7 сакавіка раптоўна пайшоў з жыцця вядомы беларускі мастак, кераміст, сябра Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Іванавіч Зіменка. Яму было 77 гадоў.
Пра смерць творцы паведаміў Беларускі саюз мастакоў.
Аляксандр Іванавіч нарадзіўся ў 1946 годзе ў Мінску. З 1965 да 1970 гады вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З 1967 года прымаў удзел у выставах. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1970 года. Адзін са стваральнікаў і галоўны мастак (з 1995) выдавецтва «Панграф».
Аляксандр Іванавіч займаўся керамікай, дызайнам грашовых знакаў і памятных манет, быў аўтарам інтэр’ераў многіх архітэктурных аб’ектаў, у тым ліку былога будынка ЦК КПБ, рэстарана «Беларусь» у Брэсце. Працаваў таксама ў жывапісе. Супрацоўнічаў з фотаклубам «Мінск». Выкладаў у Інстытуце сучасных ведаў. З’яўляўся дырэктарам РВУ «Культура і мастацтва». У апошнія гады вучыў маляванню дзетак у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў Фаніпалі.

Творы Аляксандра Зіменкі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, у фондах БСМ, Міністэрстве культуры Расіі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram