Мінскі фестываль мастацтва «Арт-Мінск» назваў пераможцаў. Сярод іх — карціна маладой мастачкі Таццяны Уласавец «Склад 2.0» — антыўтопія пра свет спажывання, у якім няма месцу чалавеку. Жывапісны твор атрымаў Гран-пры журы.
«Перад гледачом паўстае гіперрэалістычная, бясконцая, пазбаўленая чалавечай прысутнасці прастора, напоўненая стэлажамі з разнастайнымі пакункамі, — так апісваецца праца аўтаркі. — Яны прамаркіраваны, маюць штрых-коды, надпісы, якія адрозніваюць іх адзін ад аднога. Гэта новы свет, новая крама, дзе ўжо не патрабуецца чалавечая прысутнасць для здзяйснення пакупак. Тут усё стэрыльна і абязлічана. Унізе, на халоднай падлозе, ляжыць смяты пакет — адзіны элемент, які парушае бездакорны парадак сістэмы».

Аўтарцы найлепшага твора фэсту ўсяго 24 гады. Таццяна — прадстаўніца новай генерацыі беларускіх мастакоў: яна скончыла мастацкую школу імя Цвірко, каледж імя Глебава з дыпломам з адзнакай, а зараз працягвае навучанне на кафедры станковага жывапісу ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Удзельніца групавых выстаў. У гэтым годзе адбылася яе персанальны выставачны праект у НЦСМ. Тэмы, якія цікаваць мастачку — грамадства спажывання, свет рэчаў.

Адзначым, што Гран-пры ад гледачоў фестываля атрымаў «Нацюрморт з булачкамі» Алесі Скарабагатай — тэхнічнай мастачкі-гіперрэалісткі. Яе карціны бралі прызы глядацкіх сімпатый шмат гадоў запар.
Сёлета ў фестывалі «Арт-Мінск» прынялі ўдзел 235 мастакоў. Гэта амаль у два разы меней, чым у 2020 годзе. Заяўкі на ўдзел у падзеі па-ранейшаму праходзяць не толькі экспертызу адмыслоўцаў, але сіта цэнзуры.
70 творцаў з агульнай колькасці ўдзельнікаў у гэтым годзе былі прадстаўлены ўпершыню.
Глядзець усіх пераможцаў фэсту можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
