Падчас археалагічных работ, якія праводзяцца пад варшаўскай плошчай Пілсудскага, даследчыкі выявілі старыя і часткова спаленыя прапагандысцкія плакаты часоў Другой сусветнай вайны. На іх змешчаны выява фюрэра і надпіс па-беларуску «Гітлер-асвабадзіцель».
Вядома, што падобныя друкаваныя выданні распаўсюджваліся акупацыйнай уладай на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь у межах Рэйхскамісарыята «Остланд». Іх мэта была інфармаваць мясцовае насельніцтва пра тое, што напад на Савецкі Саюз, здзейснены ў 1941 годзе, прынёс жаданае вызваленне ад савецкага рэжыму і Сталіна.
Такім чынам немцы спрабавалі заваяваць прыхільнасць мясцовага насельніцтва.

«Ідэнтычныя выявы хадзілі па Украіне, але з украінскім надпісам», — патлумачыў Славамір Куліньскі, прэс-сакратар Саскага Палаца, з мэтай адбудовы якога і праводзяцца раскопкі.
«Пакуль невядома, як прапагандысцкі кантэнт з Беларусі патрапіў у Варшаву і хто яго спрабаваў спаліць», — расказаў Куліньскі журналістам.
Археолагі выявілі вялікую колькасць фрагментаў згарэлых плакатаў. Кулінскі растлумачыў, што, хутчэй за ўсё, плакаты былі скінутыя ў кучу і падпаленыя. У сярэдзіне стосу агонь напоўніцу не разгарэўся, таму фрагменты плакатаў ацалелі.
У бліжэйшы час знойдзеныя плакаты будуць перададзеныя ў рукі супрацоўнікаў Архіва новых дакументаў, дзе яны пройдуць працэс кансервацыі. Пасля артэфакты часоў Другой сусветнай вайны павінны ўзбагаціць калекцыі абраных сталічных гістарычных устаноў. Магчыма, яны трапяць у Музей Варшаўскага паўстання і Музей Варшавы.
«Мы абавязкова захаваем для сябе адзін асобнік, які ўзбагаціць нашу мемарыяльную палату ў казематах адноўленага палаца», — дадаў Куліньскі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
