Паэтка і перакладчыца Вольга Гапеева падрыхтавала аўдыяальбом з гуртом Fantastic Swimmers.
Скразная лінія праграмы «Plop-Plop-Plop» – аўтарская дэкламацыя свабодных вершаў, напісаных на нямецкай мове. Па словах Вольгі, атрымалася «цэлая опэра, маштабны і панарамны твор».
Чытанне суправаджаюць упершыню ўжытыя «плыўцамі» нотныя мэлодыі, сэптэт (3 духавыя, 3 струнныя інструменты), раяль, тэрмэнвокс і шумавы хор.
Усяго да працы над альбомам спрычыніліся 20 чалавек, у тым ліку музыкі з Беларусі, Польшчы і ЗША. Запіс адбываўся цягам мінулага года ў варшаўскай Quality Studio.
У выніковым трэклісьце – 18 кампазыцыяў, умоўна падзеленых на два «бакі», агульнай працягласцю 36 хв. Пакуль што аўтары прапануюць азнаёміцца з прэв’ю – «Plop Ouvertüre», а поўная версія альбома выйдзе бліжэй да 2027 года.
Нагадаем, што Вольга Гапеева з 2019 года жыве і працуе ў Аўстрыі і Нямеччыне, піша не толькі па-беларуску, але і па-нямецку.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram