Pan Les – такую назву мае беларуска-польскі музычны праект, прысвечаны паэту і бунтару Анатолю Сысу. 23 траўня на пляцоўцы Kino forum у Беластоку ў межах Дзён сучаснай культуры адбудзецца імпрэза, на якой сваё прачытанне вядомага зборніка вершаў беларускага творцы прадставяць Юрка Асеннік з Беласточчыны, Марэк Атвіноўскі з Уроцлава, Сяргей Краўчанка з Беларусі.
Сваю праграму музыкі пазіцыянуюць як мастацкі эксперымент на мяжы музыкі і паэзіі.
«Пан Лес» – гэта слынная кніга Анатоля Сыса, «сведчанне жывучасці, неабходнасці і яшчэ нявычарпаных магчымасцей беларускага слова». Яна выйшла ў 1989 годзе і стала другім з трох прыжыццёвых зборнікаў аўтара, спадчына якога лічыцца найкаштоўнейшай у беларускай паэзіі.
Мерапрыемства адбудзецца ў межах Дзён сучаснай культуры, якія сёлета з’яўляюцца часткай нацыянальнай культурнай праграмы польскага старшынства ў Радзе Еўрапейскага Саюза 2025 года.
Вершы на польскую мову пераклаў Марэк Атвіноўскі (Marek Otwinowski).
Візуальнае афармленне канцэрта і ўсіх Дзён сучаснай культуры – Юрка Асеннік.
Час і месца падзеі: 23 траўня ў 19.00, Kino forum (Legionowa 5), Białystok. Уваход вольны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram