«Пакуль людзі могуць свабодна абменьвацца меркаваннямі, будзе трываць мір»: мастакі Элін Вікстром і Дзяніс Раманоўскі пра апошнія навіны з вайны

Культура
Экспазіцыя выставы "Апошнія навіны з вайны - тры творы пра вайну побач з табой" у галерэі TEGEN2.

«Апошнія навіны з вайны — тры творы пра вайну побач з табой» — так называецца выстава ў стакгольмскай галерэі TEGEN2. Яе аўтары — мастакі Элін Вікстром і Дзяніс Раманоўскі — ператварылі прастору галерэі ў лабараторыю і татальную інсталяцыю, дзе цэнтральнае месца займаюць часовыя аб’екты і сацыяльныя ўзаемадзеянні з гледачамі.

Элін Вікстром удзельнічала ў шматлікіх выставах у Швецыі і за мяжой, у тым ліку ў Skulptur Projekte Münster, а яе працы прадстаўлены ў Moderna Musseet у Стакгольме.

Дзяніс Раманоўскі атрымаў адукацыю ў Акадэміі мастацтваў у Мінску, а пасля — ступень магістра Каралеўскага інстытута мастацтваў у Стакгольме. Яго мастацкая практыка сканцэнтравана вакол перфарматыўных дзеянняў.

Паразмаўлялі з аўтарамі выставы пра навіны з вайны ва Украіне, сучасныя медыі і ўмоўнасць мовы мастацтва.

Дзяніс, як склаўся ваш творчы тандэм? 

Дзяніс Раманоўскі: Элін — мая сяброўка, мы разам ужо дзесяць гадоў, аднак мы амаль не працуем у тандэме, апошні раз сумесны праект рабілі гадоў дзесяць таму.

Як даўно вы жывяце ў Швецыі?

Дзяніс Раманоўскі: У Швецыі я каля 20 гадоў, працую тут і як мастак, і як арганізатар праектаў. Асноўны мой профіль — перформансы. Разам з Віктарам Пятровым мы з канца 1990-х рабілі ў Мінску міжнародны фестываль «Навінкі». У Швецыі я таксама арганізоўваў фестывалі перформенсаў.

«Пакуль людзі могуць свабодна абменьвацца меркаваннямі, будзе трываць мір»: мастакі Элін Вікстром і Дзяніс Раманоўскі пра апошнія навіны з вайны
Элін Вікстром на вуліцы Стакгольма. Праект «Чырвоныя лініі». Фота: Дзяніс Раманоўскі.

Выстава «Апошнія навіны з вайны — тры творы пра вайну побач з табой» — пра канкрэтныя навіны? Якую форму прымаюць гэтыя навіны на вашай выставе?

Дзяніс Раманоўскі: Навіны, а гэта навіны пра вайну ва Украіне, пастаянна абнаўляюцца. Наша выстава заснаваная на дыялогу, мы яе самі актывізуем і пастаянна знаходзімся ў галерэі. Усе нашы працы існуюць у развіцці.

Элін Вікстром: Я, напрыклад, даследую тое, як гэта вайна асвятляецца ў шведскіх медыя. Я распытваю людзей на вуліцы пра тое, адкуль яны бяруць інфармацыю пра вайну, ці абмяркоўваюць яе? Калі так, то дзе — дома ці на працы? Ці супадаюць меркаванні, ці ёсць разыходжанні? Ці адрозніваецца асвятленне вайны ва Украіне ад асвятлення папярэдніх войнаў, напрыклад, у Іраку ці В’етнаме? Таксама я цікаўлюся, ці павінна Швецыя пасылаць ваенныя самалёты ва Украіну?

Я атрымліваю вельмі розныя адказы. Калі б я толькі чытала газеты і глядзела навіны, то тады б не ведала пра існаванне мноства пазіцый. У гэтым сутнасць майго праекта: у грамадстве існуе вялізная неабходнасць абмеркавання. Грамадства не можа існаваць без абмеркавання важных тэмаў.

Аднак вы не запісваеце гэтыя размовы?

Элін Вікстром: Не!

«Пакуль людзі могуць свабодна абменьвацца меркаваннямі, будзе трываць мір»: мастакі Элін Вікстром і Дзяніс Раманоўскі пра апошнія навіны з вайны
Дзяніс Раманоўскі. «Кардонныя камеры». Фота Элін Вікстром.

Не фіксуецца і фатаграфаванне, працэс фатаграфавання адбываецца на картонную камеру, таму здымкаў няма…

Дзяніс Раманоўскі: Так, мы працуем без выкарыстання носьбіта, медыя. Мы самі становімся носьбітамі інфармацыі. Можа, мая камера і ўспрымаецца як цацка, аднак я раблю ўсвядомлены выбар кожнага кадра.

Куды ідуць гэтыя запісы і гэтыя ўмоўныя фатаграфіі?

Дзяніс Раманоўскі: Мы з’яўляемся камунікатарамі. Мы сядзім у гэтай галерэі на гэтай выставе і камунікуем з людзьмі. І кожная папярэдняя сустрэча ўплывае на наступную, на тое, што мы гаворым і як мы гаворым.

То-бок, вы выбудоўваеце найпроставыя камунікатыўныя ланцужкі, вяртаецеся да такога дапісьмовага віду камунікацыі. Але ж цывілізацыя развівалася таму, што людзі фіксавалі веды праз выявы і пісьмо. Чаму вы вырашылі вярнуцца да непасрэднай камунікацыі?

Дзяніс Раманоўскі: Вайна — гэта не толькі сутыкненні на полі бою. А таксама і вытворчасць, рэсурсы, медыяіндустрыя. І калі мы нашу камунікацыю праводзім без пасярэдніка, то выслізгваем з-пад парасона прапаганды, а праз шматлікасць меркаванняў, праз дыялог можам крытычна ацаніць сітуацыю. Бо падчас крызісаў, падчас войнаў людзі звычайна апынаюцца ў інфармацыйным пухіры. У гэтай выставе, дзякуючы таму, што мы выходзім на вуліцу з нашымі самалётамі ці з нашымі камерамі, мы камунікуем напрасткі з выпадковымі людзьмі і такім чынам разрываем гэту інфармацыйную бурбалку.

Элін Вікстром: Важны момант у тым, што пакуль людзі, што маюць розныя пункты гледжання, могуць свабодна размаўляць паміж сабой, абменьвацца меркаваннямі, напрыклад, на вуліцы, дасюль будзе трываць мір. Калі пачынаецца вайна ці развіваецца канфлікт, гэта становіцца немагчымым.

Мы можам апісаць тое, што адбываецца ў галерэі падчас аднаго дня. Кожны дзень я набываю газету і выразаю з яе артыкулы, звязаныя з вайной ва Украіне. Гэтыя артыкулы вісяць на сценах галерэі. Кожная рамка ўтрымлівае артыкулы аднаго дня. Вясной такіх артыкулаў было да дзесяці ў дзень, цяпер з-за вайны ў сектары Газа — каля двух.

У галерэі размешчаны каробкі, на якіх напісаны неабходныя для вайны крытычныя рэсурсы, напрыклад, нікель, цэзій. У Еўразвязе выйшаў новы закон пра тое, што кожная краіна павінна быць самадастатковай у плане крытычных рэсурсаў. У Швецыі яны ёсць, але ўжо доўгі час не распрацоўваліся. Цяпер адкрываюцца радовішчы на поўначы, але гэта выклікае пратэсты самаітаў, паўночных карэнных народаў. Яны актыўна пратэстуюць, а ў выніку мы атрымліваем новыя канфлікты.

Такім чынам, каробкі маркіруюць рэсурсы, пакуты, зброю, канфлікты, прапаганду. Я іх пастаянна перамяшчаю, бо рэсурсы цыркулююць. А калі няма наведнікаў, выразаю бомбы з кардону.

«Пакуль людзі могуць свабодна абменьвацца меркаваннямі, будзе трываць мір»: мастакі Элін Вікстром і Дзяніс Раманоўскі пра апошнія навіны з вайны
Элін Вікстром робіць бомбы з кардону на выставе «Апошнія навіны з вайны — тры творы пра вайну побач з табой» у галерэі TEGEN2.

Навошта?

Элін Вікстром: Калі няма наведнікаў, значыць няма і дыялогу. А калі няма дыялогу, тады вытвараецца зброя. А калі прыходзяць людзі і адбываецца размова, то зброя не вытвараецца. Я нібы адчуваю, як цячэ кроў, калі рэжу гэтыя бомбы.

Яшчэ тут, на выставе, размешчаны два кардонныя аэрапланы для нас. У Швецыі ёсць такое паняцце «лятучы рэпарцёр» — рэпарцёр на выездзе. Калі я бяру інтэрв’ю з гэтага аэраплана на вуліцы і трымаю кардонны мікрафон, то людзі ўсміхаюцца, яны разумеюць метафару.

Таму аэраплан з’яўляецца цудоўным інструментам камунікацыі.

Таксама ў нас на падлозе размешчаны ланцуг — гэта ланцуг ваенных паставак. Ён, як і ўсе астатнія аб’екты ў галерэі, з кардону. Усе гэтыя дастаўкі ўпакоўваюцца ў кардон, то-бок гэтыя ланцугі дастаўкі адбываюцца праз кардон, гэты матэрыял — стратэгічны.

Дзяніс Раманоўскі: Мы збіралі кардон па розных мэблевых і веласіпедных магазінах.

Элін Вікстром: А калі выстава закончыцца, мы аднясем усе нашы аб’екты на станцыю перапрацоўкі, усе гэтыя бомбы, камеры і два аэрапланы.

«Пакуль людзі могуць свабодна абменьвацца меркаваннямі, будзе трываць мір»: мастакі Элін Вікстром і Дзяніс Раманоўскі пра апошнія навіны з вайны
Элін Вікстром на выставе «Апошнія навіны з вайны — тры творы пра вайну побач з табой» у галерэі TEGEN2.

Адзін з вашых праектаў мае назву «Чырвоныя лініі». Чаму?

Элін Вікстром: Гэты тэрмін звязаны з міжнароднымі дамоўленасцямі, напрыклад, падчас кубінскага крызісу было праведзена 16 чырвоных ліній, што пастаянна адсоўваліся.

Назва тычыцца знешняй палітыкі, дзе чырвоныя лініі могуць складацца з месца, дзеянняў або слоў — межаў, якія нельга пераступаць у перамовах. Падобныя межы паўстаюць і падчас вашых сустрэч на вуліцах, альбо ў галерэі. У любой сітуацыі, калі мы абмяркоўваем вайну.

У выніку вашага другога праекта, звязанага з фатаграфаваннем, «Кардонныя камеры» з’яўляецца серыя тэкстаў…

Дзяніс Раманоўскі: Так, тэксты змешчаны ў 12 каробках, у кожнай з іх люстэрка. Калі мы фатаграфуем гэтымі кардоннымі камерамі без фотастужкі ці лічбавай памяці, то здымкі захоўваюцца толькі ў памяці фатографа, але мы таксама ствараем нататкі, у якіх пішам, што мы фатаграфуем. Атрымліваецца такое напаўпаэтычнае апісанне. Кожная рама з тэкстам на люстэрку — гэта фатаграфія.

Ранцай Элін і я “вылятаем” на кардонных самалётах, а пасля закрыцця выставы мы выходзім з камерамі і робім «здымкі», таксама часам ўступаем у дыялог з людзьмі.

Наступным днём я сціраю некаторыя з тэкстаў на люстэрках і пішу нататкі з новых здымкаў.

Напрыклад, ёсць такія надпісы: дзве чырвоныя кветкі з аднаго вазона, макраздымка, ліловы фільтр.

Дзеля чаго патрэбны люстэркі ўнутры гэтых каробак з тэкстамі?

Дзяніс Раманоўскі: Мы інструктуем сваіх гледачоў, што яны павінны чытаць гэтыя надпісы ўслых і сачыць за сваім тварам. Чытаць тэкст і бачыць сябе, таму што само фатаграфаванне без камеры актуалізуе цябе самога. Калі ў нас няма пасярэднікаў, ты сам сябе актуалізуеш: навошта я гэта раблю, хто я, дзе я…

«Пакуль людзі могуць свабодна абменьвацца меркаваннямі, будзе трываць мір»: мастакі Элін Вікстром і Дзяніс Раманоўскі пра апошнія навіны з вайны
Дзяніс Раманоўскі. Навіны сінхранізаваных вуснаў. Фота Элін Вікстром.

Трэці праект на гэтай выставе ўяўляе сабой вялікую каробку ў выглядзе тэлевізара. Я кожную раніцу мантую аўдыяпадборку навін пра вайну ва Украіне. Раблю дзесяціхвілінныя прэзентацыі, але не прамаўляю словы, толькі кратаю вуснамі.

Гэта такое агаленне прыёму? Вы паказваеце ўмоўнасць гэтага медыя — тэлевізара?

Дзяніс Раманоўскі: Не, хутчэй спрабую зразумець перапакоўку навін. Інфармацыя, падрыхтаваная для трансляцыі праз тэлэбачанне, ужо некалькі разоў перапакаваная некалькімі актарамі, навіны афарбоўваюцца рознымі эмоцыямі, так што часам распаўсюджваюцца не столькі факты, колькі эмоцыі.

Што да агалення прыёму… Важна, што мы ва ўсіх трох сваіх працах спрабуем прыбраць самі носьбіты інфармацыі і бяром на сябе гэтыя ролі. У адрозненне ад звычайных медыяў, якія здабываюць інфармацыю з маладаступных крыніц і шырока яе распаўсюджваюць, я раблю наадварот: збіраю навіны з сеткі і вяшчаю толькі ў прасторы галерэі, нават калі няма гледачоў.

Элін Вікстром: Цяпер, калі вы пабачылі выставу, то разумееце, што ў яе ёсць іранічнае адценне. Мы робім тое ж, што і дадаісты ў свой час, якія перапрацоўвалі абсурд вайны. Але наша гісторыя іншая, яна не паўтараецца, бо кожны час мае свае выклікі.

Дзяніс Раманоўскі: Гэта выстава — наша спроба знайсці сябе ў складаны час і вызначыцца, каб застацца сабой. Напрыклад, я аказаўся настолькі залежным ад навін, што адчуў патрэбу ў асабістай перапрацоўцы гэтай залежнасці. Да таго ж мы як мастакі таксама нясем адказнасць за ўсё, што адбываецца. Мы спрабуем даць ацэнку, правесці аналіз, аднак размаўляем пры гэтым мовай мастацтва.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: