большая частка выбарнікаў і выбарніцаў застаюцца ўсё ж такі ў Беларусі. Нават улічваючы магчымасьці віртуальных тэхналёгіяў не ўяўляецца магчымым зьвярнуцца з-за мяжы да беларусаў-ак Беларусі і даведацца за каго ж яны прагаласавалі б у жорсткіх умовах кантролю і рэпрэсіяў з боку ўладаў.

Таксама неабходна ўдакладніць наступныя важныя і не заўсёды дакладна ўжываныя паняткі: «дыяспара», «эміграцыя», «выгнаньне». Калі выгнаньне натуральна ахоплівае і дыяспару, і эміграцыю, то паміж апошнімі двума паняткамі існуе прынцыповае адрозьненьне – працягласьць існаваньня і функцыянаваньня ва ўмовах выгнаньня і ступень інтэграванасьці ў новую радзіму. Сучасныя міграцыйныя беларускія патокі – гэта не дыяспара аўтаматычна, хоць, вядома, новапрыбылыя беларусы і беларускі часта актыўна кантактуюць з дыяспарай. Звычайна дыяспара мае простае значэньне насельніцтва, якое стала жыве па-за межамі першапачатковага цэнтру, радзімы, мэтраполіі і пераважна добра інтэграванае ў новую радзіму16. Тады як беларусы і беларускі, якія зьехалі пасьля 2020 году, – гэта новая хваля эміграцыі, якая ў будучыні можа стаць часткай дыяспары ці можа асымілявацца. Такім парадкам, у дыяспарных штудыях да нядаўняга часу існавала дакладнае адрозьненьне паміж дыяспарамі і міграцыйнымі патокамі, выкліканымі капіталістычным разьвіцьцём, войнамі і зьменамі межаў імпэрыяў. У 21-ым ст. экалягічныя, эканамічныя і аўтарытарныя чыньнікі пачалі вызначаць новыя прычыны (э)міграцыі, уцякацтва. І дасюль трэба ўлічваць чыньнік аўтарытарызму, гвалту дыктатарскіх рэжымаў, якія штурхаюць сотні тысячаў ці нават мільёны людзей да выгнаньня.

Grosso modo палітычная супольнасьць Беларусі па-за межамі краіны складаецца з двух асноўных кампанэнтаў: беларускай дыяспары, у прыватнасьці дыяспарных інстытуцыяў палітычнага характару, як напрыклад, Рада БНР і новых палітычных інстытуцыяў у выгнаньні (напрыклад, Кабінэнт Сьвятланы Ціханоўскай альбо полк Каліноўскага). Фэномэн новых палітычных інстытуцыяў у выгнаньні ўзьнік у выніку шматгадовых палітычных рэпрэсіяў, адсутнасьці свабодных выбараў і масавых пратэстаў у краіне, асабліва пасьля падзеяў 2020 году. Належнасьць да палітычнай супольнасьці падкрэсьліваецца палітызаваным характарам дзейнасьці дадзеных інстытуцыяў, іх заангажаванасьцю ў палітычную барацьбу ў кірунку да дэмакратычных зьменаў на радзіме ці ў мэтраполіі. Дадзеным актар-к-ам уласьцівыя пэўная агульная ідэалёгія, наўянасьць структуры, мэтаў, прынцыпаў, уплыву на палітычную позву дня, артыкуляцыя беларускай тэмы ў замежнай палітычнай прасторы, асабліва на Захадзе, а таксама легітымнасьць, прызнаньне на Захадзе ў якасьці інстытуцыяў у выгнаньні.

Дыяспара

Беларуская дыяспара — сталае, доўгатэрміновае ці ў некаторых выпадках часовае пражываньне значнай часткі беларускага народу па-за гістарычнай тэрыторыяй свайго паходжаньня. У пачатку 1990-х гг. за межамі Беларусі пражывала 3—3,5 млн. беларусаў17. Вельмі часта беларусы эмігравалі з краіны па палітычных і эканамічных прычынах. Падзеі 2020 году значна павялічылі колькасьць палітычных эмігрантаў, асабліва сярод актывістаў-ак, журналістаў-ак, праваабаронцаў і прадстаўнікоў апазіцыі, якія ў будучыні могуць далучыцца да складу дыяспары. Дыяспара ўдзельнічае ў акцыях падтрымкі дэмакратычных зьменаў у Беларусі, арганізоўвае мітынгі, фінансавыя зборы і інфармацыйныя кампаніі, скіраваныя на прыцягненьне ўвагі міжнароднай супольнасьці да падзеяў у краіне.

Большая частка дыяспары належыць хутчэй сымбалічна да беларускай уяўнай палітычнай супольнасьці, аднак існуюць у дыяспары пэўныя вядомыя і прызнаныя на Захадзе інстытуцыі палітычнага характару, якія гістарычна складаюць маргінальную беларускую палітычную супольнасьць – Рада БНР. Найвышэйшы кіраўнічы орган БНР, які з 1919 году дзее на эміграцыі, уяўляе сабой адну з ключавых палітычных арганізацыяў беларускае дыяспары. Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з Радай Першага Ўсебеларускага зьезду 1917 году і на дадзены момант зьяўляецца самым старым у сьвеце ўрадам у выгнаньні18. Прадстаўнікі Рады БНР працягваюць падкрэсьліваць, што Рада бачыць сябе ў якасьці надпартыйнай структуры і мае перадаць свае паўнамоцтвы дэмакратычна сфармаванай беларускай уладзе, калі ня будзе пагрозы незалежнасьці Беларусі19. Пасьля 2020 году Рада БНР і прэзыдэнтка БНР Івонка Сурвіла падтрымалі Сьвятлану Ціханоўскую і дапамагаюць новым палітычным інстытуцыям на міжнароднай арэне. Тое, што БНР – гэта важны актар беларускай палітычнай супольнасьці (досыць маргінальнай да 2020 году і набылай вагу і ўплыў пасьля падзеяў 2020), сьведчаць наступныя рысы: наяўнасьць структуры, статуту, мэтаў, ідэалёгіі, палітычнай волі і палітычнай актыўнасьці цягам больш за 100 год. Кіраўніцтва Рады БНР рэгулярна мае сустрэчы з прадстаўнікамі ўрадаў заходніх краінаў, Старшыня Рады рэгулярна выступае з афіцыйнымі заявамі адносна актуальнай сытуацыі ў Беларусі20. Зрэшты, той факт, што ў 2023 годзе Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі абвясьціў Раду экстрэмісцкім фармаваньнем, таксама сьведчыць на карысьць палітычнага характару дыяспарнай інстытуцыі і небясьпекі для менскага рэжыму21.

Не зважаючы на тое, што ўрад БНР існуе больш за 100 год па-за межамі Беларусі, ён мае прызнаньне з боку дэмакратычных краінаў і важную сымбалічную легітымнасьць, узмацнёную падзеямі 2020 году. У выніку Рада БНР пашырыла свае шэрагі за кошт новай хвалі палітычных эмігрантаў і ўвайшла ў актыўную супрацу з новымі беларускімі палітычнымі інстытуцыямі ў выгнаньні. Такім парадкам, як ніколі за 100 год узмацьнілася замежная кампанэнта беларускай палітычнай супольнасьці ў выгнаньні.

Новыя інстытуцыі ў выгнаньні

Адной з ключавых асаблівасьцяў сучаснай палітычнай супольнасьці Беларусі за мяжой зьяўляецца фармаваньне новых палітычных інстытуцыяў у выгнаньні. Найбольш вядомым прыкладам зьяўляецца Кабінэт ці Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, якая была галоўнай апазіцыйнай кандыдаткай на выбарах у 2020 годзе. Пасьля фальсіфікаваных выбараў і масавых рэпрэсіяў яна была вымушаная пакінуць краіну і зараз зьяўляецца адной з галоўных прадстаўніцаў беларускай апазыцыі на міжнароднай арэне.

Дадзенай інстытуцыі ўласьцівыя важныя наступныя рысы, якія дазваляюць аднесьці яе да палітычнай інстытуцыі: наяўнасьць структуры, лідаркі, статуту, мэтаў, ідэалёгіі, легітымнасьці і кантактаў з дэмакратычным сьветам, палітычнай волі і палітычнай актыўнасьці. Пазначым, што мэта ў кабінэта С. Ціханоўскай адна: «павярнуць Беларусь у бок дэмакратыі, што магчыма праз дэмантаж рэжыму і правядзеньне свабодных выбараў»22.

Іншыя важныя структуры ў выгнаньні ўключаюць Каардынацыйную раду, якая зьяўляецца органам, што аб’ядноўвае прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, грамадзянскай супольнасьці і актывістаў-ак. Мэтай Каардынацыйнай рады заяўлена – «пераадоленьне палітычнай крызы і забесьпячэньня згоды ў грамадзтве, а таксама для абароны сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі»23. Створаная ў Беларусі, яна потым перабралася за мяжу – у Польшчу. Спэцыфікай гэтай інстытуцыі сталася тое, што з нутрыбеларускай яна стала структурай у выгнаньні.

Каардынацыйная рада мае статут, структуру, ідэалёгію, падзяляе прынцыпы права і дэмакратыі24, вядзе палітычную актыўнасьць, абапіралася на значную падтрымку беларусаў-ак у выгнаньні. Адзіным з слабых момантаў Каардынацыйнай рады на дадзены час зьяўляецца пытаньне легітымнасьці і прадстаўніцтва. Выбары ў траўні 2024 году прадэманстравалі нізкую ступень галасаваньня беларусаў-ак у выгнаньні – прагаласавалі толькі каля 1% беларусаў25.

Зрэшты, іншым важным актарам беларускай палітычнай супольнасьці ў выгнаньні стаў полк імя Кастуся Каліноўскага. Гэтая вайсковая фармацыя ў складзе Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, створаная ў сакавіку 2022 году з мэтай абароны Ўкраіны ад расейскага ўварваньня ў якасьці батальёну (ад 21 траўня 2022 году быў пераўтвораны з батальёну ў полк) і складаецца зь беларускіх добраахвотнікаў. Перашапачаткова выключна вайсковая фармацыя набыла рысы беларускай палітычнай інстытуцыі па-за межамі Беларусі. Структура, мэты, ідэалёгія, якія сьцісла рэзюмуюцца ў прысязе26, а таксама супраца з Радай БНР і Кабінэтам Сьвятланы Ціханоўскай падкрэсьліваюць аўтаномны і палітычны характар дадзенай інстытуцыі.

Усе пералічаныя інстытуцыі займаюцца стварэньнем міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама распрацоўкай стратэгіяў па вяртаньні і ўсталяваньні дэмакратыі ў Беларусі. Не заўсёды пералічаныя тры новыя інстытуцыі супрацоўнічаюць гарманічна, але навідавоку спроба шукаць кампрамісы і навучаньне дэмакратычным паводзінам і палітычнай культуры, што ніяк немажліва ва ўмовах мэтраполіі. У супрацы з старымі дыяспарнымі структурамі (напрыклад, Радай БНР) працэс навучаньня адбываецца лацьвей і можа прывесьці да яшчэ большага эфэкту і ўзмацьненьня палітычнай супольгнасьці ў выгнаньні.

Заканчэньне

Такім парадкам, палітычная супольнасьць Беларусі па-за межамі краіны зьяўляецца важным фактарам у змаганьні за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Яна зьяўляецца не толькі каналам зносінаў з міжнароднай супольнасьцю, але і моцнай сымбалічнай апорай для тых, хто змагаецца за зьмены ўнутры краіны.

Вырашэньне крызы і біфуркацыі беларускай палітычнай супольнасьці залежыць ад шматлікіх чыньнікаў, адным з галоўных застаецца геапалітычны чыньнік, дакладней расейскі аўтарытарны чыньнік, які вызначае разьвіцьцё падзеяў у Беларусі і існаваньне нелегітымнай аўтарытарнай палітычнай супольнасьці на чале з А. Лукашэнкам.

У пэрспэктыве магчымыя два сцэнары, што датычыць разьвіцьця беларускай палітычнай супольнасьці:

  1. Вырашэньне крызы шляхам кампрамісу, перамоваў, дамоўленасьцяў (няхай і коштам немагчымых на дадзены момант саступак і гарантыяў) паміж прадстаўнікамі дзьвюх аканіцаў палітычнай супольнасьці – менскага рэжыму без легітымнасьці і прадэмакратычнай прызнанай Захадам супольнасьці ў выгнаньні. Роля палітычнай дыяспары ў такім выпадку можа стацца карыснай з пункту гледжаньня пасярэдніцтва і стратэгіі рэальнага глябальнага прымірэньня.
  2. Зацягласьць канфлікту і існаваньне далей дэфрагмэнтаванай палітычнай супольнасьці: адной у Беларусі і другой у выгнаньні ў замежжы. То бок паўтор савецкага досьведу існаваньня Офісу С. Ціханоўскай па мадэді Рады БНР у выгнаньні і існаваньня непрызнанай Беларусі Лукашэнкі ў імпэрскай арбіце Масквы на манер БССР/СССР. Канфліктную, але і вельмі тыповую праяву такой мадэлі можна назіраць ужо цяпер, калі дэфрагмэнтаваныя часткі, аканіцы беларускай палітычнай супольнасьці ўваходзяць у канфлікт паміж сабою: напрыклад, сутыкненьні і ўзаемныя абвінавачваньні дзьвюх беларускіх дэлегацыяў у ААН.

Спасылкі:

  1. Homa, T., Wspólnotowość. W poszukiwaniu spoiwa wspólnoty politycznej. Kraków: Akademia Ignatianum w Krakowie, Wydawnictwo WAM, 2017; Кот В. С. Концептуализация политического сообщества. – Полис. Политические исследования. 2006. № 1. С. 104-109. https://doi.org/10.17976/jpps/2006.01.08
  2. Chazel, F. Communauté politique, Etat et droit dans la sociologie wébérienne : grandeur et limites de l’entreprise. L’Année sociologique, 2009/2 Vol. 59. pp. 275-301. https://doi.org/10.3917/anso.092.0275.
  3. Тамсама.
  4. Gérard-François Dumont, Les diasporas, de nouveaux acteurs géopolitiques, «Vues d’ensemble», Lille — N°49 — Avril 2011, https://www.diploweb.com/Les-diasporas-de-nouveaux-acteurs.html
  5. Chapuis Jean-Yves, Comment créer une communauté politique en 2021?, Villes en Parallèle, Année 2020, 49-50, pp. 392-408.
  6. Denise Helly, «Diaspora: un enjeu politique, un symbole, un concept?», Espace populations sociétés, 2006/1, 2006.
  7. Gérard-François Dumont, Les diasporas, de nouveaux acteurs géopolitiques, «Vues d’ensemble», Lille — N°49 — Avril 2011, https://www.diploweb.com/Les-diasporas-de-nouveaux-acteurs.html
  8. Тамсама.
  9. Гарбацкі Ў., Эвалюцыя палітычнага поля Беларусі ад 2020 года, Пятая Рэспубліка, https://5-republic.eu/evaluation_of_the_field_of_belarus_hell_of_2020/
  10. Тамсама.
  11. Dangis Gudeli, Lietuvos diasporos potencialo panaudojimas valstybės gerovei kurti: Europos Sąjungos šalių narių geroji praktika, Mykolo Romerio universitetasm Vilnius, 2012.
  12. Maira Lescevica, Anna Zamuele, Mairita Zake, Janis Jirgensons, Minimizing migration: Modeling of Latvian diaspora’s involvement in cooperation with education and science, and governmental institutions, businesses and society, Procedia Computer Science, Volume 149, 2019, pp. 483-490.
  13. Rafał Raczyński, High-skilled migration — a challenge for Poland’s policy on the diaspora, EJTS European Journal of Transformation Studies 2020, V. 8, No. 2.
  14. Maria Koinova, Diasporas and democratization in the post-communist world, Communist and Post-Communist Studies, Volume 42, Issue 1, 2009, pp. 41-64.
  15. Kukathas, Chandran, ‘Political Community’, The Liberal Archipelago: A Theory of Diversity and Freedom, Oxford, 2003, https://doi.org/10.1093/019925754X.003.0006, accessed 2 Oct. 2024; Chazel, F. Communauté politique, Etat et droit dans la sociologie wébérienne : grandeur et limites de l’entreprise. L’Année sociologique, 2009/2 Vol. 59. pp. 275-301. https://doi.org/10.3917/anso.092.0275. Gérard-François Dumont, Les diasporas, de nouveaux acteurs géopolitiques, «Vues d’ensemble», Lille — N°49 — Avril 2011, https://www.diploweb.com/Les-diasporas-de-nouveaux-acteurs.html
  16. Тамсама.
  17. Сяргеева Г. Дыяспара // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996.
  18. Афіцыйны сайт Рады БНР, https://www.radabnr.org/
  19. Навошта нам Рада БНР: інтэрвію з членам Рады (пачатак), Наша Ніва, 06.04.2011, https://nashaniva.com/?c=ar&i=52788
  20. Тамсама.
  21. КДБ прызнаў Раду БНР «экстрэмісцкім фармаваньнем», рашэньне датавалі ліпенем 2023 году, Радыё Свабода, 7 чэрвеня 2023, https://www.svaboda.org/a/32448557.html
  22. «Наша палітыка — з усімі супрацоўнічаць, ні з кім не сварыцца», — Франак Вячорка адказвае крытыкам Ціханоўскай, Радыё Свабоды, 8 жніўня 2024, https://www.svaboda.org/a/33070871.html
  23. Рэглямэнт // Каардынацыйная рада па арганізацыі працэсу пераадоленьня крызісу, 2020 г., Афіцыйны сайт Каардынацыйнай рады, https://www.rada.vision/dakument/rezalyucyya-kaardynacyynay-rady
  24. Статут (Рэгламент) Каардынацыйнай рады Беларусі. Рэдакцыя зацверджаная па выніках галасавання Каардынацыйнай рады 8 ліпеня 2024 года, Афіцыйны сайт Каардынацыйнай рады, https://www.rada.vision/dakument/statut-reglament-kaardynacyynay-rady-belarusi
  25. Выбары ў Каардынацыйную раду і іх вынікі, Радыё Свабода, 30 траўня 2024, https://www.svaboda.org/a/32971861.html
  26. Батальён беларускіх добраахвотнікаў імя Каліноўскага ўвайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, Радыё Свабода, 26 сакавіка 2022 г., https://www.svaboda.org/a/31771520.html

Праект «Пасля 2020: ад палітычнага поля да палітычнай супольнасці» з’яўляецца працягам праекта «Пятая рэспубліка» і накіраваны на садзейнічанне інфармаванаму і структураванаму дыялогу аб бягучых палітычных выкліках і аб будучыні Беларусі. Гэтае абмеркаванне асабліва актуальнае для беларускай дыяспары, якая сёння становіцца галоўнай пляцоўкай палітычных дыскусій аб фармаванні новай палітычнай рэальнасці.

***

Меркаванні і ацэнкі аўтараў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news.

***

Іншыя артыкулы «Пятай рэспублікі»:

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: